Грамадства1010

Анісім: Я хачу, каб у мяне было шмат саюзнікаў у гэтым новым парламенце

У перадачы «Інтэрвію тыдня» — новаабраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім. Яна адказвае на пытаньне, ці можна яе назваць апазыцыянэркай, тлумачыць, якія каштоўнасьці будзе адстойваць у Палаце прадстаўнікоў, і заяўляе, што яна беларускамоўная «24 гадзіны ў суткі». Зь ёй гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Звычайна, калі разважаюць пра вынікі парлямэнцкіх выбараў, то кажуць, што ў Палату прадстаўнікоў трапілі дзьве апазыцыянэркі. Але іншыя аўтары робяць удакладненьне, што, фармальна кажучы, прадстаўніца апазыцыйнай партыі — толькі Ганна Канапацкая з АГП. Ці можаце вы сабе ахарактарызаваць як апазыцыянэрку, чалавека з апазыцыйнымі цяперашняй уладзе поглядамі?

— Я належу да дэмакратычнай супольнасьці. Я прадстаўнік грамадзкай арганізацыі, якая ніякім чынам дзяржавай не падтрымліваецца, у тым ліку і фінансава. Я сябе акрэсьліваю як сярэднестатыстычны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае свае погляды на разьвіцьцё краіны, і яны не заўсёды супадаюць з афіцыйным курсам.

У грамадзтве, вядома, ёсьць людзі, якія маюць больш радыкальныя погляды на сытуацыю, якая ў нас склалася. Лічыць мяне апазыцыянэркай ці не — для мяне гэта справа другасная. Для мяне больш важна данесьці тыя погляды, якія існуюць у грамадзтве, у тых выбарцаў, ад імя якіх я прайшла ў Палату прадстаўнікоў. Каб яны прагучалі, каб праблемы, якія хвалююць людзей і замінаюць разьвіцьцю краіны, былі абазначаныя. І каб па іх былі прынятыя адэкватныя рашэньні.

— Што больш прадуктыўна для вас як дэпутата — сканцэнтравацца на нейкай адной праблеме, той жа беларускай мове? Ці варта паспрабаваць прасунуць адразу ўсе рэформы ў самых розных сфэрах?

— Я не лічу магчымым для аднаго чалавека прасоўваць усе рэформы. Я буду канцэнтравацца на некалькіх ключавых момантах, але ня буду абмяжоўвацца толькі праблемамі беларускай мовы. Бо сёньня ёсьць шмат пытаньняў і рэгіянальнага, і агульнабеларускага ўзроўню, якія трэба рашаць. І ў гэтым сэнсе я разьлічваю на разуменьне і падтрымку тых дэпутатаў, якія прыйшлі ў парлямэнт не адседжвацца, а працаваць, хто адчувае сваю адказнасьць перад выбарцамі і краінай.

Што будзе першым — залежыць ад таго, як будуць падрыхтаваныя законапраекты. Людзей сёньня хвалюе перш за ўсё сацыяльна-эканамічны стан, заробкі, пэнсійная рэформа. Як можна спакойна працаваць, аддаваць краіне сілы, час — і ў выніку апынуцца з тым мізэрным пэнсійным дадаткам, на які нават немагчыма нармальна жыць?

— Як вы ўяўляеце стылістыку сваіх паводзінаў зь іншымі дэпутатамі? Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце на пачатку 90-х часам вельмі актыўна кляйміла дэпутацкую большасьць, але часам і спрабавала перацягнуць дэпутатаў з гэтай большасьці на свой бок. Дык што галоўнае — сказаць праўду, часам вельмі непрыемную для большасьці, ці шукаць нейкую агульную мову зь імі?

— Вельмі добра вы прыгадалі гэты прыклад. Досьвед працы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня шмат чаму нас навучыў. Я сваю працу ў парлямэнце разумею так — для таго каб цябе пачулі і ўспрынялі, трэба вельмі сур’ёзна рыхтавацца. Бо ад таго, зь якой інтанацыяй, настроем, энэргіяй будзеш прамаўляць — ад гэтага залежыць і вынік. Таму, перш чым штосьці гаварыць і выносіць на разгляд — буду вельмі сур’ёзна рыхтавацца. Абдумваць, раіцца, кансультавацца і пераконваць. Я хачу, каб у мяне было шмат саюзьнікаў у гэтым новым парлямэнце.

— Ужо цяпер даводзіцца чуць пра нейкія завышаныя чаканьні ад вашай дэпутацкай дзейнасьці. Вы ўжо сустракаліся з гэтым?

— Сустракаюцца і завышаныя, і заніжаныя патрабаваньні. Заніжаныя зьвязаныя з тым іміджам парлямэнту, які склаўся за апошнія гады. Маўляў, дэпутаты мала што робяць і ад іх нічога не залежыць. Таму выснова такая — добра, што такі чалавек прайшоў у парлямэнт, там будзе гучаць беларуская мова. І калі нешта хоць зробіць — то гэта ўвогуле выдатна. Ёсьць і завышаныя — каб я вырашала як мага болей праблемаў.

У дадзеным выпадку я павінна сама вырашаць, чым я буду найперш займацца. Вядома, канцэнтравацца буду і на тых праблемах, якія ёсьць у акрузе. Але, вядома, ня буду забывацца на праблемы агульнадзяржаўнага ўзроўню.

— Не прыходзіла ў галаву ідэя стварыць нейкую дэпутацкую групу ў падтрымку беларускай мовы?

— Пакуль ня думала пра тое, каб ствараць такую групу. Я мяркую, дастаткова таго, што я ўвесь час сама выступаю па-беларуску. Вельмі важна, каб парлямэнт прыняў рашэньне, што ўсе дакумэнты і законапраекты рыхтуюцца адразу на абедзьвюх дзяржаўных мовах. Гэтае рашэньне дазволіла б гаварыць пра сапраўдную дзяржаўнасьць беларускай мовы, ва ўсякім разе на заканадаўчым узроўні.

— Ці лічыце вы неабходным паставіць пытаньне аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай і нацыянальнай каштоўнасьці?

— Я ведаю, што нават распачалася грамадзкая кампанія за гэта. Я падтрымліваю гэтыя захады і лічу, што напярэдадні стагодзьдзя ад таго часу, як быў створаны гэты сьцяг, гэта было б лягічным рашэньнем. Тым больш што грамадзтва нармальна ўспрымае бел-чырвона-белы сьцяг. Асабліва варта ўзгадаць, што менавіта з гэтым сьцягам у 1991 годзе паўстала новая краіна — Рэспубліка Беларусь.

— Людзі ў сацыяльных сетках заўважылі вашую цытату з інтэрвіюСвабоды адразу пасьля абраньня: «Жанчыны ня больш лагодныя, а больш настойлівыя, больш перакананыя. Жанчыны не адступаюць. Яны заўжды дамагаюцца свайго». І тут жа іншыя нагадалі вам пра інтэрвію Свабодзе, дзе вы заявілі, што вы не фэміністка. Некаторыя пабачылі тут супярэчнасьць. Я дык ня бачу тут ніякай супярэчнасьці — можна змагацца за роўнасьць і правы жанчын і пры гэтым ніяк сябе ня зьвязваць з сучасным фэмінізмам. Як вы патлумачыце сваё стаўленьне да гэтай тэмы?

— Мы жывем у сьвеце, дзе ёсьць і мужчыны, і жанчыны, мы ўвесь час мяняемся ролямі. У адным выпадку жанчыны могуць узяць на сябе большую ролю і адказнасьць, у іншым — мужчыны. Тое, што я кажу, што жанчыны часта больш настойлівыя — гэта ў сілу таго, што жанчына адчувае большую адказнасьць за сябе, дзяцей.

Што да фэмінізму, дык я не фэміністка, гэта дакладна. Я зыходжу зь вельмі рацыянальных меркаваньняў. Усе ключавыя рашэньні ў нас прымаюцца, як правіла, мужчынамі, жанчыны мала прадстаўленыя ва ўладзе. Іншая справа, што жанчыны, калі трэба прыняць нейкае рашэньне, ідуць, знаходзяць паплечнікаў, саюзьнікаў, прыхільнікаў, пераконваюць іх і ідуць да таго, каб гэтае рашэньне было прынятае.

— Ці бачыце вы дэпутацкую працу вяршыняй сваёй палітычнай кар’еры, ці задумваецеся і пра іншыя вяршыні?

— Цяпер перш за ўсё я задумваюся пра пасьпяховасьць сваёй дзейнасьці як дэпутата. Ад таго, наколькі пасьпяховая яна будзе, залежыць і далейшае плянаваньне. Бо калі ня будзе посьпехаў у гэтай галіне, на гэтай пасадзе, казаць пра нейкія далейшыя крокі будзе бессэнсоўна.

— Часам людзі абіраюць беларускую мову ў сваёй палітычнай дзейнасьці, але ў астатняй частцы жыцьця карыстаюцца іншай мовай. Наколькі вы ў жыцьці беларускамоўная, ці беларускамоўная ў вас сям’я?

— Я беларускамоўная ўсе 24 гадзіны ў суткі. Дзеці — у мяне тры сыны — са мной размаўляюць па-беларуску, але ў соцыюме карыстаюцца расейскай мовай. Муж мой пасьля войска так і не вярнуўся да беларускай мовы і размаўляе, як размаўляе большасьць — на мяшанцы. Унучку я вучу размаўляць па-беларуску, яна вельмі любіць беларускія казкі, вершы. Сёе-тое спрабуе ўжо казаць па-беларуску, можна сказаць, што яна ўжо білінгвістычны чалавек.

Каментары10

Цяпер чытаюць

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча21

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Усе навіны →
Усе навіны

Лавіна накрыла 15 альпіністаў у Кабардзіна-Балкарыі. Паведамляецца пра сем загінулых1

Галкіпер забіў два мячы ў матчы, прычым адзін на 11‑й дададзенай хвіліне

Трамп сёння будзе размаўляць з Зяленскім і Пуціным1

У аэрапорце Маямі грузавы Boeing выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы: загінулі як мінімум пяць чалавек

Толькі памылі, а футболка ўжо смярдзіць. Чаму пах цела застаецца на адзенні?4

Хлопец з-пад Талачына стаў агентам Масквы. Жыць яму заставалася тыдзень4

Чаму малако ў пакетах не скісае, а становіцца горкім?1

Трамп заявіў, што Месяц належыць ЗША29

Зяленскі расказаў пра перамовы з пасланцамі Трампа1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча21

На Мінскім паўмарафоне памёр 50‑гадовы бягун. Вось што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць