Свет55

Тымчук: Партызанскай вайны ў Данбасе не будзе

Кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ня лічыць апэрацыю Расеі ва Ўкраіне «вайной новага тыпу», і прапанаваў сваё бачаньне змаганьня з тэрарыстамі на ўсходзе Ўкраіны.

— Учора падчас прэс-канфэрэнцыі выконваючы абавязкі міністра абароны Ўкраіны Міхаіл Коваль заявіў, што Расея вядзе супраць Украіны «вайну новага тыпу». Вы згодныя з такім вызначэньнем?

— Я ня бачу вайны новага тыпу. Я б хутчэй пагадзіўся з ацэнкай амэрыканцаў, якія называюць гэтую апэрацыю «гібрыднай вайной». На самай справе баявыя дзеяньні такога тыпу даўно вядомыя. Гібрыдная вайна — таму што ідзе праца дывэрсійных груп разам зь мясцовымі тэрарыстычнымі групоўкамі. Але калі браць асобна пранікненьне дывэрсійных груп з Расеі і асобна дзеяньні мясцовых сэпаратыстаў, то ні ў адным, ні ў іншым няма нічога новага.

Тут трэба гаварыць пра тое, што ўкраінскія сілавікі аказаліся не гатовымі да такога міксаванага падыходу з боку праціўніка. Хоць увогуле гэты факт выглядае вельмі дзіўна. Нават нягледзячы на тое, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны цяпер узначальвае Міхаіл Коваль, які 15 гадоў таму даслужыўся да званьня намесьніка камандзіра корпуса, а пасьля служыў у памежнай службе, і які, адпаведна, наўрад ці вельмі добра валодае сытуацыяй у вайсковай сфэры, украінскія сілавікі маюць добры досьвед удзелу ў міратворчых апэрацыях, у тым ліку ў Іраку, Косава, Аўганістане, краінах Афрыкі, дзе яны неаднаразова сутыкаліся з абсалютна аналягічнымі дзеяньнямі. Нашыя сілавікі нават праводзілі выбары ў Іраку падчас ваенных дзеяньняў. У тым жа Іраку ва ўкраінцаў была цэлая зона адказнасьці — правінцыя Васід — дзе ўжывалася тая самая тактыка: начныя абстрэлы з жылых кварталаў з ужываньнем мінамётаў — тактыка баевікоў Бліжняга Ўсходу.

Такім чынам, армія мае досьвед дзеяньняў у такіх сытуацыях. На жаль, зараз мы ня бачым, каб гэты досьвед быў выкарыстаны хоць нейкім чынам. Хаця пасьля кожнага дзеяньня ў гарачых кропках складаліся вельмі падрабязныя справаздачы і выпрацоўваліся рэкамэндацыі. Напэўна, тут праблема вайсковай бюракратыі, што нічога з гэтага не выкарыстоўваецца.

— Міхаіл Коваль агучыў два сьцьверджаньні, якія супярэчаць адно аднаму. З аднаго боку, ён сказаў, што ў арміі разьвязаныя рукі для адпору тэрарыстам, а з другога — што армія ня можа наносіць удары, бо зброя не высокадакладная, і могуць пацярпець мірныя жыхары…

— Так, я цалкам згодны, што тут пярэчаньне самому сабе. Але таксама я б сказаў, што нават з тэрарыстамі, якія выкарыстоўваюць мірных жыхароў у якасьці жывога шчыта, можна змагацца. Ёсьць такі міжнародны досьвед. Гэта цяжкая задача, але цалкам выканальная.

— Як вы ацэньваеце барацьбу з тэрарыстамі на ўсходзе Ўкраіны?

— Тут складанасьць у тым, што мы зараз стаім на парозе грамадзянскай вайны. Пасьля падзеяў у Адэсе 2 траўня мы ўсё часьцей і часьцей бачым, што на акцыі сэпаратыстаў выходзяць ня толькі мясцовыя жыхары, якім заплацілі, і прадстаўнікі прарасейскіх арганізацый, як гэта было раней, але і звычайныя грамадзяне, атручаныя расейскай прапагандай і абураныя беспарадкамі ў сваіх гарадах. Гэта вельмі небясьпечны працэс, у якім павялічваецца колькасьць мірнага насельніцтва, якое сапраўды паверыла ў лёзунгі тэрарыстаў. Мы бачылі такую сытуацыю ў Марыюпалі, дзе сілавікі былі вымушаныя проста пакінуць горад, каб не ператвараць падзеі ў мясарубку. Як змагацца з тэрарыстамі? Стратэгія такая: трэба аддзяляць тэрарыстычныя групы ад мірнага насельніцтва; першых проста зьнішчаць, а з другімі весьці перамовы і выяўляць грамадзкіх лідэраў, магчыма, шляхам правядзеньня нейкіх выбараў.

— Чаму гэта складана?

— Усё ўскладняецца тым, што за 23 гады незалежнасьці Данбас так і не нарадзіў грамадзкіх лідэраў, апроч тых, якія сталі часткай мясцовага крыміналітэту, і весьці дыялёг зь якімі няма сэнсу. Таму для іх выяўленьня патрэбныя нейкія выбары, што складана тэхнічна. Але зноў жа — складана, але выканальна. Зараз жа весьці дыялёг Кіеву няма з кім.

— Ці гатовыя людзі да партызанскай вайны ва ўмовах фактычнай адсутнасьці стратэгіі ўкраінскай арміі?

— Партызанская вайна — гэта калі мірныя жыхары перастаюць быць мірнымі і кансалідуюцца вакол нейкай ідэі. Цяпер мірныя жыхары здольныя толькі выходзіць на нейкія акцыі пратэсту, але яны ня здольныя на доўгатэрміновае ўзброенае супрацьстаяньне. Мірныя жыхары ня будуць фарміраваць атрады, якія сыходзяць у лес. Тыя, хто цяпер такім займаецца, — гэта тэрарысты, якімі кіруюць з Масквы, якія адтуль атрымліваюць патокі зброі і магутнае фінансаваньне. Але мы ня бачым, каб просты сьлесар дзядзька Вася браў двухстволку і ішоў змагацца.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Лукашэнка пра вызваленне палітвязняў: Хочуць застацца ў Беларусі — калі ласка6

Лукашэнка пра вызваленне палітвязняў: Хочуць застацца ў Беларусі — калі ласка

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская выпадкова перасяклася ў дарозе са спеваком Бі-2 ФОТАФАКТ14

Прыцкераўская прэмія 2026 года дасталася чылійцу, які стварае міражы. Яго эстэтыка крохкасці перамагла манументальны пафас1

Электрамабіль ці аўтамабіль? Чыноўнікі падлічылі, што танней4

Ці шмат сёлета чакаецца кляшчоў, камароў і мошак?4

У прыгарадзе Дэтройта адбыўся напад на сінагогу са стралянінай

Алімпійскі чэмпіён Арамнаў: Нам выгадная працяглая вайна, і Вова ды Саша ў ёй перамогуць29

Сталі вядомыя падрабязнасці падрыхтоўкі тэракта ў маскоўскім «Крокусе» два гады таму5

Англійскі ліс паўтарыў подзвіг янота Сені і цяпер асвойваецца ў Амерыцы3

Пентагон здолеў здабыць сакрэтную расійскую зброю, якая выклікае «гаванскі сіндром», і пратэставаў на жывёлах16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка пра вызваленне палітвязняў: Хочуць застацца ў Беларусі — калі ласка6

Лукашэнка пра вызваленне палітвязняў: Хочуць застацца ў Беларусі — калі ласка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць