Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу Зьмітра Жалезьнічэнкі на яго арышт і штраф. А Міністэрства адукацыі прызнала законным яго адлічэнне з Гомельскага ўнівэрсытэту. Зьміцер здавацца не зьбіраецца.

Актывіст звярнуўся ў суд з мэтай прызнаць неправамерным яго васьмісутачны арышт і штраф, да якіх прыгаварыла яго суддзя Цэнтральнага раёна Марына Дамненка. З.Жалезнічэнку абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы і непадпарадкаванні міліцыі.
18 верасня З.Жалезнічэнка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па падазрэнні ў згвалтаванні. Яго даставілі ў АУС Чыгуначнага раёна, пасля чаго перавялі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёна і ў той жа вечар памясцілі ў ІЧУ. На наступны дзень суд прыцягнуў яго да адміністрацыйнага арышту і штрафу.
«Можна было чакаць, што абласны суд пагодзіцца з раённым. Каб даказаць сваю невінаватасць, я прапанаваў суддзі Аляксею Шаміхіну правесці следчы эксперымент: ён будзе ехаць на машыне па вуліцы Савецкай, а я ў гэты час буду спускацца ў падземны пераход. Я прызнаю сваю віну, калі ў такім выпадку можна будзе пачуць, як я лаюся матам. А калі верыць супрацоўнікам міліцыі, справа была менавіта так. Яны чулі маю «нецэнзурную лаянку», калі я быў у пераходзе, а яны — у машыне», — расказаў З.Жалезнічэнка.
Нагадаем, 7 верасня выдатнік вучобы, які не меў пропускаў заняткаў, Жалезнічэнка быў адлічаны з трэцяга курсу матэматычнага факультэта Гомельскага універсітэта імя Ф.Скарыны. Адміністрацыя ВНУ матывавала сваё рашэнне «сістэматычным парушэннем правілаў унутранага распарадку». З.Жалезнічэнка звязвае сваё адлічэнне з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Рашэнне адміністрацыі ВНУ аб адлічэнні актывіст абскардзіць у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.
Таксама 19 кастрычніка З.Жалезнічэнка быў выкліканы ў гарадскі ваенкамат.
«У ваенкамаце я адмовіўся запаўняць розныя бланкі на рускай мове, запатрабаваўшы прадаставіць мне дакументы на маёй роднай, а таксама дзяржаўнай беларускай мове. Супрацоўніцы ваенкамата спачатку адмовіліся гэта рабіць, але потым ваенкам усё ж папрасіў сваіх падначаленых перакласці тэсты на беларускую мову», — паведаміў З.Жалезнічэнка.
19 кастрычніка стала вядома, што Міністэрства адукацыі, куды звяртаўся са скаргай на адміністрацыю ВНУ З.Жалезнічэнка, прызнала законным яго адлічэнне.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары