Меркаванні1616

Саша Варламаў: Мне было агідна ад усяго і ўсіх — гутарка

Аляксандр Варламаў — вядомы беларускі мадэльер, які быў абвінавачваны ў шэрагу сур'ёзных злачынстваў. 147 тамоў крымінальнай справы, 26 месяцаў за кратамі. Цяпер мадэльер знаходзіцца на падпісцы аб нявыездзе з Мінска, пазбаўлены магчымасці займацца сваёй працай. Мы сустрэліся з Варламавым і пагутарылі пра яго жыццё і філасофію.

«Наша Ніва»: Апошні раз я бачыла Вас на беларускіх тыднях моды. Вы выглядалі вельмі сумным і няшчасным. Давалі інтэрв’ю абсалютна без жадання.

Аляксандр Варламаў: Я асцерагаюся людзей, я пустэльнік, які жыве ў сваёй пячоры.

«НН»: Вы сацыяфоб?

АВ: Можна сказаць і так. Любое з’яўленне на публіцы патрабуе адыгрывання ролі, якой ад цябе чакаюць. Пасля гэтай ролі трэба доўга вяртацца да сябе праз пошукі гармоніі і балансу.

«НН»: Якім чынам Вы знаходзіце свой баланс?

АВ: Гэта ўзаемаадносіны з Богам. Калі вельмі цяжка і я разумею, што ўласнымі сіламі нічога змяніць не магу і ўсе спробы безвыніковыя, ты проста просіш Бога. І як толькі пачынаеш прасіць, Ён табе дапамагае.

«НН»: У Вас 2-я група інваліднасці, вы маеце праблемы з хрыбтом. Гэта далёка не ўсё?

АВ: Праблемы амаль з усім. Маё цела самазнішчалася. Зараз я прыбягаю да працэдуры крыасаўны, калі цябе замарожваюць да тэмпературы мінусы 130 градусаў на 3 хвіліны. Гэта дае моцнае ўзварушанне, арганізм пачынае абнаўляцца, гэта як перазагрузка. Дзякуючы гэтаму я жыву. І, канечне, штодня я п’ю абязбольваючыя.

«НН»: У адным з інтэрв’ю я прачытала, што Вы не любіце расказваць пра сваё дзяцінства, сваю сям’ю. Чаму?

АВ: Ды нікому гэта не было патрэбна, вы першая, хто гэтым зацікавіўся.

«НН»: Тады раскажыце пра свае карані.

АВ: Я нарадзіўся ў Мінску. Мая матуля з Адэсы.

Яе бацькам быў грэк, дваранін. Ён меў маёнтак ля Варвараўцы і дом на Прыморскім бульвары. Ён быў прагрэсіўным дваранінам, які ажаніўся са сваёй прыгоннай, што стала вялікім скандалам у іх колах.

Дзеці выхоўваліся добра, гралі на некалькіх музычных інструментах, ведалі некалькі замежных моваў. У гэтай сям’і і вырасла мая матуля. Яе бацька быў настолькі прагрэсіўным, што вырашыў стаць галоўным механікам парахода. Але аднойчы адбылася бяда, ён трапіў у параходную машыну, у якой яму адрэзала ногі вышэй за калена. Такім чынам ён стаў перасоўвацца на дошцы з коламі. Ён запіў і прапіў усё. Пасля — вайна, якая адабрала апошняе. Сям’я была вымушана шукаць прытулак па багатых сем’ях.

А з боку бацькі былі мяшчане, якім была падаравана зямля для апрацоўкі ў Мінску. Муж бабулі быў целаахоўнікам цара.

Аднойчы тата прыехаў у Адэсу вучыцца ў каледжы электратэхнікі сувязі, дзе пазнаёміўся з матуляй. Прывёз яе сюды, пачалася вайна. Сям’я таты не прыняла матулю, хоць яна была з арыстакратаў, але збяднелых. У выніку матулю гэта дастала, і яна вярнулася ў Адэсу. Але тата паехаў за ёй, угаварыў вярнуцца. І калі яны вярталіся назад на цягніку, падчас бамбардзіроўкі, калі цягнік спыніўся, у полі нарадзілася мая сястра.

У 1984 годзе наш дом з садам зраўнялі з зямлёй і пабудавалі на гэтым месцы стадыён. Таму няма ў мяне ўжо гісторыі.

«НН»: А чым у той час займаліся Вашыя бацькі?

АВ: Матуля працавала на паштамце, а бацька пабудаваў кінатэатр «Перамога». Ён быў намеснікам па будаўніцтве.

«НН»: Якім было Вашае дзяцінства?

АВ: Я ў дзяцінстве амаль не плакаў, ды што там, зусім не плакаў. Гэта тое, што яскрава запомнілася. Матуля мая ніколі мяне не лаяла і ў маё жыццё асабліва не ўмешваліся, рос я пераважна на дахах. Хварэў, праўда, шмат.

«НН»: У дзяцінстве Вы займаліся харэаграфіяй. З-за гэтага мелі канфліктныя адносіны з бацькам. Ён не падзяляў вашых інтарэсаў?

АВ: Ён лічыў, што мужчына павінен быць брутальным. Хоць я рабіў усё па хаце. Дах ладзіў, печку тапіў, дровы рыхтаваў, усе платы ставіў. Але ён усё роўна лічыў, што мой занятак не адпавядае яго ўяўленням пра сына. А я проста любіў класічную музыку і хадзіў у Палац прафсаюзаў.

«НН»: Пасля было харэаграфічнае вучылішча.

АВ: Так, там я закахаўся ў цыганачку. І мне трэба было быць самым лепшым, бо яна павінна была абраць самага лепшага. Мне было неабходна вучыцца толькі на пяцёркі па ўсіх прадметах. А пасля летам маю цыганачку забралі. Я прыходжу ў клас, а яе няма. Так знік мой стымул і інтарэс. Тады нас займалі ўжо ў тэатры, столькі ўсяго рабілі, але стала нецікава і сумна, я перастаў вучыцца, і мяне забралі зноў у школу.

«НН»: А калі пачалі працаваць?

АВ: У школе ў мяне не было сяброў, з аднакласнікамі мне было нецікава, і дзесьці ў 16 год я пайшоў паралельна працаваць на пошту, бо матуля з татам разышліся, трэба было выхоўваць траіх дзетак, таму жылі мы бедна. Шэсць разоў на тыдзень пасля школы я разносіў газету «Вячэрні Мінск».

Потым пайшоў у тэатр. Я трапіў у іншы свет. Там размаўлялі пра Хэмінгуэя, Экзюперы, там я знайшоў першых сяброў. Пасля паехаў у Маскву, паступіў ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, але ў выніку я туды не паехаў, а пайшоў працаваць авіяматарыстам на кукурузніку. Далей армія, авіязавод, Германія, дзе я працаваў авіямеханікам.

Але тэатр не даваў мне спакою, і я зразумеў, што без яго не змагу, таму разарваў кантракт, і ў 25 год паступіў у Інстытут культуры, дзе адразу амаль стаў малодшым навуковым супрацоўнікам (вывучалі беларускую традыцыйную культуру), атрымліваў павышаную стыпендыю і скончыў з чырвоным дыпломам. Пасля сканчэння ўзначальваў навукова-даследчую лабараторыю. Я ў свой час каля 70 артыкулаў у энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» напісаў.

«НН»: Падчас вучобы ў Інстытуце культуры Вас запрасілі працаваць манекенам, як гэта было?

АВ: А адразу на першым курсе нечакана прыйшоў ліст, у якім мяне запрашалі ў Дом моды ў якасці манекена. Я дагэтуль стаўлюся да сваёй знешнасці з жахам. Магчыма, таму што з дзяцінства быў у цені, ціхім і лічыў сябе нічога не вартым.

«НН»: Праца манекенам стала стартам Вашай далейшай кар’еры мадэльера?

АВ: Можна сказаць і так. Стоячы на прымерках, я пачаў цікавіцца ўсім. Чаму такі фасон, чаму такі колер, а не іншы, а чаму яны вырашылі, што гэта добра? Я спачатку гэтага не разумеў. Пасля ездзіў да Зайцава ў Маскву, і ён мне шмат усяго расказваў і паказваў. А з-за таго, што я меў звычку маўчаць і слухаць, то я хутка ўбіраў веды. Так і стаў дызайнерам. Я — самавук.

«НН»: Вы правялі за кратамі 26 месяцаў. Што адчувалі ў той час, калі былі за кратамі?

АВ:

Я зразумеў, што я ізгой, мяне абыходзілі бокам. Не ведалі нават, як паводзіць сябе. Некалькі чалавек сказалі, што я з Месяца зваліўся. Я вырашыў нічога ім не казаць, маўчаў суткамі, днямі, месяцамі, размаўляў толькі з адвакатам.

Самымі страшнымі былі думкі пра тое, што маглі закрануць маю сястру. Я павінен быў прызнаць сваю віну. Але я не прызнаў, я не злодзей.

«НН»: А як да Вас ставіліся сукамернікі?

АВ: Яны мяне не чапалі. Неяк пайшлі размовы, што мяне хацелі «апусціць», я лічыўся на «паўапушчыным» стане, але такім не з’яўляўся. Тым больш я амаль усе 26 месяцаў не падымаўся з ложка.

«НН»: Пасля таго, як Вы выйшлі адтуль, цяжка было адаптавацца?

АВ: Вельмі цяжка. Мне было агідна ад усяго і ўсіх. Я меў высокапастаўленых знаёмых, дзеці якіх вучыліся ў мяне, і ніхто з іх не дапамог. Мне агідны БДУ, агідныя міністры, у магчымасцях якіх было мне дапамагчы. У маіх сукенках іх дзеці выходзілі замуж. Калі мяне арыштавалі, не было за што наймаць адваката, давялося прадаць аднапакаёвую кватэру, каб мяне ўтрымоўваць. Зараз у мяне пенсія адзін мільён, а з яго вылічваюць па законе пяцьсот тысяч.

«НН»: Як Вы выжываеце?

АВ: Мяне кормяць, адзенне ў мяне засталося. Нехта кладзе грошы на тэлефон, нехта яшчэ неяк дапаможа. Зараз я павінен выплачваць БДУ не адзін мільярд, які мне прыйдзецца выплачваць 700 год.

«НН»: Разгляд Вашай справы пачаўся ў 2011 годзе, і ў гэты час Вы мелі спробу скончыць жыццё самагубствам.

АВ: Так, я наглытаўся таблетак, але Бог хацеў, каб зазвінеў тэлефон і зайшла мая сястра. Мяне забралі ў Навінкі, дзе я правёў 2 начы.

«НН»: Можаце вылучыць некалькі іменаў сучасных беларускіх дызайнераў?

АВ: Людміла Лабкова, Святлана Гнедзенак, Алена Фіранчук, Таццяна Марыніч, Апці Эзіеў, Міша Мытнік — тыя людзі, з якімі мне прыемна стасавацца і працаваць.

«НН»: Як вынік усяму, што для Вас мода і ці ёсць яна ў Беларусі?

АВ: Яе няма, проста няма. Мне не цікава займацца модай, мне цікава займацца стылем і густам. Мая задача — зрабіць стыль даступным. Мода — гэта міжсабойчык, гэта працяг ха-джэння шыхтом. А стыль — гэта заўсёды адлюстраванне нашага розуму.

Аляксандр Варламаў нараадзіўся ў 1955 у Мінску. Былы дырэктар ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава», былы мастацкі кіраўнік цэнтра сучаснага стылю і моды Universum models упраўлення па справах культуры БДУ, былы намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» і начальнік Цэнтра маладзёжнай моды БДУ.

Каментары16

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдкага чорнага ваўка забілі паляўнічыя ў Лідскім раёне4

У Вільні праходзіць пратэст перавозчыкаў у сувязі з блакаваннем фур беларускімі ўладамі15

Стала вядома, з кім яшчэ сустракаўся Дзмітрый Лукашэнка ў Інданезіі7

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

Украінскі пастаянны прадстаўнік у ААН, адказваючы расійскай дэлегацыі, дзеля некалькіх словаў перайшоў на расійскую мову26

У «Паўночным Беразе» нешта добра гарыць

Зяленскі паведаміў пра існаванне трох дакументаў, якія датычацца завяршэння вайны ва Украіне

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку5

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу75

Грамадствадапоўнена75

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць