Грамадства2424

Збіты казакамі студэнт пінскага каледжа: Яны ўтрох мяне білі

Зміцер Гардзей: Прычынай бойкі стала тое, што п’яныя расіяне чапляліся да яго дзяўчыны, а ён за яе заступіўся.

Студэнт Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа, якога збілі ўдзельнікі коннага паходу Масква—Берлін, цяпер знаходзіцца ў сябе дома ў Ганцавічах.Зміцер Гардзей прызнаецца, што ніякіх моцных пабояў не мае, «сур’ёзнага нічога і не было, і ўжо ўсё амаль прайшло, хіба толькі сківіца крыху баліць».

Хлопец не вельмі жадае распавядаць падрабязнасці сутычкі ў інтэрнаце каледжа. Вядома толькі, што п’яныя расіяне чапляліся да яго дзяўчыны, а Зміцер заступіўся.

«Яны прыйшлі п’яныя разбірацца са мной наконт дзяўчыны, і ўтраіх мяне збілі, — дадае хлопец. — Увогуле, іх было чацвёра і адзін з іх у выніку расцягнуў бойку. Ніякай міліцыі там не было».

Падчас бойкі расіяне пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзверы і разбілі шкляную вазу ў пакоі пацярпелага. Зміцер пацвярджае, што прычынай бойкі стала яго дзяўчына Вераніка, якая таксама вучыцца ў каледжы і жыве ў гэтым інтэрнаце. Па словах хлопца, п’яныя казакі чапляліся да дзяўчыны, а Зміцер за яе заступіўся.

Сама Вераніка прызналася Еўрарадыё, што «падпісала ў следчых абавязальніцтва пра неразгалошванне» і не мае права нешта распавядаць.

Беларуская міліцыя затрымала траіх удзельнікаў бойкі. Двое сутак расіяне правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС ў статусе падазраваных, а на трэція (10 ліпеня) ім усім выставілі афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іх арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання.

Па словах пракурора Брэстчыны Івана Наскевіча, у рашэнні праваахоўнікаў не трэба шукаць палітычнага кантэксту. Маўляў, закон для ўсіх аднолькавы:

«Нашы сябры-расіяне павялі сябе неадэкватна. Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі тое, што мы заўсёды адэкватна на кожны факт правапарушэння глядзім: калі б яны першапачаткова прынеслі прабачэнні, прынялі б захады па загладжванні нанесенай шкоды, то і мы зрабілі б па-братэрску. Але, на жаль, такіх крокаў насустрач зроблена не было».

Нагадаем, пінскія ўлады ўрачыста, з хлебам соллю, ускладаннем вянкоў ды паказальнымі выступамі сустрэлі ўдзельнікаў коннага паходу Масква — Берлін. Казакам бясплатна выдзелілі для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа. Супрацоўнікі навучальнай установы распавялі, што займаўся ўсім аддзел ідэалогіі гарвыканкама, а дакладней, загадчык сектарам ідэалагічнай працы і па справах моладзі Юры Бушык. Што праўда, спадар Бушык робіць выгляд, што ўвогуле ніякага дачынення да сустрэчы гасцей з Расіі не мае.

«Гэта не ведамасны інтэрнат гарвыканкама, таму мы не маглі туды нікога засяліць, — адразае чыноўнік і, не даючы ўставіць слова, «збягае». — Але я ўстрымаюся ад каментарыяў, усяго найлепшага, да пабачэння!»

Цікава, што начальнік аддзела ідэалогіі таксама нічога не ведае, бо была ў адпачынку і толькі нядаўна вярнулася. Ідэолаг самога каледжа Святлана Пракаповіч, якая дзяжурыла ў гэтую ноч у інтэрнаце і была сведкай бойкі, адмаўляецца размаўляць. Маўляў, без дазволу дырэктара нельга. Дырэктар жа пасля секунднай паўзы кажа, што знаходзіцца ў адпачынку і перанакіроўвае Еўрарадыё ў гарвыканкам. Пагадзіцеся, не зусім звычайная таямнічасць для такой простай справы, як хуліганства!

Дарэчы, паход казакоў працягнуўся не толькі без затрыманых удзельнікаў, але і без… коней. Брэст стаў канчатковым пунктам маршруту коннага паходу ў тым варыянце, як ён быў задуманы. Прайшоўшы ў конным страі ад Масквы да Брэста 1400 км, далей экспедыцыя адправіцца ў скарочаным складзе, а менавіта — без жывёл. Па словах арганізатараў, ім прыйшлося адмовіцца ад першапачатковага фармату праз патрабаванні польскага ветэрынарнага нагляду.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у ноч на 16 ліпеня ўдзельнікі паходу перасяклі на аўтобусе беларуска-польскую мяжу.

Каментары24

Цяпер чытаюць

Аналітык Генштаба, які маляваў карту «адкуль рыхтавалася нападзенне», апынуўся ў СІЗА КДБ за працу на ўкраінскую разведку7

Аналітык Генштаба, які маляваў карту «адкуль рыхтавалася нападзенне», апынуўся ў СІЗА КДБ за працу на ўкраінскую разведку

Усе навіны →
Усе навіны

Іна Кулей: Мілінкевіч перамог смерць, але шлях да поўнага адужання няблізкі6

Санта над Маладзечнам скарыў тыкток

Зяленскі паведаміў пра тэлефонную размову з прадстаўнікамі Трампа

На вайсковым факультэце БДУІР студэнтаў вучаць страляць пад сцягам ПВК «Вагнер» ФОТАФАКТ24

Таргі за пусты лагер пад Мінскам ішлі 8 гадзін. Каму і за колькі прадалі2

У Мінску ў рацэ Лошыца знайшлі цела 38‑гадовага мужчыны1

Бяляцкі: Азаронка ў калоніі цярпець не могуць, выключаюць адразу7

Шматдзетнай адміністратарцы Вікіпедыі Вользе Сітнік далі хатнюю хімію і вызвалілі з СІЗА7

Суд прыняў рашэнне аб высяленні Ларысы Долінай з прададзенай ёй кватэры

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аналітык Генштаба, які маляваў карту «адкуль рыхтавалася нападзенне», апынуўся ў СІЗА КДБ за працу на ўкраінскую разведку7

Аналітык Генштаба, які маляваў карту «адкуль рыхтавалася нападзенне», апынуўся ў СІЗА КДБ за працу на ўкраінскую разведку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць