Што палохае мацней — нечаканае з'яўленне пачвары ці напружаная атмасфера, ад якой немагчыма пазбавіцца нават пасля прагляду? Аўтары праекта Science of Scare паспрабавалі вызначыць самыя страшныя фільмы жахаў, прасачыўшы за тым, як на іх рэагуе арганізм гледачоў. Які фільм перамог?

У Хэлаўін аматары фільмаў жахаў зноў шукаюць, чым сябе напалохаць. Але густы ва ўсіх розныя: тое, што аднаго гледача прымушае заплюшчыць вочы, іншага можа толькі рассмяшыць. Ці можна ў такім разе вызначыць, які фільм сапраўды самы страшны?
Адказ на гэтае пытанне ўжо сёмы год шукаюць аўтары праекта Science of Scare. Замест таго каб проста апытваць гледачоў пра іх уражанні, яны вымяраюць фізіялагічную рэакцыю арганізма падчас прагляду хорараў, піша Euronews.
У даследаванні ўдзельнічаюць сотні добраахвотнікаў. Яны глядзяць англамоўныя фільмы жахаў з датчыкамі, якія фіксуюць частату сардэчных скарачэнняў.
Аднак аднаго толькі пульсу для ацэнкі недастаткова. Даследчыкі ўлічваюць таксама варыябельнасць сардэчнага рытму — тое, як змяняюцца інтэрвалы паміж ударамі сэрца. Акрамя таго, яны звяртаюць увагу на максімальны пульс, зафіксаваны ў найбольш напружаныя моманты.
На аснове гэтых паказчыкаў кожнаму фільму прысвойваюць адзнаку паводле спецыяльнага індэкса страху (Scare Score) па шкале ад 0 да 100 балаў.
Які фільм аказаўся самым страшным
Сёлета ў даследаванне ўключылі 15 новых фільмаў жахаў. Самым страшным сярод іх стаў «Паўтон» (Undertone) — гісторыя вядучай падкаста пра звышнатуральныя з'явы, якая атрымлівае загадкавыя аўдыязапісы і неўзабаве сама сутыкаецца з невытлумачальнымі падзеямі. У агульным рэйтынгу ён заняў 33‑е месца.
А лідарам ужо чацвёрты год запар застаецца «Сіністэр» (Sinister) — фільм жахаў рэжысёра Скота Дэрыксана, які выйшаў на экраны ў 2012 годзе. Ён расказвае пра пісьменніка, які пераязджае з сям'ёй у дом, дзе адбылося жорсткае забойства, і знаходзіць старыя кінаплёнкі з запісамі іншых злачынстваў.
Падчас яго прагляду сярэдні пульс удзельнікаў павялічыўся на 34% — з 64 да 86 удараў за хвіліну, а ў самы страшны момант дасягаў 131 удару. Паводле сукупнасці паказчыкаў «Сіністэр» набраў 96 балаў са 100 магчымых і зноў быў прызнаны самым страшным фільмам жахаў.
Аднак калі б рэйтынг складалі толькі паводле максімальнай частаты пульсу, пераможцам стаў бы «Прыстанак зла» (Resident Evil) рэжысёра Зака Крэгера. Падчас адной са сцэн пульс гледачоў дасягаў 134 удараў за хвіліну. І гэта больш, чым падчас прагляду любога іншага фільма ў гісторыі даследавання.
Адметна, што ў першую дваццатку трапілі выключна фільмы XXI стагоддзя. А вось у пашыраным рэйтынгу ёсць і класіка хорару мінулага стагоддзя, у тым ліку «Выганяльнік д'ябла» (The Exorcist, 1973), «Тэхаская разня бензапілой» (The Texas Chain Saw Massacre, 1974), «Хэлаўін» (Halloween, 1978), «Кашмар на вуліцы Вязаў» (A Nightmare on Elm Street, 1984).
Топ-20 самых страшных фільмаў жахаў паводле Science of Scare
- «Сіністэр» (Sinister, 2012)
- «Астрал. Анлайн» (Host, 2020)
- «Паранармальныя з'явы. Скінамарынк» (Skinamarink, 2022)
- «Астрал» (Insidious, 2010)
- «Закляцце» (The Conjuring, 2013)
- «Рэінкарнацыя» (Hereditary, 2018)
- «Усмешка 2» (Smile 2, 2023)
- «Усмешка» (Smile, 2022)
- «Шэсць дэманаў Эмілі Роўз» (The Exorcism of Emily Rose, 2025)
- «Два, тры, дэман, прыйдзі!» (Talk to Me, 2022)
- «Дом пекла» (Hell House LLC, 2015)
- «Закляцце 2» (The Conjuring 2, 2016)
- «Яно прыходзіць за табой» (It Follows, 2014)
- «Пустка цемры і зла» (The Dark and the Wicked, 2020)
- «Спуск» (The Descent, 2005)
- «Паранармальная з'ява» (Paranormal Activity, 2007)
- «Бабадук» (The Babadook, 2014)
- «Ціхае месца 2» (A Quiet Place 2, 2020)
- «Дэман унутры» (The Autopsy of Jane Doe, 2017)
- «Астрал: Глава 2» (Insidious 2, 2013)
Зрэшты, нават такі рэйтынг не дае адназначнага адказу на пытанне, які фільм самы страшны. Нечаканы гук або раптоўнае з'яўленне пачвары могуць выклікаць моцную рэакцыю арганізма. Але гэта не абавязкова азначае, што такі фільм напалохае больш, чым той, які паступова нагнятае трывогу і надоўга застаецца ў памяці.
Таму, хоць даследаванне і дазваляе параўнаць рэакцыю гледачоў на розныя фільмы, у кожнага чалавека ўсё роўна можа быць свой самы страшны хорар.
З поўным рэйтынгам можна азнаёміцца тут.
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары