Свет11

Як Бэнксі ўсталяваў статую ў цэнтры Лондана і што яе чакае

Апошняя праца Бэнксі — вялікая статуя чалавека ў касцюме, які маршыруе ў бездань са сцягам на галаве — з'явілася на плошчы Ватэрлоо-Плэйс у сераду пад покрывам ночы. Гэтае месца знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Лондана, непадалёк ад Букінгемскага палаца і ўрадавых будынкаў. Нягледзячы на высокі ўзровень аховы раёна, мастаку ўдалося аператыўна размясціць манумент дзякуючы прафесійнай камандзе.

Фота: Getty Image

Джэймс Пік, аўтар падкастаў на Бі-бі-сі пра Бэнксі, задаўся тым жа пытаннем, адказ на якое хацелі б пачуць многія іншыя:

«Як ён прывёз прычэп з кранам у такое месца пад аховай і як паставіў на пастамент вялікую пластыкавую статую?»

Па адрывістых кадрах з відэа, якое мастак апублікаваў у чацвер у сваім інстаграме, можна здагадацца, як гэта было зроблена.

На стварэнне статуі пайшло, магчыма, некалькі месяцаў, але ўсталёўваць яе трэба было маланкава.

У відэа паказаны дарожныя конусы, якімі адгарадзілі пляцоўку, вялікая машына, што ад'язджае, апушчаныя апоры аўтакрана, чалавек у аранжавай камізэльцы і чалавек у ахоўных акулярах. Затым у кадры — кран, які падымае статую.

«У яго вельмі вялікая каманда, вельмі, вельмі вопытная каманда, — кажа Пік. — Гэта такія чувакі, якія могуць паставіць сцэну для канцэрта «Металікі» за 24 гадзіны. Класныя хлопцы, прытым вельмі арганізаваныя і прафесійныя».

«Яны, верагодна, вывучылі мясцовасць, высветлілі, што і калі там адбываецца, прыехалі ўначы з трэйлерам-аўтакранам, у самы ціхі час, і, відаць, паставілі статую за некалькі хвілін», — працягвае Джэймс Пік.

Статуя стаіць на плошчы Ватэрлоо-Плэйс, побач са статуямі Эдуарда VII, мемарыялам Крымскай вайны і помнікам Флорэнс Найцінгейл (легендарнай медсястры часоў той жа вайны 1853—1856 гг. — рэд.). Гэта гістарычнае месца, вядомае сваёй велічнай архітэктурай і шматлікімі помнікамі. Яно знаходзіцца непадалёк ад вуліцы Мэл і Букінгемскага палаца. Акрамя таго, побач — шмат урадавых будынкаў, замежных пасольстваў і старадаўніх джэнтльменскіх клубаў на вуліцы Пэл-Мэл.

Што кажуць пра статую

Мяркуючы па каментарах пад допісам Бэнксі, статуя вельмі спадабалася. «Класічны Бэнксі», — піша адзін каментатар. «Заўсёды ў кропку», — падтрымлівае іншы. «Ну скажыце, скажыце ж мне, што яна там на пастаяннай аснове», — просіць трэці.

Статуя, як звычайна бывае з творамі Бэнксі, патрапіла ў навіны не толькі ў Брытаніі, але і ва ўсім свеце.

«Гэта вельмі разумна. Яна вельмі дакладна захоплівае момант, чаго звычайна не атрымліваецца з іншымі статуямі — момант, калі сцяг асляпляе гэтага пафаснага лідара ў касцюме, і ён вось-вось зробіць крок у бездань, і выглядае вельмі недарэчна», — лічыць Джэймс Пік.

«Магчыма, Бэнксі лічыць, што ўсе гэтыя «моцныя лідары» і ваяўнічыя настроі — гэта не вельмі добра», — мяркуе аўтар падкаста пра Бэнксі.

Што кажуць улады

У радзе лонданскага раёна Вестмінстэр Бі-бі-сі сказалі, што яны не давалі дазволу на ўстаноўку статуі і каманда Бэнксі іх не папярэджвала пра свае планы.

«Мы ў захапленні ад таго, што ў нас у Вестмінстэры з’явілася новая скульптура Бэнксі. Цудоўнае дапаўненне да багатай палітры публічнага мастацтва ў горадзе», — адзначыў пры гэтым прэс-сакратар савета.

Што далей?

Раней бывала, што працы Бэнксі кралі, але ў гэтам выпадку крадзеж менш верагодны — проста з-за памеру статуі. Праўда, аднойчы Бэнксі ўжо ставіў скульптуру ў Лондане, і яе неўзабаве ўкралі. Гэта было ў 2004 годзе: ён усталяваў на Шафтсберы-авеню — зусім недалёка ад Ватэрлоо-Плэйс — статую «П’яніца», якая парадыруе «Мысляра» Радэна. «П’яніцу» ўдалося вярнуць праз дзесяць гадоў.

Іншыя працы захаваліся і часам выстаўляюцца ў музеях. Што рабіць з гэтай статуяй, мясцовыя ўлады пакуль не вырашылі.

«Мы прынялі меры для аховы статуі, і пакуль доступ да яе адкрыты, публіка можа ёю любавацца і атрымліваць асалоду», — сказаў прэс-сакратар савета Вестмінстэра.

Каментары1

  • пафас без сэнсу
    03.05.2026
    Моцных лідараў не было з часоў Рэйгана, Чэрчыля і Тэтчэр. Зараз культ "занепакоенасці", слабасці, саступак, замірэння, пілення бюджэтаў і дагаварнякоў.
    Усе ныюць, што ААН нічога ня можа, НАТА нічога ня робіць. Будапешцкі мемарандум спусцілі на тармазах, зброю Ўкраіне баяцца даваць.
    Дзе моцны лідар, які даў бы Пуціну ў зубы з 2014 году? Дзе рашучыя дзеянні кшталту скідвання Мадуры? Чаму Еўропа так цягне соплі з Расеяй, з Іранам? Помнік абы-што, гэта апраўданне бяздзейнасці і нерашучасці. Здзіўляюся з тых, хто захапляецца і лайкае, вы хоць хвіліну падумайце.

Цяпер чытаюць

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г4

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Усе навіны →
Усе навіны

За венгерскія візы цяпер трэба будзе плаціць больш

Хутка выйдзе па-беларуску першы варыянт аўтабіяграфіі Марка Шагала

Украіна ўпершыню выкарыстала ўласную балістычную ракету5

Цягам апошніх дзён на сайт «Нашай Нівы» ажыццяўляецца гібрыдная (ddos/scan) атака. Сёння яна асабліва інтэнсіўная3

Перабежчыка Вайцяхоўскага выключылі са спісу тэрарыстаў3

Рыжанкоў: Беларусь гатовая аднавіць механізмы вайсковай сувязі з НАТА5

Літоўскі ўрад ухваліў забарону беларусам набываць жыллё каля стратэгічных аб'ектаў3

Швейцарскія ледавікі растаюць, за мінулы год страчаная рэкордная колькасць лёду. Чым гэта пагражае?3

Студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту81

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г4

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць