Продаж грузавых аўтамабіляў «МАЗ» на расійскім рынку ў першай палове года скараціўся больш чым у два разы ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Такія даныя прыводзіць расійскае аналітычнае агенцтва Аўтастат, якое спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў Расіі. 

Паводле звестак агенцтва, аб`ём расійскага рынку новых грузавых аўтамабіляў (масай вышэйшай за 3,5 тон) склаў у першым паўгоддзі 24,1 тыс. адзінак і скараціўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года на 46,6%. 

Разам з тым, сведчаць даныя агенцтва, продаж беларускіх грузавых аўтамабіляў «МАЗ» скараціўся ў першай палове 2015 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014-га на 56% да 1.769 аўтамабіляў. 

Асобна ў чэрвені ў Расіі было прададзена, паводле звестак аналітычнага агенцтва, 266 беларускіх аўтамабіляў «МАЗ», што на 64,2 % больш за майскі ўзровень, але менш у параўнанні з чэрвенем 2014-га на 57,3%. 

Асноўнымі канкурэнтамі беларускага МАЗа на расійскім рынку выступаюць КАМАЗ і ГАЗ. Паводле звестак Аўтастата, у першай палове 2015-га ў Расіі было прададзена 7.916 аўтамабіляў КАМАЗ, што на 44% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года і 3.358 аўтамабіляў ГАЗ (на 26,3% менш у параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года). 

Сітуацыя на беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемствах, продаж якіх сёлета істотна знізіўся, разглядалася 19 чэрвеня на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. «На кожным прадпрыемстве павінны быць выпрацаваныя гібкія меры ўласнага рэагавання на наяўныя выклікі і пагрозы», — падкрэсліваў падчас нарады беларускі лідар. 

У хуткім часе пасля нарады Аляксандр Лукашэнка ў канцы чэрвеня «ў мэтах стабілізацыі фінансава-эканамічнага стану асобных прамысловых арганізацый» падпісаў указы, згодна з якімі беларускія машынабудаўнічыя прадпрыемствы займелі магчымасць атрымаць новыя запазычанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?