У Новай Зеландыі пачалося галасаванне на рэферэндуме, зыход якога можа прывесці да змены нацыянальнага сцяга краіны. У новазеландцаў ёсць менш за месяц, каб адправіць па пошце свой бюлетэнь, у якім яны павінны выбраць адзін з пяці дызайнаў новага сцяга.

У 2016 годзе пройдзе другі рэферэндум, падчас якога будзе зададзенае пытанне, ці жадаюць жыхары краіны замяніць існуючы нацыянальны сімвал краіны новым.

Цяперашні сцяг Новай Зеландыі ўяўляе сабой сіняе палотнішча з брытанскім «Юніён Джэкам» у левай верхняй чвэрці і чатырма чырвонымі зоркамі з белай акантоўкай у правай частцы.

На думку прэм'ер-міністра Джона Кея, гэты сцяг не адлюстроўвае рэалій сучаснай Новай Зеландыі. Ён таксама скардзіўся, што цяперашні сцяг лёгка пераблытаць з дзяржаўнымі сімваламі іншых былых брытанскіх калоній - у прыватнасці, з аўстралійскім.

Разам з тым Джону Кею прыйшлося прызнаць, што многія новазеландцы не супраць захаваць нацыянальны сцяг такім, якім яны прывыклі яго бачыць.

На агульнанацыянальны конкурс новых дызайнаў паступіла больш за 10 тысяч эскізаў. Не ўсе з іх былі сур'ёзнымі, хоць і сярод адкінутых варыянтаў знайшліся даволі папулярныя.

Так, культавым стаў дызайн сцяга, дзе на чорным фоне намалявана неафіцыйная эмблема краіны — сярэбраная папараць, а таксама птушка ківі, у якой з вока вырываецца зялёны лазерны прамень.

Адабраныя чатыры варыянты сталі вядомыя ў верасні, аднак іх падверглі крытыцы, палічыўшы аднастайнымі і сумнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?