ДАІ працягвае пазбаўляцца ад залішняга бюракратызму, спрашчаючы жыццё кіроўцам. У тым ліку і тым, што парушылі правілы. Цяпер яны могуць аплаціць штрафы не толькі ў банку, але і ў сістэме Адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы. Старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння АДАІ МУС Андрэй Ігнатовіч распавёў журналістам, што гэта стала магчымым пасля ўвядзення па ўсёй краіне адзінага віду пастановы аб аплаце штрафаў.
Кожнаму бланку гэтага дакумента прысвоены нумар. Яго кіроўца ўводзіць пры аплаце праз АРІП як з камп'ютара, так і з мабільнага тэлефона, а таксама інфакіёска і разлікова-даведачнага тэрмінала. Інфармацыя аб аплаце маментальна паступіць у ДАІ, і пра штраф можна забыцца, а не імчацца, як раней, у Дзяржаўтаінспекцыю, каб аддаць квітанцыю з пячаткай. Такі спосаб аплаты даступны пакуль жыхарам трох абласцей і Мінска. Але ўжо праз тыдзень скарыстацца ім змогуць усе кіроўцы. На аплату штрафу даецца 5 дзён. Калі грошы ў ДАІ не паступяць, сістэма аўтаматычна анулюе пастанову і на парушальніка будзе складзены пратакол. А далей — выклік у ДАІ і больш складаны механізм выпраўлення сітуацыі.
Ігнатовіч асабліва падкрэслівае, што спрошчаная працэдура тычыцца толькі нягрубых правапарушэнняў, санкцыі за якія не прадугледжваюць пазбаўленне правоў кіроўцы. У адваротным жа выпадку ўсё як звычайна: складаецца пратакол, канфіскоўваюцца правы, а рашэнне аб тым, як менавіта пакараць, прымае начальнік ДАІ. Дарэчы, калі па пратаколе таксама выпішуць штраф, пастанова аб ім будзе мець такі ж выгляд, як і ў выпадку з нягрубых правапарушэннямі. І аплаціць яго можна будзе гэтак жа праз АРІП. Першым кіроўцам, які зрабіў гэта ў Беларусі, стаў грамадзянін Германіі. За кіраванне ў нецвярозым стане яго прыцягнулі да адказнасці. Ён аплаціў праз АРІП 1.260 рублёў.
Калі вы згубілі копію апавяшчэння, у якім паказаны нумар, па якім трэба плаціць, не хвалюйцеся. У ДАІ запэўнілі, што званок з просьбай падказаць гэты нумар не выкліча цяжкасцяў у працаўнікоў. Дастаткова паведаміць нумар машыны, дату і прозвішча ўладальніка. Дарэчы, быў цікавы выпадак. Ігнатовіч успамінае, як у жніўні каманда распрацоўшчыкаў вырашыла пратэставаць сістэму аплаты. Уключылі, пачалі працу. На наступны дзень убачылі, што хтосьці за гэты час паспеў аплаціць штраф. Хоць апавяшчэння з нумарамі яшчэ нікому не выдавалі. Як так? Аказалася, бабуля-кіроўца прыйшла ў банк аплаціць парушэнне. Кансультант адразу павёў яе да інфакіёску. Але нумару ў яе не аказалася. Яна дазванілася ў ДАІ, даведалася нумар свайго парушэння і аплаціла.
У аўтаінспекцыі нагадалі, што аплаціць штрафы за парушэнні хуткаснага рэжыму фота- і відэафіксацыі можна таксама праз АРІП. А пра тое, што вас аштрафавалі па камерах фотафіксацыі, можна даведацца не толькі на сайце МУС, але і падпісаўшыся на бясплатнае смс-апавяшчэнне па адрасе sms.speed-control.by. Праз АРІП з 1 студзеня 2015 года таксама можна аплаціць і выдачу або замену пасведчання кіроўцы, тэарэтычны або практычны экзамен, арэнду машыны і г.д. Для гэтага неабходна выбраць раздзел МУС, затым — «Штрафы». Далей ўводзіцца нумар пастановы, паказаны ў верхнім правым куце, і праграма аўтаматычна, знайшоўшы парушальніка ў базе, выводзіць на экран яго імя і прозвішча. Калі ўсё дакладна, застаецца толькі націснуць «Аплаціць». У ДАІ запэўнілі, што не плануюць спыняцца на сістэме АРІП, а зробяць усё магчымае, каб скараціць час на ажыццяўленне юрыдычных працэдур як для супрацоўнікаў інспекцыі, так і для кіроўцаў. У планах — стварэнне спецыяльных дадаткаў па аплаце паслуг, смс-апавяшчэнняў і іншыя навіны.
Каментары