Грамадства77

Школьніца, якая здала тры ЦТ на 100 балаў: «Гадзіна беларускай мовы на тыдзень — гэта вельмі мала»

Ва ўсёй краіне толькі тры чалавекі здалі ўсе тры іспыты на цэнтралізаваным тэставанні на 100 балаў. 

Сярод іх мінчук і адразу дзве выпускніцы бабруйскай гімназіі №3.

З адной з іх, Ірынай Івах, звязалася «Наша Ніва».

Ірына Івах. Фота са старонкі дзяўчыны УКантакце.

Дзяўчына здала на 100 балаў беларускую і англійскую мовы, а таксама грамадазнаўства. Кажа, што сама такога не чакала. 

«Калі ўбачыла першыя 100 балаў, здзівілася. Зразумела, што ёсць шанец паступіць, куды хачу, — распавядае «Нашай Ніве» Ірына. — Потым былі другія 100 балаў. Вельмі ўзрадавалася: вось, думаю, дакладна прайду! А калі прыйшла трэцяя смс з вынікамі, то адразу паказала сяброўкам: «Гляньце, можа, мне ўжо мроіцца».

Дзяўчына кажа, што хоча паступіць у БДУ на факультэт міжнародных адносінаў, знайсці сваё месца ў жыцці і стаць прафесіяналам. Кім дакладна яна будзе, яшчэ не вырашыла: пакажа час. Найхутчэй, яе прафесія будзе звязаная з дыпламатыяй.

«Рэпетытар у мяне быў толькі па грамадазнаўстве. Па беларускай і англійскай мовах хадзіла з 10 класа на школьныя факультатывы», — падзялілася Іра і прызналася, што не выдатніца — ёсць васьмёрка па хіміі.

Дзяўчына кажа, што беларускую мову здавала з прагматычных меркаванняў. 

«Мяне пераконвалі, што наша мова прасцейшая за рускую. Што заданні на ЦТ лягчэйшыя, — патлумачыла Іра. — Мая настаўніца казала, што школьная праграма па беларускай мове вельмі скалечаная. Гадзіна на тыдзень — гэта вельмі мала. Я таксама думаю, што трэба, каб было больш. Мне, дарэчы, Шамякін падабаецца. Любімая кніга — «Сэрца на далоні», — дзеліцца абітурыентка. 

Аднак так мала гадзін беларускай мовы — не адзіны недахоп, які бачыць Ірына ў школьнай адукацыі. 

«Прадметы ў школе даюць па-мінімуму, — мяркуе дзяўчына. — Больш працуеш дома. Хатняе заданне і падрыхтоўка да экзаменаў займаюць вельмі шмат часу. Хутчэй, займаешся самаадукацыяй. А самі падручнікі трэба было б перапісаць дасціпнай мовай. Каб прачытаў і адразу зразумеў, пра што ідзе гаворка. Бо даводзіцца па некалькі разоў перачытваць, пакуль усё ўцяміш. Таксама зменшыла б колькасць дамашняга задання. У старэйшых класах вялізныя аб'ёмы. Шмат непатрэбнага. Не ўлічваецца, што і адпачыць трэба, і пагуляць, яшчэ штосьці зрабіць».

На думку Іры, тыя, хто крытыкуюць ЦТ, у чымсьці маюць рацыю, але не ва ўсім. 

«Дзесьці вусны экзамен пры паступленні і лепей, каб ацаніць здольнасці абітурыента, а недзе і не. Мне пісьмовы лягчэй было здаваць. На вусным я б перахвалявалася і не ведаю, ці сказала б там хоць што-небудзь», — мяркуе Іра. 

Дзяўчына таксама дадае, што за такі выбітны вынік на ЦТ бацькі купілі ёй пуцёўку на мора ў жніўні. Яе бацька — вядучы інжынер на «Белшыне», а маці — доктарка ў дзіцячай паліклініцы.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА4

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

Магчымы мокры снег. Сіноптыкі прагназуюць абвал тэмпературы на 12—15 градусаў1

Кім Чэн Ын сустрэў Лукашэнку ганаровай вартай на белых конях10

Орбан заявіў, што спыняе пастаўкі газу ва Украіну

«Лукашэнка любіць лаяцца матам, ты лаешся ў адказ. А гарэлку я выліваў на падлогу». Коўл распавёў пра візіты ў Мінск42

Вялікая сума наяўных грошай, паўтысячы патронаў. Што вядома пра справу затрыманага ў Харкаве беларуса-добраахвотніка7

OpenAI закрывае Sora — нейрасетку для генерацыі кароткіх відэа

У Запарожжы ўзнагародзілі ваяроў Палка Каліноўскага1

У Жлобіне згарэў МАЗ ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА4

Як беларусы ў Вільні адзначылі Дзень Волі ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць