Культура1717

Ксёндз, які пачаў маліцца па-беларуску ў Савецкай Беларусі

Сёння адзначаецца 100-гадовы юбілей рупліўца беларушчыны, перакладчыка Бібліі ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага.

У вёсцы Вішнева Валожынскага раёну ствараюць музэй рупліўца беларушчыны, перакладчыка Бібліі ксяндза Ўладыслава Чарняўскага. 

Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі (1916–2001) — першы сьвятар, які ў пераважна «польскім» касьцёле ў савецкай Беларусі часоў «разьвітога сацыялізму» пачаў маліцца па-беларуску і стварыў у вёсцы сапраўдны нацыянальна-культурны духоўны цэнтар. Сваёй бескарысьлівай адданай працай на карысьць касьцёла і людзей Беларусі, як палічылі ягоныя былыя парафіяне, ён заслужыў музэй.

Музэй ксяндза-беларусізатара

Стварыць музэй ксяндза Ўладыслава Чарняўскага прапанавала мясцовая жыхарка Тэрэза Бітэль, яе падтрымалі іншыя парафіяне, цяперашні вішнеўскі ксёндз айцец Юзэф, мясцовыя ўлады.

Частку экспанатаў ужо сабралі, летась у студзені ў мясцовым Доме культуры была адкрытая фотавыстава, прысьвечаная ксяндзу Ўладыславу Чарняўскаму.

Мясцовыя ўлады абяцаюць выдзеліць пакой для музэя ў Доме культуры.

А галоўнымі арганізатарамі, натхняльнікамі і стваральнікамі музэя застаюцца мясцовыя жыхары. Нефармальны іхні лідэр — Тэрэза Бітэль. Яна захоўвае будучыя музэйныя экспанаты — фотаархіў, бібліятэку ксяндза Ўладыслава, ягоныя рукапісы, асабістыя рэчы — студэнцкую кніжку, пэнсійнае пасьведчаньне, падзякі ад міжнародных арганізацыяў. Тэрэза Бітэль кажа, што празь ягоную спадчыну цяпер адкрывае для сябе ўсю глыбіню асобы сьвятара:

«Разумею наколькі гэты чалавек быў шчыры і добразычлівы, але асабліва яскравым для мяне бачыцца тое, што гэта быў ксёндз-пакутнік. У мяне перад вачыма ягоная выява — у галёшыках, калі слата — шлёп-шлёп-шлёп да касьцёла. Калі ён быў ужо старэнькі, то казалі людзі, што пасьля касьцёла заходзіў да шпіталя, там яго падкормлівалі, лекавалі, а пасьля ішоў дахаты. Вось такі старэнькі, добразычлівы, бескарысьлівы чалавек. І вось па ягонай спадчыне бачна, наколькі ён быў рознабаковы — колькі ён выпісваў часопісаў, колькі кніг.

Ён і мяне хрысьціў, і мая душа празь яго да Бога была даведзеная. Я таму і займаюся ягонай спадчынай, бо, пэўна, гэта мой лёс — нават падчас адкрыцьця выставы, падаецца, ксёндз Уладыслаў гэтаму спрыяў. Калі, да прыкладу, здараліся нейкія складанасьці, то яны хутка і лёгка вырашаліся. Мне падаецца. што ксёндз Уладыслаў, ягоная душа была ўсьцешаная, што мы не забыліся, што мы можам маліцца на беларускай мове. І я таксама за тое, каб кожны народ маліўся на сваёй роднай мове, бо тады ведаеш і разумееш, пра што і як молісься…»

24 студзеня на адкрыцьці фотавыставы ў Вішнеўскім доме культуры былі сотні людзей. Арганізатары кажуць, што яшчэ ніводная імпрэза тут не зьбірала столькі народу: духавенства, сваякі Ўладыслава Чарняўскага, чыноўнікі і мноства вяскоўцаў — нават ня ўсе здолелі зьмясьціцца, кажа загадчыца бібліятэкі Алена Жвірко:

«Ксёндз Уладыслаў імшу праводзіў па-беларуску так, што ўсё ўсім было зразумела. Ён усіх людзей гэтак паважаў і цаніў, што ўсе паштоўкі, якімі яго віншавалі са сьвятамі — ён кожную ўкладаў у альбом — у нас усё гэта захавалася».

Крыніца беларускасьці

Вёска Вішнева, што ў Валожынскім раёне, — невялікае паселішча на шляху зь Менску ў Гальшаны і непадалёк ад старажытнага Крэва. Мясцовы касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі стаіць на высокім узьбярэжжы ракі Гальшанкі, нібыта выйшаўшы з рамантычных аповесьцяў Уладзімера Караткевіча. Старажытную гісторыю вёскі і касьцёла, якая сягае пятнаццатага стагодзьдзя, працягваюць выбітныя зьявы, падзеі і асобы нашых часоў.

Адна зь іх — крыніца, якая, паводле паданьняў, зьявілася на месцы аб’яўленьня Маці Божай і чыніць цуды ўздараўленьня. Нават у зімовае вясковае бязьлюдзьдзе да крыніцы ідуць жыхары Вішнева і ваколіцаў. З пашанаю моляцца Маці Божай ды з удзячнасьцю ўзгадваюць свайго выбітнага земляка, сьвятара Ўладыслава Чарняўскага, які стаў крыніцай беларускасьці для многіх зь іх.

Ля крыніцы сустракаем жыхарку суседняй зь Вішневам вёскі — Казіміру, жанчыну пэнсійнага веку:

«Сёньня сьвята сьвятой Агаты — сьвенцяць ваду і хлеб — вось прыйшла да крыніцы сьвятой вады набраць. Але кожнага разу прыходзім да каплічкі, набіраем ваду, вой — сюды гэтулькі народу ідзе па ваду, здалёк на машынах прыяжджаюць — цэлымі бітонамі набіраюць. І многім людзям дапамагае».

Карэспандэнтка: «А ксяндза Чарняўскага памятаеце?»

«Канечне, як жа ня памятаць? Ён гэтакі добры быў! Вучыў нас усяму добраму, рэлігійнаму. Гэта быў чалавек ад Бога пасланы».

Карэспандэнтка: «А на якой мове вучыў?»

«На беларускай. Да яго па-польску маліліся, а пры Чарняўскім на беларускую мову перайшлі, толькі па-беларуску».

Карэспандэнтка: «Шануюць ягоную памяць?»

Спадарыня старэйшых гадоў: «Канечне. Я калі бываю, то абавязкова каля ягонай магілкі пацеры адгаворваю».

Да размовы пра айца Ўладыслава Чарняўскага далучыўся Матэвуш Канстанцін з суседняй вёскі Сайкоўшчына:

«Некалі мяне маленькага мама прыводзіла да гэтай крынічкі пакаштаваць вадзічкі, а пасьля да ксяндза Чарняўскага ішлі, і ён нас навучаў, вёў да першай камуніі, прымаў споведзі. Я празь яго да Бога прыйшоў і пры ім усё жыцьцё пражыў».

Карэспандэнтка: «А ці ведалі вы, што ён перакладаў на беларускую мову Біблію, што пісаў вершы?»

«Ня толькі ведалі — ён і нас беларускай мове вучыў. Польскую мову ён ня надта любіў і перакладаў на беларускую, каб беларусы разумелі ўсё, асабліва маладыя людзі. Чаму ж яго ня будуць паважаць — усё сваё жыцьцё гэтаму прысьвяціў».

50 гадоў служэньня

Усё жыцьцё, вучоба, сьвятарскае служэньне Ўладыслава Чарняўскага зьвязанае зь ягонымі роднымі мясьцінамі — Гальшаны, Крэва, Вільня, Вішнева — дзе нязьменным пробашчам у касьцёле сьвятар заставаўся амаль пяцьдзясят гадоў. Гэтыя гады прыпалі на пэрыяд хрушчоўска-брэжнеўскага атэізму, калі адкрытымі былі адзінкі храмаў. Вішнеўскі касьцёл не перапыняў сваёй дзейнасьці ніколі, і перадусім гэта заслуга ксяндза Ўладыслава, сьцьвярджаюць вяскоўцы. Больш за тое — у тыя часы застойнага сацыялізму і панаваньня дэнацыяналізаванай савеччыны ксёндз Уладыслаў пачаў пераводзіць службы з польскай на беларускую мову. І супрацьстаялі гэтаму ня толькі савецкія ўлады, але і самі вернікі, звыклыя да польскамоўных службаў, кажа мясцовая жыхарка Ірына, якая служыць у касьцёле:

«Былі спрэчкі з-за беларускай мовы: ксёндз патрабаваў, каб па-беларуску маліліся, а парафіяне патрабавалі, каб маліцца па-польску, не хацелі па-беларуску. А ён усё роўна рабіў пераклады на беларускую мову. Пасьля ўжо, калі старэйшыя адышлі, то стала вальней, пайшло ўсё па-беларуску. Але і нам было цяжка, бо нас таксама навучалі па-польску. Нават мой тата — ён таксама па-польску хацеў, і калі загаворыць да ксяндза па-польску, дык ксёндз не любіў гэтага. Не любіў і калі па-расейску хто зьвяртаўся. Але калі хто прыяжджаў зь Літвы, то размаўляў зь імі па-літоўску, калі з Польшчы, то па-польску — ён кожную мову паважаў. Але тут ён хацеў, каб усё было па-беларуску. Вядома, ягоная заслуга адносна беларускай малітвы вельмі вялікая. І цяпер у нас моляцца па-беларуску, пасьля ксяндза Чарняўскага ўсе ўжо прывыклі».

Вядомасьць ксяндза Ўладыслава Чарняўскага ўжо ў 70-я гады выйшла далёка за межы Вішнева. Усе наступныя гады, якія папярэднічалі новаму беларускаму Адраджэньню, па роднае слова і духоўную навуку па-беларуску да ксяндза Ўладыслава ехалі ня толькі вернікі з усяго навакольля — уся сталічная творчая і культурная інтэлігенцыя, моладзь зь нефармальных суполак — фактычна Вішнева стала адным з духоўных цэнтраў усёй Беларусі.

Тагачасны папа Рымскі Павал VІ хацеў прызначыць ксяндза Ўладыслава першым біскупам Беларусі, але, ведаючы асобу сьвятара і ягоную ўплывовасьць, гэтага не дазволілі савецкія ўлады… Менавіта на замову папы Рымскага ксёндз Уладыслаў Чарняўскі пераклаў на беларускую мову Новы і Стары Запаветы, якія выйшлі з друку незадоўга да ягонай сьмерці ў 2001 годзе. А некаторыя зь вершаў, якія таксама пісаў ксёндз Уладыслаў, былі пакладзеныя на музыку і па сёньня выконваюцца ў вішнеўскім касьцёле.

Наступнік стаў пасьлядоўнікам

Цяперашні пробашч вішнеўскага касьцёла айцец Юзаф кажа, што ад свайго папярэдніка атрымаў багатую духоўную спадчыну:

«Перадусім хацеў бы падзякаваць ксяндзу Чарняўскаму за добры прыклад сьвятара, які ахвярна і дасканала служыў у межах гэтай зямлі Божаму люду. Мне застаецца толькі браць яго за прыклад у служэньні настолькі, наколькі дазваляюць мне сілы і магчымасьці. Каб рабіць тое, што ён рабіў і што даручае нам Бог».

Айцец Юзаф вядзе службы ў вішнеўскім касьцёле па-беларуску, як просяць парафіяне. Традыцыя не перарваная. У гэтым ён стаў пасьлядоўнікам айца Ўладыслава.

На разьвітаньне зь Вішневам Тэрэза Бітэль прачытала верш Уладыслава Чарняўскага, які ксёндз прысьвяціў сваёй маці:

З табою ў думках часта размаўляю,
Любая мамка, галубка мая!
Чым я аддзячу — сам я ня знаю…
Хіба за сэрца — сваім сэрцам я.

А яшчэ Тэрэза Бітэль запрасіла на адкрыцьцё музэю ў дзень 100-годзьдзя ксяндза Ўладыслава Чарняўскага — 14 студзеня 2016 году.

Каментары17

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА124

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Што будзе з домам у Гомелі, дзе выбухнуў газ і загінула жанчына пад абломкамі?3

Вось як працуюць новыя мабільныя камеры на дарогах Міншчыны3

Ціханоўская пра Бабарыку і Калеснікаву: Не бачу праблемы, калі яны будуць развіваць сваю партыю21

Ва Украіне яшчэ адна гучная карупцыйная справа. Сярод падазраваных — дэпутаты «Слугі народа»6

280 парушэнняў! ДАІ злавіла вельмі недысцыплінаванага кіроўцу3

Пуціну паведамілі пра захоп Гуляйполя3

Міндзіча — фігуранта гучнай карупцыйнай справы ва Украіне і паплечніка Зяленскага — знайшлі ў Ізраілі. Што ён сказаў?2

Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры

Пуціла і Бяспалаў зняліся ў новым кліпе «Дай дарогу!»13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА124

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць