Грамадства66

Бацькі Алеся Чаркашына: «Ніхто сына не заменіць. Герой ці не герой»

У Берасьці рыхтуюцца да пахаваньня загінулага ў баях на Данбасе Алеся Чаркашына, які ваяваў на баку ўкраінскіх войскаў. Карэспандэнт радыё «Свабода» пагутарыў зь яго бацькамі — Мікалаем ды Сьвятланай.

Дамоў да Чаркашыных журналіст трапіў разам зь сябрамі Алеся Чаркашына. Бацькі пазьбягаюць увагі журналістаў, яны знаходзяцца ў шоку.

Дома сустракаюць бацька Мікалай ды маці Сьвятлана. У Алеся ёсьць яшчэ два браты — старэйшы ды малодшы за яго. Сьвятлана ў чорнай хусьцінцы, у шафе стаяць фатаздымкі Алеся.

Сябры абмяркоўваюць з бацькамі дэталі неабходнай дапамогі ў пахаваньні, потым бацькі згаджаюцца крыху пагутарыць пра Алеся з карэспандэнтам, катэгарычна адмаўляючыся фатаграфавацца.

— Вы ня ведалі, што Алесь знаходзіўся ў зоне баявых дзеяньняў?

Мікалай: Не, вядома. Ён казаў, што знаходзіцца на вучобе, рыхтуецца да іспытаў на апошнім курсе хрысьціянскага інстытуту.

— Вы кажаце, што апошні раз на сувязь выходзіў у ліпені. Пра што ён распавядаў тады?

Сьвятлана: Мне патрэбна была апэрацыя, то ён тэлефанаваў, пытаўся ў мяне пра апэрацыю. Я казала, што пакуль адкладваецца, бо грошай 7 мільёнаў трэба было назьбіраць. Вось толькі пра здароўе пытаўся, болей абсалютна нічога.

Мікалай: Каротка — усё нармальна, ды ўсё…

Сьвятлана: Спасылаўся, што дорага гаварыць, казаў, што ўсё парадку, ён жывы ды здаровы.

— І не было нават думак пра вайну?

Мікалай: Ды не, ён казаў, што ў Кіеве знаходзіцца, рыхтуецца да іспытаў у сваіх сяброў. А сяброў у яго, як вядома, і там, і там… Казаў, восеньню здача, абарона дыплёму.

— То бок, вы даведаліся пра здарэньне ўпершыню, калі да вас прыйшлі яго берасьцейскія сябры?

Мікалай: Канечне, гэта быў шок! Як кажуць, як гром сярод яснага неба…

Сьвятлана: Я нават у хату не пускала, на калідоры стаялі, потым зайшлі ды просяць: «Дайце сказаць». Зайшлі ды сказалі, я ня верыла…

Мікалай: Ды я і цяпер не магу паверыць, пакуль ня ўбачу. Калі ўбачым, сэрца ёкне па-іншаму.

— У інтэрнэце многія людзі называюць яго героем. Як вы ставіцеся да такога меркаваньня?

Сьвятлана: Для нас — сын.

Мікалай: Тут ніякага гераізму я ня бачу…

Сьвятлана: Ніхто сына не заменіць мне. Герой ці не герой.

— Але вы выхавалі сына, які пайшоў адстойваць свабоду, тую, якую ён лічыў правільнай?

Мікалай: Можа, гэта гучныя словы, але ён быў сапраўды патрыётам сваёй радзімы. За гэта і змагаўся.

Сьвятлана: Ён хадзіў і ў праваслаўную царкву, і ў іншыя, хацеў, каб усе ў міры былі. У яго такая энэргія, каб усіх злучыць у адно.

— А якім было яго дзяцінства, чым захапляўся?

Мікалай: З самага дзяцінства ён быў шпаркі хлопец. На футбол 10 год хадзіў у юнацкую спартовую школу. У гэты ж пэрыяд займаўся яшчэ каратэ і дзюдо. Я яго пытаўся, ці ня цяжка яму ўсё гэта. Не, казаў.

— Адначасова такія нагрузкі?

Мікалай: Адначасова! Футбол, дзюдо, каратэ. А калі трапіў у Менск, то там ужо рукапашны бой. У акадэмію спартовую паступаў, здаў усе спартовыя нарматывы, але потым сказалі, што аднаго балу не хапіла.

— А ці былі вы супраць таго, што ён займаўся палітыкай? Ці ён быў вольны ў поглядах?

Мікалай: Ну няўжо гэта можна забараніць? Гэта ж не пацан нейкі…

Сьвятлана: Ён выбраў такі шлях сабе.

Мікалай: Страху ў яго нейкага не было. Калі я гаварыў наконт КДБ, ён казаў: «Са мной Бог, я не баюся». І былі «добразычліўцы», якія аднойчы яму ў машыне ўсе чатыры колы парэзалі. Ён некуды павінен быў выяжджаць, а яны ўсё гэта адсочвалі, і чатыры колы… А так, наконт яго ніколі пытаньняў у нас не ўзьнікала. Усюды хвалілі — спартовая школа ці звычайная. Дзякавалі за выхаваньне сына.

Сьвятлана: Зь ім ніякіх праблемаў у школе не было. Я зь ім не сядзела, з братамі то сядзела да пятай клясы.

Мікалай: Вось уявіце — урок беларускай літаратуры. Ён вывучваў верш на беларускай мове і ў канцы ўрока расказваў. Такая памяць у яго была.

Стэлефаноўваўся зь яго настаўніцай з Херсону. Яму аднаму дазволілі вучыцца завочна. У іх не было ніякага завочнага навучаньня. Яна была ў захапленьні ад яго, бо ён такі ва ўсім. І пляны ў яго былі яшчэ далей вучыцца, ня памятаю, у якой краіне.

Сьвятлана: Але не дажыў да дня народзінаў адзін месяц.

Мікалай: Так, 27 верасьня яму 33 будзе. Узрост Хрыста.

Алесь Чаркашын быў паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Беларус ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару».

Сваякі ды сябры Алеся Чаркашына кажуць, што ў сувязі зь некаторымі цяжкасьцямі з афармленьнем дакумэнтаў ды транспарціроўкай цела, час пахаваньня будзе вызначаны ў першай палове дня 1 верасьня. Але, верагодна, што пахаваньне адбудзецца 2 верасьня ў сераду.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс20

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс

Усе навіны →
Усе навіны

Судовыя эксперты сабралі табурэтку па кавалках, каб дапамагчы аднавіць карціну забойства1

«Ажыятаж вялікі». Беларусаў запрашаюць на палі півоняў

У Барысаве шпіталізавалі 28 дашкольнікаў1

У Мінск-Свеце адкрылася крама, у якой можна замовіць піцу ў касіра. Зробяць за тры хвіліны2

Палітвязень Кім Самусенка параўнаў свет на моманты яго пасадкі і вызвалення: Усё нядрэнна для еўрапейскай цывілізацыі, а значыць, і для беларусаў23

Нямецкі эканаміст, які паспяхова прадказаў трох апошніх чэмпіёнаў свету па футболе, зрабіў свае стаўкі на 20264

У Барысаве ўчора атруціліся некалькі дашкольнікаў

Амерыканец, які атрымаў прытулак у Беларусі, вярнуўся ў ЗША11

Што гарыць на базе Балтфлоту ў Кранштаце пасля ўдараў УСУ6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс20

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць