Грамадства11

«Корм — шкуры з мясакамбіната». Мінчукі скардзяцца на пах ад сабачага гадавальніка ў цэнтры сталіцы

На мінулым тыдні сацсеткі ўсхвалявала хваля паведамленняў у абарону жывёл. У Threads пішуць, што ў адным з прыватных дамоў Мінска сабакі ўтрымліваюцца «ў жудасных умовах», прычым гаворка ідзе не пра чарговы «стыхійнік», а пра гадавальнік, дзе пародзістых сабак могуць разводзіць на продаж.

«Корм — шкуры з мясакамбіната, пратухлая рыба, смурод каля дома жахлівы. І гэта ўсё каля гімназіі», — заявіла аўтар допісу. Журналісты Onliner.by з'ездзілі на месца і асабіста пагутарылі з уладальніцай. Яна запэўнівае, што сабакі сытыя і пачуваюцца добра, чысціню на тэрыторыі яна навядзе літаральна за месяц, а скаргі ў інтэрнэце — гэта не больш чым інтрыгі канкурэнтаў.

Гісторыя з гадавальнікам спачатку завірусілася ў Threads, а пазней у рэдакцыю Onliner.by наўпрост напісала аўтарка допісу Аляксандра.

«Сабакі ўтрымліваюцца ў жудасных умовах, у двары, без травы, без выгулу», — звярнула ўвагу дзяўчына і ў пацверджанне сваіх слоў выклала фота.

А вось так выглядаюць самі сабакі пароды чау-чау, якіх злавілі на камеру.

«Там побач з домам немагчыма знаходзіцца без процівагаза. На днях прыехала машына і скінула пратухлую рыбу, што смярдзела, побач з домам. І ёю будуць карміць сабак», — абураецца Аляксандра.

«Патрэбны грамадскі рэзананс»

Як аказалася, пра гадавальнік Аляксандры расказала ўсхваляваная няня, якая рэгулярна гуляе з яе дзіцем у гэтым раёне.

— Няня хадзіла туды апошнія некалькі месяцаў, і яна з гэтай жанчынай [уладальніцай] пазнаёмілася. Тая ёй расказала: «У мяне 20 вялікіх сабак, а колькі шчанюкоў, я нават не лічыла». Ну, то-бок у яе ўвесь час сабакі плодзяцца, яна нават не ведае, якія шчанюкі і калі нарадзіліся. < …> Вось учора няня хадзіла, яна [заводчыца] вынесла аднаго шчанюка чау-чау і двух шчанюкоў кітайскай чубатай, сказала: чау-чау — 500 рублёў і, па-мойму, 300 рублёў за чубатых. < …> І яна ж казала, што на «Авіта» (расійская база аб'яў) прадае, хоць я аб'яву не знайшла на «Авіта». І мне таксама пісалі з «Авіта», што аб'яву не могуць знайсці, але, можа, цяпер яна не выстаўлена.

У каментарах да допісу Аляксандру закідалі пытаннямі, ці напісала яна заяву ў міліцыю. Дзяўчына сумленна адказвае: не, яна лічыць, што перш за ўсё тут патрэбны грамадскі рэзананс. Акрамя таго, паводле яе слоў, на гэтую заводчыцу раней ужо скардзіліся валанцёры, але гадавальнік усё адно існуе.

Вось што пішуць карыстальнікі Threads:

  • «Падпісваюся. Бачыла гэты дом таксама, здымала, пыталася ў сябра, які дапамагаў мяняць законы ў Беларусі па тэме жывёл… Кажа, што сабакі ўсе зарэгістраваныя і нібыта няма падстаў для «адміністратыўкі»… Але ўмовы жахлівыя, хаця б за гэта ўжо трэба прыцягнуць. Давайце аб'ядноўвацца».
  • «Пра гэтую разводчыцу ўжо шмат гадоў вядома. Валанцёры неаднаразова спрабавалі нешта зрабіць, але яна заўсёды аказвалася «чыстая» па законе».
  • «Я бачыла гэты дом… Іх брэх раёну спаць не дае часамі… Можа, варта для пачатку напісаць у адміністрацыю раёна?»

Вядома, што, нягледзячы на адсутнасць заявы, міліцыя праводзіць праверку па гэтай гісторыі — пра гэта расказалі ў прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама. Таксама высветлілася, што сітуацыяй зацікавілася і раённая адміністрацыя горада.

Што вядома пра гаспадыню гадавальніка

Паралельна журналісты вырашылі паглядзець на ўмовы ўтрымання сабак сваімі вачыма і пагутарыць з гаспадыняй: раптам яна апынулася ў цяжкай сітуацыі і насамрэч ёй патрэбна дапамога, а не асуджэнне?

У інтэрнэце сапраўды гугліцца ІП на імя Алена, якое прапануе кліентам паслугі ў катэгорыі «Жывёлы і заатавары». Водгукаў няшмат — журналісты пабачылі негатыўныя. Інфармацыя пра гадавальнік, мяркуючы па ўсім, састарэла, бо тэлефоны, пазначаныя ў бізнэс-каталогах, не існуюць.

Калісьці кампанія заводчыцы значылася ў спісе гадавальнікаў сабак Беларусі, якія займаюцца развядзеннем пароды чау-чау. Журналісты знайшлі спасылку на асабісты блог Алены, у якім жанчына паказвала фота сваіх шчанюкоў і прыдумляла для іх мілыя апісанні («Гэта наш Флірцік, чароўны хахатун», «Фіджы — хітруля. Вельмі не любіць фатаграфавацца. Прыйшлося пасадзіць на скрынку»).

Найбольш актыўна заводчыца расказвала пра сваіх сабак у пачатку нулявых. У 2021 годзе яна стварыла апошні допіс са словамі: «Я вярнулася! Я вярнулася з добрымі навінамі! Але спачатку я навяду парадак у блогах, шмат неразбярыхі». Больш запісаў у блогу не было.

Што змянілася за апошнія пяць гадоў, ці па-ранейшаму шчанюкі разводзяцца на продаж і наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі ў яе адрас з боку мінчан? Усе гэтыя пытанні журналісты вырашылі задаць Алене наўпрост.

«Мы жывём дружнай сям'ёй»

Месца дзеяння — утульны прыватны сектар у цэнтральнай частцы горада. Побач — новабудоўлі і прэстыжная гімназія. З вуліцы дом нічым не вылучаецца. Тэрыторыя схавана ад старонніх вачэй плотам, а таксама сеткай, але ёсць «прасветы», праз якія, відаць, і былі зроблены фота для Threads.

Пах сабак прысутнічае, але ўмераны. Калі не ведаць, што па гэтым адрасе можа быць гадавальнік, можна пра гэта і не здагадацца.

Ля брамы падазрона ціха, але гэта толькі першыя пару хвілін. Вельмі хутка сабакі вылічваюць незнаёмцаў і гучным брэхам сігналізуюць пра гэта гаспадыні.

Праз пяць-дзесяць хвілін бесперапыннага брэху Алена прыадчыніла браму, даведалася, з якой нагоды прыйшлі, і мімаходам паказала ўмовы, у якіх жывуць жывёлы. Пры гэтым на тэрыторыю ўчастка не пусціла — уся размова адбылася каля брамы.

Тое, што журналісты паспелі ўбачыць за плотам, не парадавала. Сабак там сапраўды шмат (некалькі дзясяткаў), у асноўным гэта чау-чау, таксама ёсць, верагодна, кітайскія чубатыя і французскі бульдог.

Жывёлы свабодна бегаюць па тэрыторыі, забаўляюцца тым, што задзіраюць адно аднаго, а адпачываюць у ямах на зямлі ці на старых матрацах. Травы і будак на ўчастку не заўважылі, затое ёсць шмат драўляных палет, бочак, скрынак і гэтак далей.

Пастаяннымі кліентамі грумераў сабак дакладна не назавеш — усе яны маюць патрэбу ў душы і вычэсванні. Хтосьці скажа, што ў вёсках сабакі «плюс-мінус так і жывуць», а вось для гарадскога жыхара карціна хутчэй сумная.

Пры гэтым жывёлы не выглядаюць недакормленымі: мяркуючы па ўсім, ежы ў іх удосталь. Алена катэгарычна адмаўляе, што корміць іх «гнілой рыбай» і «шкурамі», як пішуць у сацсетках. І ўборкай, кажа, займаецца рэгулярна, але сёлета проста «не паспела да вясны».

— Вы ведаеце, ходзіць тут жанчына адна і здымае ўсё праз шчылінкі. Я прыбіраю і мыю сабак кожную вясну, мы жывём дружнай сям'ёй, — каментуе чуткі ў сацсетках жанчына.

— А раскажыце, колькі ў вас сабак.

— Дваццаць, але ў мяне яшчэ шчанюкі ёсць, трохі, на продаж… У нас усё добра. Калі б у нас было дрэнна, нас бы суседзі і гімназія даўно б выселілі. Проста мне зімой прывезлі непатрэбнае мяса ў мяшках і бочку са шкурамі. Снег пачаў раставаць, і я пачала гэта мяса утылізаваць, але пах пайшоў… Але я яго прыбрала за адзін дзень, толькі пачаў снег раставаць, — трохі сумбурна расказвае Алена. — Увогуле, мы гэта ўсё з адміністрацыяй [раёна] вырашылі.

— Хто напісаў у адміністрацыю? Суседзі?

— Не, хтосьці з іх мінакоў: пах быў… Але я яго прыбрала, сумленна кажу, я не кармлю сабак гэтымі шкурамі. Але бочка адна засталася — яе ніяк і нікуды. І я яе прыбірала, а тут жанчына падыходзіла з каляскай: гуляе няня з дзіцем. І яна такая: тут смярдзіць, ой. А я кажу: усё прыбіраю, утылізую… Вось з гэтага ўсё і пачалося.

— А хто вам прывёз гэта мяса? Гэта вы замаўлялі для сабак?

— Не, я не замаўляла. Гэта прывезлі мае сябры з рынку. З гэтага ўсё і пачалося.

— І вы планавалі ім карміць?

— Не, я кармлю фаршам. Фарш я ў такой колькасці таксама купляю, мне прывозяць, але ў мяне ўжо ёсць мясарубка, я ўсё раблю сама. Кармлю іх фаршам, ну, тварагом… Але пратухлай рыбай і шкурамі з мясакамбіната я не кармлю. Мне не падыходзіць такое мяса — яно зімой прымёрзла, і я не магла яго адарваць. І бочку гэтую няшчасную.

«Ратавала сабак з Гурскага, але цяпер пра гэта ніхто не кажа»

Алена абапіраецца на кій: кажа, апошнім часам ёй стала складана хадзіць, трэба заняцца сваім здароўем, але пакуль не да гэтага: пасля зімы назапасілася нямала праблем.

— Летась у мяне была памочніца, мы неяк хутка справіліся. А вось цяпер я трошкі не паспяваю. Але ў мяне ёсць работа мая.

Жанчына згадвае, што ў яе ёсць швейная майстэрня, цяпер па вечарах яна часцей занятая там. Развядзенне сабак павінна сысці на другі план.

— А гэтыя сабакі не для продажу?

— Ёсць «падлеткі», якіх я прадам. Але больш я не вяжу… Я хачу працаваць. Адкрыла майстэрню і проста хачу працаваць.

Алена просіць не фатаграфаваць яе зблізку, дазваляе зрабіць толькі некалькі фота са спіны. Тлумачыць гэта тым, што ў яе ёсць дзеці, таму лішні раз «свяціцца» не хочацца.

— А дзеці вам дапамагаюць?

— Дзеці, па-першае, у ад'ездзе. Мне дапамагаюць суседзі…

— Сабакамі даўно сталі займацца?

— Ужо 36 гадоў, у мяне ёсць «пенсіянеры», «ветэраны» (сабакі). Разумееце, ніхто не кажа пра тое, што я з Гурскага ратавала сабак — чау-чау — раней. Усе казалі, што я бяру сабак, вяжу іх, прадаю без радаводаў, бяру для бізнэсу. А я проста ратавала сваю пароду з Гурскага.

— Чаму менавіта гэтую пароду?

— Не ведаю, але гэта чау, гэта мой першы сабака.

— Чаму вырашылі скончыць з развядзеннем?

— У мяне быў гадавальнік, але чау-чау стаў некамерцыйнай пародай. Ніхто яе не купляе… Ну, толькі чорных смуфаў (кароткашэрсная разнавіднасць пароды чау-чау). І маленькіх не бяруць за мяжой, бяруць сабак дарослых, а дарослых ужо шкада прадаваць… Ёсць сабакі, якіх вяртаюць. Было такое, што 14 гадоў жыў сабака ў людзей, потым вярнулі. Ну што сказаць, гэта «кухня» мая… Ёсць сабакі хворыя, якіх не прадасі. І вось такім чынам фармуецца гэты «акварыум» — гадавальнік. Для людзей недасведчаных, вядома, гэта трэш: тут гэта мяса ляжала, гэтая бочка, я разумею… Але я ўжо гэта прыбрала.

— А раней у вас было больш сабак?

— Раней было больш, гэта ўжо рэшткі. У мяне раней птушка была дэкаратыўная, козы дэкаратыўныя, але я цяпер усё спыніла, цяпер ужо пара курэй толькі ёсць для забавы. А сабакі… Хацела летась за мяжу прадаць, зарабіць, але нарадзіліся не чорныя, а крэмавыя і рудыя. А ў Беларусі не любяць смуфаў. І я паціху цяпер выбіраю дамы сабакам, падлеткам.

Алена кажа, што цяпер у Беларусі ў яе няма аб'яў аб продажы шчанюкоў. Аб продажы сабак за мяжу кажа агульна: «Была такая магчымасць».

— А прышчэпкі сабакам робіце?

— Так, раз у год раблю.

— Яны ўсе зарэгістраваныя?

— Зарэгістраваныя не ўсе, таму што мяняюцца. Але я ўчора пад'язджала, не паспела, сёння паеду і зарэгіструю іх усіх, каб наогул не было праблем.

«Гэта мой двор і маё асабістае жыццё»

— Вы не стаміліся ад такой колькасці сабак?

— Гэта складанае пытанне. Так, гэта абцяжарвае. Але ў мяне няма, як бы сказаць, духу аддаць іх кудысьці. Я прадам сабак, але не так, каб яны сядзелі дзесьці там на бясконцых вязках. Не, калі людзі добрыя і няма грошай, то, вядома, я проста аддам сабаку.

Падчас размовы Алена згадала, што да яе прыходзілі не толькі з адміністрацыі, але і з міліцыі.

— Сказалі, што нармальна ўсё, што сабакі гуляюць. Сабакі на вуліцы — гэта, вядома, пыл, яны ж гуляюць. Ну як яны могуць быць чыстыя? У нас не засыпана жвірам, я гэта разумею. Я цяпер усё падмятаю, смецце выношу. Вы праз тыдзень прыйдзеце — тут ужо наогул зусім іншая карціна будзе.

Але гэта ж мой двор, гэта маё асабістае жыццё. Разумееце, сабакі сытыя. Што самае галоўнае? Каб сабака не валяўся на ланцугу з голымі рэбрамі, разумееце, а быў сыты.

— Сыты і чысты — усё гэта важна.

— Я мыю сабак вясной. Мыю, чышчу на выставу, калі мне трэба ехаць.

Просім Алену паказаць сабаку, якім яна асабліва ганарыцца і якога павязе на выставу. Жанчына выбірае аднаго з чорных чау-чау, але паказаць яго цалкам адмаўляецца: кажа, яго ўсё ж такі яшчэ трэба прывесці ў парадак.

— Алена, можа, вам нейкая дапамога патрэбна? Можа, не хапае рук?

— Мне прапанавалі дапамогу сабакары. Я сказала: можна медыцынскую дапамогу. Але я не бездапаможная. Я ўсё гэта зраблю, але не за адзін дзень, а, напрыклад, за месяц. Мне ж трэба працаваць. Калі б я не працавала, толькі гэта быў мой бізнэс, [то ўсё б зрабіла]. Яшчэ два студэнты да мяне прыйдуць у панядзелак на прыбіранне. Я не магу знайсці работнікаў, прыходзяць адны алкашы ці аферысты, бяруць шалёныя грошы і нічога не робяць. У мяне калісьці памочнік жыў восем гадоў, дык у мяне ўсё блішчэла, таму што быў чалавек, які дапамагаў.

— А дзеці што кажуць?

— Яны шкадуюць мяне, але, вядома, яны былі б рады, калі б я проста працавала… Яны за мяжой. Але ў мяне шмат сяброў, няма праблем, мне дапамагаюць ва ўсім.

Далей Алена пераключылася на думку пра канкурэнцыю — магчыма, менавіта ў гэтым прычына падвышанай увагі да яе гадавальніка.

— Калі б у мяне не было добрых сабак, не было б праблем. Гэта ўсё-ткі, я думаю, канкурэнцыя. Зайздрасць! Можа, і гучна сказана, але калі сабакі добрыя, то гэта, вядома, заўсёды праблема.

Напрыканцы жанчына просіць знайсці яе ў тыктоку і пераканацца, якімі чыстымі могуць быць яе сабакі. А яшчэ яна даслала відэа ўчастка са снегам: «Зімой сабачкі чыстыя і антураж выдатны».

Зоаабаронца: «Праблема з гэтым гадавальнікам доўжыцца ўжо некалькі гадоў»

Думку ўладальніцы гадавальніка пра тое, што тое, што адбываецца за плотам, не павінна цікавіць старонніх, журналісты перанакіравалі старшыні асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Аксане Давыдзенка. Вось як яна пракаментавала гэтую гісторыю:

— У апошні час грамадзяне сталі часцей звяртаць увагу на факты неналежнага ўтрымання і жорсткага абыходжання з жывёламі, у тым ліку з пародзістымі. Гэта станоўчая тэндэнцыя, якая сведчыць пра рост нецярпімасці беларусаў да любых праяў жорсткасці ў адносінах да жывёл.

Са свайго боку мы ў кожнай такой сітуацыі спачатку спрабуем дапамагчы ўладальніку выправіць становішча — незалежна ад таго, ідзе гаворка пра пародзістую жывёлу ці непародзістую. Прапануем дапамогу, кансультацыі. Аднак зоаабарончыя арганізацыі не могуць і не павінны падмяняць сабой уладальнікаў, якія ўзялі на сябе абавязкі па ўтрыманні жывёл і не даюць з гэтым рады.

Што тычыцца канкрэтна гэтага гадавальніка, то праблема доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Раней, па нашай інфармацыі, жывёлы, якія належаць гэтай ўладальніцы, перыядычна знаходзіліся на самавыгуле, што забаронена заканадаўствам. Ці мае месца самавыгул дагэтуль, нам не вядома. На практыцы ў такіх выпадках жывёлы часцей за ўсё аказваюцца незарэгістраванымі, адсутнічае іх абавязковая антырабічная вакцынацыя.

У мінулыя гады, атрымаўшы сігнал ад грамадзян, мы выязджалі на месца. Уладальніца абяцала ліквідаваць парушэнні (спыніць самавыгул, прывесці жывёл у парадак) і адмовілася ад прапанаванай дапамогі. На працягу некаторага часу яна выконвала дамоўленасці, аднак пасля зноў вярнулася да ранейшага ладу жыцця. У сувязі з гэтым, на жаль, мы будзем вымушаны дзейнічаць больш жорстка.

Неабходна праверыць стан здароўя жывёл. Калі будуць выяўлены праблемы ў гэтай частцы, а таксама ўстаноўлена, што жывёлам не аказвалася своечасовая ветэрынарная дапамога, можна ставіць пытанне аб прыцягненні ўладальніка да адказнасці за жорсткае абыходжанне. У выпадку парушэння парадку рэалізацыі прыплоду жывёл (дарослых жывёл), у тым ліку нявыплаты падаткаў, адпаведныя меры прымае інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах.

Адзначу, што заканадаўствам (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 года № 834) кантроль за выкананнем правілаў утрымання хатніх жывёл ускладзены на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. У рамках сваіх паўнамоцтваў яны павінны праводзіць прафілактычную работу, выяўляць факты неналежнага абыходжання з жывёламі і рэагаваць на парушэнні, не чакаючы сігналаў грамадзян ці зааабарончых арганізацый, асабліва ў выпадках, калі такое абыходжанне мяжуе з жорсткасцю.

Што рабіць, калі вы сталі сведкам жорсткага абыходжання з жывёламі

Па словах зоаабаронцы, алгарытм дзеянняў залежыць ад характару сітуацыі:

— калі дзеянні здзяйсняюцца ў вашай прысутнасці (збіванне, катаванне і гэтак далей), пастарайцеся зафіксаваць іх на відэа і спыніць правапарушальніка спосабам, бяспечным для вашага жыцця і здароўя. Неадкладна выклікайце на месца супрацоўнікаў праваахоўных органаў па нумары 102.

Калі гаворка пра доўгае жорсткае абыходжанне (дзеяннях ці бяздзейнасці, якія пацягнулі ці могуць пацягнуць нанясенне шкоды здароўю жывёлы), пажадана таксама зафіксаваць доказы на фота, відэа, заручыцца падтрымкай іншых сведкаў і звярнуцца з заявай у органы ўнутраных спраў альбо выканаўчы камітэт.

Мы рэкамендуем звяртацца менавіта ў праваахоўныя органы, бо ў іх больш досведу ў правядзенні такога роду праверак. Заяву пажадана падаць у пісьмовым выглядзе (і захаваць для сябе фота напісанага), абавязкова выказаўшы ў ёй жаданне быць паведамленым пра рашэнне, прынятае па выніках праверкі.

Усе доказы перадавайце адразу. Калі пазней будуць выяўлены дадатковыя звесткі, якія маюць значэнне для справы, варта падаць хадайніцтва аб іх далучэнні да матэрыялаў праверкі.

Журналісты таксама датэлефанаваліся ў Беларускае кіналагічнае аб’яднанне (БКА) і спыталі, якія дазволы патрабуюцца ад заводчыкаў, каб афіцыйна прадаваць пародзістых шчанюкоў.

— Трэба абавязкова быць членам кіналагічнага клуба, усе дакументы афармляюцца толькі праз клуб. Калі шчанюкі нараджаюцца, праз 45—60 дзён іх павінны агледзець у клубе на прадмет браку, і толькі пасля агляду на шчанюкоў могуць афармляцца радаводы. А хто і як потым прадае шчанюкоў — мы такой інфармацыі не маем. Мы толькі выдаём дакументы.

У БКА распавялі, што ў іх на ўліку знаходзяцца арганізацыі (клубы), а не канкрэтныя заводчыкі. У клубе, членам якога калісьці была ўладальніца гадавальніка, не змаглі аператыўна даць каментар па гэтай гісторыі.

Каментары1

  • Ёсік
    06.05.2026
    Карміць сабак фаршам нельга.

Цяпер чытаюць

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава8

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну61

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі6

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава8

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць