23 лютага — спрэчная дата каб віншаваць Абаронцаў Айчыны. Але добрая — каб пачаць развучваць да лета-восені словы патрыятычных песень.
Афіцыйна прыняты ў Беларусі Дзень абаронца айчыны, 23 лютага, дастаўся нам ад Савецкага Саюза. Для некаторых ён стаў Днём мужчын (калі віншуюць нават тых, хто ад войска адкасіў), для некаторых — Днём шкарпэтак, шампуняў і іншых непатрэбных падарункаў. Кажуць па-рознаму і вядомыя беларусы, і простыя людзі на вуліцах. Прэзідэнт Украіны вунь дамовіўся з жонкай, каб тая яго не віншавала 23 лютага.
Міністэрства абароны Беларусі ведае, што 23 лютага 1918 года Мінск быў заняты нямецкім войскам (у горад яно ўвайшло на два дні раней). Але міністэрства лічыць дату «сакральным знакам», бо дзень «асацыюецца са стварэннем і дзеяннем Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якая выратавала чалавецтва ад фашызму».
Праўда, гэты дзень у 1918 годзе звязаны з Чырвонай арміяй зусім іншым чынам: гісторыкі кажуць, міфічнай бітвы за Пскоў не было. Заклік узяць зброю ў рукі быў, ды па выніках Ленін пісаў: «Пакутліва-ганебныя паведамленні аб адмове палкоў захоўваць пазіцыі, аб адмове абараняць нават нарвскую лінію, аб невыкананні загаду знішчыць усё і ўся пры адступленні; не гаворым ужо пра ўцёкі, хаос, бязрукасці, бездапаможнасці, разгільдзяйстве (…) У Савецкай рэспубліцы няма арміі».
Калі тады варта адзначаць беларусам Дзень абаронцаў айчыны? Тут варыянтаў багата: 15 ліпеня ў дзень перамогі ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, 8 верасня ў дзень перамогі пад Оршай у 1514 годзе, 27 лістапада у памяць аб Слуцкім збройным чыне 1920 года… З названых дат сёння найбольш папулярная — 8 верасня. Менавіта тады ў 1992 годзе вайскоўцы прымалі ўрачыстую прысягу на вернасць Беларусі.
Так ці іначай, у «савецкі» Дзень абаронцаў айчыны можна развучыць некалькі песень, якія варта спяваць у дні, годныя насіць імя Дня абаронцы айчыны. Яны не будуць недарэчнымі і на Дзень Волі, што адзначаецца 25 сакавіка ў памяць аб абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.
Плэйліст Абаронца Айчыны
Dzieciuki — Хлопцы-балахоўцы
«Мы не хочам ў кайданах жыць у галечы, лепей вольнаму ў бойцы ганарова легчы», — хіт герояў 2014 года па версіі Tuzin.fm выконваецца ад імя ваяроў БНР пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча.
IQ48 — Просты хлопец
«Бо моцны як зубр, вялізны як БелАЗ — тутэйшы парве ўсіх і адразу», — нефармальнае, але надта трапнае апісанне сапраўднага беларускага мужчыны.
Mauzer — Я застануся
«Неба, зямлю, паветра, свабоду, сэрца, жыццё, усё, што ёсць, усё — ахвярую Беларусі», — хай лірычны герой і не надта моцны целам, у яго шчырасці немагчыма сумнявацца.
N.R.M. — Партызанская
«Мы, партызаны, любім наш край — ачысцім наш край ад чужынскіх зграй!» — песня не толькі была хітом 90-х, але і добра ўпісваецца ў беларускую абаронную дактрыну 10-х.
Neuro Dubel — Свабода
«Свабоду не аддам нікому, свабоду не аддасць ніхто мне», — дзякуй «Дзюбелям» за перакад і выдатнае выкананне хіта «Kocham Wolność» палякаў «Chłopcy Z Placu Broni». Пасля таго, як запіс песні з польскага канцэрту «Solidarni z Białorusią» 2006 года разляцеўся па інтэрнэце, гурт уключыў яго ў альбом «Stasi» у метал-версіі.
Sciana — Павешаным у 1863 г.
«I сёння ў вечны наш працяг, у неба на світанні дня ўздымуць нас, як волі сцяг, якога й Богу нельга зняць», — Караткевіч у выкананні ранняй «Сцяны» гучыць моцна.
Ulis — Падмогі
«З не майго, з непатрэбнага раю ў родны край, дзе змагаўся, дзе быў, я імчуся, бо там адбіраюць усё святое, што знаў і любіў», — не слабей Караткевіч і ў выкананні позняга Ulis.
Vicious Crusade — Айчына
«Край мой ці пакліча на бой? Прачынайся, краю! Краю, зважай, на пагрозу зважай ад варожай зграі», — самае яно, каб спяваць на маршы.
Vinsent — Слава героям
«І не народ ужо рушыць, а вялікае войска. Нам не патрэбны прыгнёт, нам трэба толькі воля», — шкада, што Яська-гаспадар з-пад Вільні не чуў рэп Вінсэнта.
Znich — Мроя
«Мроя мая, паміраю з табой, іду да цябе праз пакуты і боль», — барані Айчыну брутальна, барані Айчыну дзеля каханай!
Гарадскія — Усё, што мяне ў гэтым свеце трымае
«Я дыхаю адным паветрам з Караткевічам, ва мне бяжыць кроў Вітаўта з Ягайлам», — каб не забывалі, чым павязаныя з Айчынай.
Крама — Слуцкая брама
«Чуеш, чуеш лязгат зброі? Чуеш, чуеш варты кліч?» — універсальны хіт ад 1986 года.
Лявон Вольскі — Ворагам
«Даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах, як скачком бяром частакол, што даводзіцца ім дрыжаць у дамах, калі гойсае леў вакол», — надзвычай цікавую філасофію ў стаўленні да ворагаў прапануе Караткевіч.
Ляпіс Трубяцкі — Грай
«Гані быкоў — вярнецца доля», — у 2010 годзе гэтая песня стала амаль народным гімнам, адным з галоўных хітоў «Ляпісаў» нават там, дзе беларускую не разумелі.
Мясцовы час — Наша неба тут
«Наша неба тут! Наша вера тут! Наша воля тут!» — а непаганы варыянт для неафіцыйнага гімну ваенна-паветраных сіл.
Народны альбом — Край ты мой, край
«З намi Анёл-абаронца, будзем стаяць бясконца, пакуль толькi хопiць моцы, пакуль толькi будзем жывы», — нават шкада, што гэтую песню з «Народнага альбому» не спявалі на пачатку XX стагоддзя!
Новае Неба — Мая краіна
«Мая свабода — з ветрам нязгода і асалода супрацьстаяння. Мая свабода — човен падводны памiж Сцылаю ды Харыбдай…» — на любым канцэрце Касі Камоцкай гэтую песню спявае ўся зала.
Стары Ольса — Бітва пад Оршай
«Слава Оршы ўжо не з горшых», — абавязкова да развучвання на 8 Верасня!
Таццяна Беланогая — Тут мы ідзем
«Хто тут гаспадар?» — пытае спявачка ў патэнцыйных Абаронцаў Айчыны.
Юрый Несцярэнка — Агні гараць
«Зруйнуецца, згарыць метал і дрэва. Каменне і шкло — што застанецца нам?» — добрая песня на тэму «героі не паміраюць».
Я нарадзіўся тут — Сонца нам дапаможа
«Мінуць у тумане стагоддзі і сталь спарахнее ўшчэнт, а мы тут былі і мы тут будзем, пакуль існуе гэты свет», — толькі не пытайце, чаму ў аўтара гэтая песня асэнсоўваецца з амерыканскімі індэйцамі.
«Гэй, саколы»
«Гэй, саколы, абмінайце горы, лясы, долы!» — хіт і ў Польшчы, і ва Украіне. Існуе і яго пераклад на беларускую, ды выкананне ў перакладзе, на жаль, не запісанае. У якасці кампенсацыі — рок-версія па-польску ад гурту Hetman.
«Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»
«Няхай жыве магутны, смелы Наш беларускі вольны дух!», — гімн Беларускай Народнай Рэспеблікі абавязаны быць у плэйлісце Абаронца Айчыны.
* * *
Дадавайце артыкул у закладкі да дня, што лічыце Днём абаронца айчыны, ды пішыце ў каментары, якія яшчэ песні лічыце вартымі да нагоды!
-
«Найгоршы канцэрт у маім жыцці»: беларуска паскардзілася на выступ «Іванушак» у Мінску і набрала 2 мільёны праглядаў
-
Прэмія MTV: трыумф Тэйлар Свіфт і эмацыйная прамова Рыты Оры аб удзельніку One Direction
-
«Я не вярнусь дадому, Ваўкалак!». Гісторыя кахання і перараджэння ў новым фэнтэзійным кліпе гурта Irdorath
Каментары