Культура157157

На праваслаўным саборы ў Слоніме купал у беларускім стылі замянілі на залатую цыбуліну ФОТА

«Паважаная рэдакцыя «Нашай Нівы»! Звярніце, калі ласка, увагу на тое, што непасрэдна цяпер адбываецца незаконнае знішчэнне гістарычнага аблічча помніка архітэктуры XVII стагоддзя Траецкага сабора (былога касцёла бернардынцаў) у Слоніме!» — напісаў нам у Рэдакцыю чытач N.

А іншы чытач, Сяргей Бусько, прыслаў фота залатой цыбуліны.

«Добры вечар. Не так даўно чытаў ваш артыкул аб царкве вескі Валавель [помнік драўлянай архітэктуры, дзе змянілі купал на цыбуліну]. Учора заўважыў, які здзек запланаваны ў Слоніме. Побач з храмам падрыхтаваны новы купал —­ гістарычны помнік і ўся панарама магдэбургскага горада Агінскага будзе сапсавана», — перажывае Сяргей.

Так выглядаў Траецкі сабор у Слоніме 20 кастрычніка. Фота Сяргея Бусько.
А так ён стаў выглядаць 27-га. Купал стаў непрапарцыйна вялікі, неадпаведны гістарычнаму стылю будынка і залаты. Фота eparhia.by.

Па­-першае, шчыра не разумеем, нашто гэтыя залатыя цыбуліны ўвогуле. Няўжо яшчэ ёсць людзі, якія думаюць, што вера ў Богу памерам цыбулін выражаецца?

Хворым трэба грошы на аперацыі, дзецям трэба грошы на вучобу, нашы лясы патанаюць у смецці — грошы можна патраціць на збор. Карацей, столькі патрэб — а хтосьці мяняе цыбуліны простыя на цыбуліны залатыя.

Ёсць і другі аспект. Гэта помнікі БЕЛАРУСКАГА стылю. Нашы продкі ТАК іх будавалі. Адкуль гэтая прага перабудаваць іх у рускім стылі? Аналагічныя выпадкі былі з будынкам былога дамініканскага касцёла ў Клецку, царквой Барыса і Глеба ў Наваградку і шэрагам іншых храмаў.

Мы распыталі зацікаўленых асоб. Вось што высветлілася.

Так, гісторыя складаная. У XVI стагоддзі на месцы Траецкага сабора ў Слоніме стаяла драўляная праваслаўная царква. Потым пляц перадалі каталікам. У 1635—1645 гадах там пабудавалі касцёл (той самы, які мы бачым сёння). У 1867 расійскія ўлады канфіскуюць будынак і перадаюць праваслаўным. Калі Заходняя Беларусь апынаецца пад Польшчай, храм ізноў аддаюць каталікам. У вайну праваслаўныя забіраюць яго назад.

Храм быў збудаваны з элементамі стыляў барока і ракако, але са стрыманай суровасцю, уласцівай беларускай сакральнай архітэктуры. Усё ў ім было цэльна: інтэр'ер храма, як і яго вонкавае аблічча, вызначаўся суровай прастатой. Старыя абарончыя цэрквы рэгіёна яўна паўплывалі на архітэктара.

Што тычыцца цыбуліны, то яе вырашылі вярнуць яшчэ ў 2012 годзе. Спачатку з’явілася бляшаная, пафарбаваная ў цёмны колер. Вяртанне абгрунтоўвалі фотаздымкамі пачатку ХХ ст., часоў Расійскай імперыі. А сёння вырашылі замяніць старую цыбуліну на новую, «залатую». І нашмат большую, проста гіганцкую.

Фота eparhia.by.
Аднак на гістарычным фота і форма, і памер купала зусім іншыя.

Знайсці адказнага за рэканструкцыю царквы аказалася няпроста.

«Перш за ўсё трэба звяртацца ў мясцовыя органы ўлады, якія павінны весці кантроль і нагляд над такімі пытаннямі. І калі ідуць работы, і іх няма ў дакументах, якія мы ім выслалі, то яны ідуць незаконна», — паведамілі «Нашай Ніве» ва ўпраўленні па ахове гісторыка­культурнай спадчыны Міністэрства культуры.

Тамара Ямеліна, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Слонімскага райвыканкама, заявіла, што дазвол на рэканструкцыю дае іх аддзел. Але ж, па яе словах, адказнасць за выгляд гістарычных помнікаў нясе толькі ўласнік будынка, то бок, БПЦ.

Святар Дзмітры Сёмуха, намеснік настаяцеля Свята­Троіцкага сабора, патлумачыў «Нашай Ніве» з’яўленне новай цыбуліны ізноў жа старымі фотаздымкамі. Хоць купалы на царкве ніколі не былі залатымі.

«Старыя купалы ад часу ўжо здрахлелі і патрабавалі тэрміновай рэстаўрацыі», — апраўдваецца сайт Навагрудскай епархіі.

«Залатых цыбулін там ніколі не было і быць не павінна. Нават формы такой не было тады. Гэта парушэнне гістарычнага вобліку будынка, — абураецца Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Праблема ў тым, што дзяржаўныя службы — Мінкульт, мясцовыя ўлады — узгадняюць заведамыя парушэнні заканадаўства».

Па словах Астаповіча, грамадству цяжка нешта зрабіць тут.

«Летась мы спрабавалі судзіцца з Міністэрствам культуры па пытанні незаконных узгадненняў. Але суды ўсіх інстанцый заявілі адно і тое ж, што прадстаўнікі грамадскасці не маюць права аспрэчваць рашэнні па ўзгадненні дакументацыі», —наракае Астаповіч.

Застаецца звяртацца да сумлення і нацыянальнага гонару святарства, каб не рушылі старыны беларускай, не выдумлялі цыбулі.

Каментары157

Пашпарт Новай Беларусі пачнуць выдаваць з 26 студзеня. Што вядома і як атрымаць?46

Пашпарт Новай Беларусі пачнуць выдаваць з 26 студзеня. Што вядома і як атрымаць?

Усе навіны →
Усе навіны

Фіца прапанаваў Зяленскаму сустрэцца і абмеркаваць транзіт газу. Той адказаў лаканічна11

Гамяльчук сам дадаў сабе тэрмін зняволення, каб апраўдаць прагулы1

У візавым цэнтры Грэцыі па змоўчанні ўключаюць у рахунак неабавязковую паслугу1

Ва ўкраінскі палон трапіў кухар з Неапаля. У Італіі яго асудзілі за сэксуальны гвалт над 9-гадовым дзіцем2

У Расіі заявілі пра захоп украінскага радовішча літыю3

Аб'явілі «экстрэмісцкімі» «Народныя навіны Віцебска»

Пры вяртанні ў Беларусь на святы арыштавалі як мінімум 8 чалавек1

«Такога вязня няма». Цяжкахворага палітвязня катуюць у калоніі пад Віцебскам4

Будаўнічую амністыю прадоўжылі на 3 гады4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пашпарт Новай Беларусі пачнуць выдаваць з 26 студзеня. Што вядома і як атрымаць?46

Пашпарт Новай Беларусі пачнуць выдаваць з 26 студзеня. Што вядома і як атрымаць?

Галоўнае
Усе навіны →