Грамадства3333

Беларуска пазнаёмілася анлайн з інданезійцам і праз тры месяцы выйшла за яго замуж, папярэдне прыняўшы іслам

Вольга і Аван пазнаёміліся ў 2019 годзе ў праграме для вывучэння замежных моў. Праз тры месяцы перапіскі Вольга разам з мамай паляцела ў Інданезію, каб згуляць вяселле. Сёння сям'я жыве ў Гродне і выхоўвае траіх дзяцей.

Вольга і Аван. Скрын відэа: JambanAudioVisualChannel / YouTube

Беларуска Вольга і інданезіец Аван ужо сем гадоў вядуць YouTube-канал «Awan & Olya», які мае больш за 43 тысячы падпісчыкаў.

Як згадвае Вольга, у 2019 годзе яна зарэгістравалася ў праграме HelloTalk, дзе людзі з розных краін практыкуюць замежныя мовы. Гэтай праграмай карыстаўся і інданезіец Аван. Па словах жанчыны, і яна, і будучы муж хацелі палепшыць англійскую.

Аван — родам з Палабуханрату, прыморскага горада ў інданэзійскай правінцыі Заходняя Ява. Як ён згадвае, сваё першае паведамленне ён адправіў Вользе ноччу 30 мая 2019 года. Адказала яна толькі на наступны дзень.

Спачатку маладыя людзі размаўлялі пра хобі, працу і штодзённыя справы. Аван расказваў пра Інданезію. Як аказалася, абаім падабаецца рок-музыка. Праз некаторы час мужчына папрасіў у субяседніцы яе нумар WhatsApp. Па словах Вольгі, з таго моманту яны штодня гаварылі па відэасувязі, і «паступова ўсё стала сур'ёзна».

Вяселле праз тры месяцы

У жніўні 2019 года маладыя людзі загаварылі пра шлюб і пачалі збіраць неабходныя дакументы, хоць да таго часу яшчэ ні разу не бачыліся ўжывую. Дамовіліся, што Вольга прыляціць у Інданезію.

10 верасня Аван разам з сябрамі сустрэў будучую жонку і яе маці ў аэрапорце Джакарты. Абедзве жанчыны ўпершыню прыехалі ў Інданезію. Відэа іх першай сустрэчы з Аванам пазней набрала больш за мільён праглядаў.

З аэрапорта госці накіраваліся ў Палабуханрату — родны горад Авана на ўзбярэжжы акіяна. Там адбылося знаёмства з сям'ёй жаніха. Праўда, паразумецца маці маладых было няпроста. Мама Вольгі размаўляе толькі па-руску, а мама Авана — па-інданезійску і па-сундску. Таму перакладчыкамі давялося стаць самім маладым: Вольга перакладала з рускай на англійскую, а Аван — з англійскай на мову сваёй маці.

Злева на права: маці Авана, маці Вольгі, Вольга і Аван. Скрын відэа: Awan_Olya / YouTube

У тую ж паездку пара пабралася шлюбам. Па словах Вольгі, цырымонія прайшла ў мячэці па мусульманскай традыцыі, і там жа яна прыняла іслам. 

Той дзень Вольга згадвае з усмешкай. Гасцей было вельмі шмат, і ўсе хацелі з імі сфатаграфавацца. Як прызнаецца жанчына, яна адчувала сябе зоркай. Было вельмі горача, а ўся ежа аказалася вострай. Па словах Вольгі, яны з мамай елі пераважна рыс з курыцай і пілі шмат вады. Яе таксама здзівіла, што інданезійскія госці не танцуюць усе разам, як гэта прынята ў Беларусі.

Пасля трох тыдняў у Інданезіі Вольга вярнулася дадому ўжо замужняй. Аван, па яго словах, застаўся на радзіме афармляць дакументы. Трэба было легалізаваць пасведчанне аб шлюбе ў трох міністэрствах, зарэгістраваць шлюб у беларускім пасольстве і атрымаць візу.

У канцы 2019 года ён нарэшце прыляцеў у Беларусь. Маладыя пасяліліся ў Гродне, дзе жывуць Вольга і яе бацькі. Па словах мужчыны, ён адзіны інданезіец у горадзе.

Вольга і Аван. Скрын відэа: JambanAudioVisualChannel / YouTube

Сямейнае жыццё

У 2020 годзе ў сям'і нарадзілася дачка Аміна, праз тры гады — сын Ільяс, а ўлетку 2026 года — трэцяе дзіця. Домам і дзецьмі, расказвае Аван, яны займаюцца ўдваіх. Пакуль адзін купае, корміць ці ўкладвае дзяцей, другі робіць іншую хатнюю працу.

Вольга не хавае, што мужу ў Беларусі нялёгка. Па яе словах, ён вельмі сумуе па радзіме і бацьках. Сяброў у Авана амаль няма, бо замежнікі ў Гродне пераважна студэнты, якія праз пяць-шэсць гадоў раз'язджаюцца. Да таго ж, дадае жанчына, беларуская ежа для мужа недастаткова вострая.

Вольга і Аван разам з дзецьмі. Скрын відэа: Awan_Olya / YouTube

У 2022 годзе сям'я паўгода пражыла ў Інданезіі, але вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Ад думкі пра пераезд пара не адмовілася, але, па словах Вольгі, вернецца да яе хіба тады, калі дзеці падрастуць.

Каментары33

  • алесь
    02.11.2026
    беларускім хлопцам патрабаванні - машына-кватэра у 25 гадоў, а за інданезійца "без кала і двара" пайшла і у іслам перахрысцілася. во дзе дзеўкі. дзякуй школьная праграма "генетіческого разнообразія"
  • Nemo
    02.11.2026
    Іслам навошта прымаць?
  • Аляксандр
    02.11.2026
    Віталь , якая розніца. Бога няма.

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША ўпершыню абралі мусульманіна ў Сенат. Раней Трамп называў гэтага кандыдата «джыхадыстам»11

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў10

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

Маск з гумарам пракаментаваў паразу партыі, у якую ён уклаў 400 мільёнаў даляраў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць