Грамадства8282

Ці ядуць у вас з магіл на Радаўніцу?

Некалькі гадоў назад Сяргей Гудзілін фотарэпартажам «Меню для продкаў» шакаваў значную частку чытачоў «НН». Сяргей з’ездзіў на Радаўніцу на адны з могілак Барысава ды зняў, як людзі ядуць з магіл.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Колькі было абураных каментароў: «Дзікунства!», «Ганьба», «Брыдка», «Сорамна за фатографа». Мабыць, сапраўды жыхара поўдня Беларусі такое відовішча можа шакаваць.

Я пасля гэтай публікацыі яшчэ спытаўся ў сваёй бабы, ці заўсёды існавала гэтая традыцыя, ці не праява яна новага часу. Не, кажа баба, колькі сябе помню, так было. Баба нарадзілася ў Бярэзінскім раёне, большую частку жыцця пражыла на Барысаўшчыне.

На Радаўніцу абавязкова накрывалі магілу абрусам, застаўлялі яго няцотнай колькасцю страваў. Радаўніца — гэта той дзень, калі жывыя прыходзяць у госці да нябожчыка. На Дзяды наадварот: нябожчыкі прыходзяць да жывых. І на Радаўніцу, і на Дзяды важным з’яўляецца сумесны з памерлымі стол, за якім можна абмеркаваць навіны, падзяліцца радасцю і горам.

«Сумеснае сталаванне жывых і памерлых — водгулле паганскай трызны. І тая кропля гарэлкі, і мядовая сыта, і кавалак пірага — гэта матэрыяльнае ўвасабленне вельмі даўняй ідэі патрэбы духоўнага кантакту. Ежа — гэта матэрыяльны знак яднання», — пісала культуролаг Таццяна Валодзіна.

Так, абавязкова некалькі кропель гарэлкі ліліся проста ў зямлю. А яшчэ перад тым, як засцяліць могілкі абрусамі (засцілаюцца могілкі ўсіх сваякоў), а не толькі тая за якой ядуць, па магільнай зямлі качаецца пафарбаванае яйка. Потым гэтае яйка трэба пакаштаваць першым.

Кажаце, што дзікунства. Раскажыце маёй 80-гадовай бабе, што гэта дзікунства. Раскажыце яе продкам, якія рабілі гэтак сама.

Выглядае, што гэтай традыцыі звыш тысячы гадоў. Існуе версія, што такая традыцыя амаль цалкам супадае з колішнім арэалам рассялення крывічоў. Таму яна бытуе на Міншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне. А вось на той жа Гомельшчыне, здаецца, традыцыя есці з магіл не так развітая. На Гродзеншчыне і Брэстчыне такога няма зусім.

Варта прызнаць, што часам традыцыя есці з могілак на Радаўніцу ператвараецца ў ганьбішча, калі людзі напіваюцца, спяць проста на магілах. Такіх, на жаль, таксама не бракуе. Але п’янства – гэта агульная бяда нашага часу. І не традыцыі Радаўніцы вінаватыя, што многія людзі страчваюць чалавечае аблічча.

Беларусь — вялікая краіна. У многіх рэгіёнах свае непараўнальныя традыцыі і звычкі. Калі нечага не рабілі ў вашым рэгіёне, то гэта не значыць, што такой з’явы не існуе і не існавала ніколі. Заставайцеся больш цярпімымі адзін да аднаго, не спрабуйце ўсіх прыраўняць у адны шэрагі, у нашай разнастайнасці — сіла.

Каментары82

Цяпер чытаюць

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты8

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты

Усе навіны →
Усе навіны

Урад Літвы разглядае ўвядзенне надзвычайнага становішча з-за пагрозы метэазондаў12

Крышціяну Раналду інвеставаў у заснаваны беларусам стартап3

У Мінску прадаюць вагон з бізнэс-салонам. Цана, як за некалькі кватэр

Анамальнае цяпло чакаецца ў другой дэкадзе снежня3

Памёр акцёр Кэры-Хіраюкі Тагaва — зорка Mortal Kombat4

Экскурсаводка расказала, як выхоўвае дачку па-беларуску і складае для яе песенькі пра штодзённыя рытуалы15

Тэлефоннай размовы Пуціна і Трампа пакуль не плануецца

Украіна атакавала НПЗ у Сызрані і марскі порт у Краснадарскім краі

Як жывуць людзі ў самай халоднай вёсцы планеты — там бывае мінус 71°C6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты8

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць