Музыка1313

Аkute выпусцілі новы альбом

Праз два гады пасля альбома «Reaĺnaść i sny» гурт «Akute» нарэшце прэзентуе новую кружэлку. Альбом атрымаў назву «Plastyka» і ўключае ў сябе 9 песень. 

Гурт «Akute» — адзін з самых папулярных інды-рок гуртоў у Беларусі. Дзякуючы касмічным акордам, пяшчотнай беларускай мове і тэкстам, у якім кожны бачыць сваё, гурт збірае вялікія залы. За 8 год свайго існавання гурт атрымліваў прэміі ад Tuzin.fm, Еўрарадыё, Ultra Music.

З нагоды выхаду новага альбома НН пагутарыла з магілёўскім гуртам.

Месцам сустрэчы стаў адзін з рэпетыцыйных пунктаў у Мінску. Удзельнікі гурту ў самым разгары адыгрывалі новыя і старыя песні, рыхтуючыся да прэзентацыі альбома.

НН: Вы цяпер часта Мінск наведваеце?

Стас Мытнік, саліст: Наша барабаншчыца Віка жыве ў Мінску. Рэпетуем мы кожны тыдзень, таму то мы прыязджаем, то яна да нас у Магілёў.

НН: З апошняга альбома ваш склад трохі змяніўся. У «Вікіпедыі» напісана, што за ўсю гісторыю вашага гурту вы змянілі трох бубначоў. Цяпер у вас Віка Фэйдз, вядомая YouTube-блогерка, якая запісвае на відэа каверы вядомых песень. Вы такім чынам эксперыментуеце?

Віка Фэйдз — новая бубначка «Akute».

Стас: Барабаншчыкаў нават чацвёра было. З Вікай гэта быў камерцыйны ход, бо яна вельмі медыйная персона. Мы спецыяльна яе ўзялі, толькі ёй не кажы (смяюцца). Калі шчыра, то яна вельмі класна грае. Мы хацелі, каб у нас быў чалавек, якому не трэба тлумачыць, што трэба граць. Наадварот, яна павінна нам паказваць. Раней было часам так, што «сыграй вось так — та-та-та-та». А з Вікай мы даволі хутка сыграліся. Памятаю, калі яна прыйшла на першую рэпетыцыю, мы перад гэтым далі ёй 25 трэкаў, каб яна паслухала, і мне было рэальна сорамна, бо мы гралі горш, чым яна.

НН: Новы альбом называецца «Plastyka». І відавочнае пытанне: што можна будзе пачуць новага? 

Стас: Заўважце, што дзяўчына на альбоме з пластыку і з пластыкай.

Рома Жыгараў, басіст і аўтар тэкстаў: Гэты альбом прысвячаецца той самай дзяўчыне і яе пластыцы.

НН: А якой Рома, тваёй?

Рома: Так, усім маім дзяўчатам.

НН: А сур’ёзна?

Рома: Разумееш, пластыка даволі ёмістае слова. Мы палічылі, што гэта слова падыходзіць як абагульняючае да ўсіх песень, што ўвайшлі ў новы альбом. Што наконт назвы — зразумела, што гэта асацыяцыі з пластычнымі, шалёнымі ці павольнымі, рухамі.

Раман Жыгараў — басіст і аўтар тэкстаў.

НН: А чым ён адрозніваецца ад папярэдняга?

Рома: Ну слухай, мы зараз можам тут бясконца распавядаць пра тое, што мы адчулі касмічны вецер на сваіх тварах, ён прыйшоў і зорная Божая ласка сышла на нашы галовы — і так мы зрабілі самы лепшы альбом беларускага і сусветнага року ever.

НН: Я чуў шмат ад вашых хэйтараў: маўляў, вы спяваеце пра тлен.

Стас: Яны нашы лайкеры!

Стас Мытнік — вакаліст «Akute».

НН: Праслухаў прэв'ю новага альбома, і ў мяне ёсць асцярога, што вас зноў зацкуюць за песні пра кулі, шпіталі, кожны новы мёртвы дзень і г.д. Як вы ставіцеся да тых, хто вас крытыкуе?

Стас: Я слухаю толькі абгрунтаваную крытыку. То бок калі чалавек кажа, што гэта лайно, і не кажа чаму — гэта нічога не варта. Калі нас разносяць ушчэнт, кажуць чаму — то толькі дзякуй.

НН: Ну ўявім сітуацыю, што спадар Максім Жбанкоў раскрытыкуе ваш новы альбом.

Рома: А спадар Жбанкоў ужо праходзіўся па «Акутэ». Ён паважаны намі чалавек, я чытаў ягоныя кніжкі. Такую крытыку прыемна чуць.

НН: Вашыя тэксты і музыка, у тым ліку і ў новым альбоме, — вы гэта перажываеце, гэта ўласныя эмоцыі, думкі?

Рома: Гэта як правіла ў беларускай мовы — як чуецца, так і пішацца. Бо калі ты чуеш і адчуваеш гэтыя рэчы, то не трэба шукаць іншы сэнс.

Фота з прэзентацыі альбома ў 2014 годзе.

НН: А як вы самі сваю музыку ўспрымаеце?

Стас: Без гэтага пагана. Вось калі не рэпаеш, не граеш, не складаецца ў цябе — я хвалююся.

НН: Гэта патрэба?

Стас: Так, ужо неабходнасць. Калі гэтага няма, то мне цяжка, асабліва восенню. Здаецца, і надвор’е падабаецца, але дэпрэсняк дзікі. Таму, калі з’яўляецца новы матэрыял, гэта дае баланс трохі. Менавіта мінулай восенню і пачалі з’яўляцца новыя песні. І гэта трохі выратоўвала.

Рома: То бок мы самі выратоўваемся гэтымі песнямі.

НН: Значыць, гэта ўсё ж выплеск эмоцый? Вы ўяўляеце сабе такую сітуацыю, што хтосьці ў вашых песнях можа пабачыць сябе?

Стас: Канечне. Калі мы выкладаем новы альбом, мы як быццам дорым нешта, і самому ў першую чаргу гэта прыемна. Асабліва калі людзі слухаюць і пасля пішуць водгукі, дзе кажуць, што бачаць у гэтым вось гэта і гэта — я яшчэ раз праслухоўваю песні і спрабую іх пераасэнсаваць так, як бачыў іх той чалавек.

НН: Як вы думаеце, ці можна перанесці сэнс вашых песень на агульныя тэндэнцыі ў грамадстве?

Стас: Калі ў грамадстве ёсць тэндэнцыі, акрамя палітыкі, то так. Калі кажуць, што вы спяваеце пра рэаліі, то часцей за ўсё гэта кажуць, калі людзі спяваюць пра нейкія палітычныя рэчы. А калі спяваецца не пра палітыку, то як бы, ведаеш, атрымліваецца, што і не актуальна. Адзін вядомы чалавек сказаў: «Што мне можа сказаць гурт «Акутэ»? Нічога».

Рома: Сяргей М. сказаў (смяюцца).

Стас: Але вы яму нічога не кажыце.

Рома: А то ён б’ецца.

Стас: Мы цяпер жартуем, насамрэч мы з павагай ставімся да яго.

НН: А вы мяркуеце, што музыка павінна быць па-за палітыкай?

Стас: У першую чаргу павінна быць так, я лічу.

Рома: Можа, але любую музыку можна прывязаць да чаго заўгодна. Вунь Беёнсэ ў Абамы выступала — і ўсё.

НН: Я быў на шматлікіх вашых канцэртах і заўважыў, што вашыя фаны па-шчыраму захапляюцца вамі, а дзе вашая крыніца натхнення?

Рома: Натхняюць такія нечаканыя рэчы, пра якія нават дзіўна казаць. Напрыклад, дождж ці проста сітуацыя, момант.

Стас: Мяне ўвогуле правакуе чужы поспех. Я шчыра магу сказаць, што ў мяне ёсць зайздрасць, але белая. Я нікому не зычу зла, але, калі ў маіх сяброў, калег, музыкаў штосьці атрымліваецца, мяне гэта вельмі падштурхоўвае.

Рома: Слухай, мяне таксама.

Стас: Летась я пабачыў поспех гурту ЛСП, а ў мяне была такая восень. Я пабачыў, як у іх усё складваецца, што яны паехалі ў тур па Беларусі, Украіне, Расіі і Латвіі. А мы сядзелі без альбома. Гэта мяне і матывавала.

Рома: Сёння самае шчырае інтэрв’ю за ўсю гісторыю гурту «Акутэ» (смяюцца).

НН: А якія гурты вы слухаеце?

Рома: У мяне тут у плэеры ўсе альбомы гурту Radiohead, ёсць песні Depeche Mode, Warpaint, розныя дыджэйскія падкасты.

Стас: Сёлета мяне зачапіў новы альбом Warpaint, бо там крутая аранжыроўка і вялікая генерацыя ідэй. Летась, калі мы пачыналі запісваць альбом, мяне вельмі натхніў альбом гурту Editors. На працы ў мяне былі маленькія калонкі, я сядзеў і ўслухоўваўся ў кожную ноту.

НН: Дарэчы, а дзе вы працуеце?

Стас: Я на заводзе працую метролагам.

Рома: А я…

Стас: Дармаед.

Рома: Я айцішнік. Жартую. Я працую ў «Акутэ».

НН: Цяпер модна пытацца, ці хацелі б вы сабраць Мінск-Арэну, але я трохі перафармулюю: як вы бачыце пік вашай кар'еры?

Рома: Мы не бачым піку нашай кар’еры ўвогуле.

Стас: Разумееш, калі будзе пік, то пасля ж будзе спад, а значыць, будзе толькі горш.

Рома: У нас было столькі пад’ёмаў і спадаў, што мы гатовыя да ўсяго. Будзе «Мінск-Арэна», пасля «Кіеў-Арэна», «Лондан-Арэна» і іншыя лядовыя палацы.

НН: І напрыканцы такое філасофскае пытанне: што, па-вашаму, трэба, каб стаць паспяховым музыкам ці гуртам у Беларусі?

Стас: Трэба мець класнага менеджара — і больш нічога не трэба. Можа, яшчэ спатрэбіцца дзелавы дырэктар і сувязі ў масмедыя. Гэта, канечне, пры наяўнасці творчага складніка.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»30

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Усе навіны →
Усе навіны

«Белавія» запускае код-шэрынг з расійскай Red Wings — рэйсы дзвюх кампаній можна будзе купіць адным білетам2

У акупаваным Севастопалі ўзарвалі аўтамабіль. Яго ўладальнік паранены

Турэцкая авіякампанія адмяніла рэйсы ў Маскву праз «сітуацыю з паветранай прасторай»4

«Прыязджаю — возера няма». У Лагойскім раёне за два дні знік вадаём

Паляўнічыя паранілі мядзведзя. Цяпер мясцовым раяць не хадзіць у лес6

Пад Тамбовам на беларускага дальнабойшчыка ляцеў п'яны ў дым кіроўца. Беларус паспрабаваў зрабіць як лепш, але не пашанцавала2

Адзін біў па «грушы», другі ўскрываў аўтамат. Двое хлопцаў абрабавалі два дзясяткі сіламераў1

У Брэсце чачэнец абрабаваў зімбабвійца. Беларус дапамагаў рабаваць, але кашалёк вярнуў1

СБУ заявіла пра прадухілены замах ФСБ на прадстаўніка расійскай апазіцыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»30

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць