Прэвентыўны нагляд над Мікалаем Аўтуховічам падоўжаны на паўгода

Прэвентыўны нагляд над былым палітзняволеным Мікалаем Аўтуховічам працягнуты на паўгода. Такое рашэнне 6 жніўня было прынята на паўторным пасяджэнні суда Ваўкавыскага раёна, якое адбылося без удзелу Аўтуховіча, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Мікалай Аўтуховіч
У сярэдзіне ліпеня суд Ваўкавыскага раёна не задаволіў хадайніцтва мясцовага РАУС аб працягу прэвентыўнага нагляду над Аўтуховічам. Аднак неўзабаве на гэтае судовае рашэнне вынес прыватны пратэст выканаўца абавязкаў пракурора Ваўкавыскага раёна. Разгляд пратэсту быў прызначаны на 6 жніўня, але потым працэс перанеслі на дзень раней.
Судовая калегія Гродзенскага абласнога суда 5 жніўня адмяніла рашэнне суда Ваўкавыскага раёна, і справа аб працягу прэвентыўнага нагляду была адпраўлена ў раённы суд для паўторнага разгляду 6 жніўня. Рашэнне судовай калегіі ўсхвалявала Аўтуховіча, і ў яго значна павысіўся ціск, пачаліся галаўныя болі. Раніцай 6 жніўня былому палітзняволенаму стала кепска на працы, яго шпіталізавалі. У выніку суд прайшоў у прысутнасці толькі адваката Аўтуховіча. Мікалай Аўтуховіч дагэтуль знаходзіцца ў бальніцы.
Юрыст Павел Сапелка лічыць, што над былымі зняволенымі, якія цалкам і ў поўнай меры адбылі пакаранне, устанаўліваць прэвентыўны нагляд няправільна, бо гэтая мера прадугледжвае дадатковыя сур'ёзныя абмежаванні правоў. «У дачыненні да палітзняволеных прэвентыўны нагляд выкарыстаны ўладамі ва ўсёй красе: некаторыя з вызваленых палітзняволеных былі асуджаны за парушэнне яго правілаў. Хтосьці, асцерагаючыся незаконнага асуджэння, пакінуў сталіцу», — прыводзіць словы Сапелкі сайт spring96.org.
Прадпрымальнік з Ваўкавыска, ветэран афганскай вайны, грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч у красавіку 2014 года выйшаў на волю пасля больш чым пяці гадоў зняволення па абвінавачанні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў — у яго было знойдзена пяць патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Пасля вызвалення над Аўтуховічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд.
У турме Аўтуховіч адбываў пакаранне двойчы. Першы раз ён быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў і асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі.
У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.
Каментары