«Вельмі стыльна, вельмі прыгожа знята і вельмі парадавалі тры акцёры». Марціновіч пра «Дзяды» Андрэя Саўчанкі
Фільм-спектакль паводле паэмы Адама Міцкевіча ўразіў Дзяніса Марціновіча аператарскай працай, музыкай і трыма акцёрамі. Паводле яго, сцэны з Юрам Дзіваковым, Святланай Цімохінай і Святланай Анікей прымушаюць задумацца, якой цікавай магла б атрымацца поўная экранізацыя «Дзядоў» з іх удзелам.

Паглядзелі з Настассяй Панкратовай фільм-спектакль «Дзяды», які паставіў рэжысёр Андрэй Саўчанка па матывах аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча.
Вельмі стыльна і вельмі прыгожа знята, цудоўная аператарская праца (Ryncyk Vystarobski). Натхніла музыка Эрыка Арлова-Шымкуса. І вельмі парадавалі тры акцёры — калі глядзіш сцэны з іх удзелам (лепшыя ў «Дзядах»), думаеш, якой бы цікавай магла бы быць поўная экранізацыя паэмы з іх удзелам.
Гэта Юра Дзівакоў — насамрэч, гэта надзвычай рэдкі выпадак, калі круты рэжысёр яшчэ і таленавіты акцёр. У пачатку дзясятых бачыў яго ў трагіфаршы «Гамлет», што ставіў Ігар Казакоў у Магілёўскім тэатры лялек. Потым было нядоўгае, але плённае супрацоўніцтва са Свабодным. І вось цяпер роля пана, які не дапамог людзям і цяпер пакутуе — паўсюль Юра пераканаўчы.
Гэта Святлана Цімохіна — яе роля (яна ўвасабляе сталую жанчыну, якая шмат усяго пабачыла) пераконвае, наколькі шырокі яе патэнцыял. Па шчырасці па-за межамі Тэатра лялек, дзе яна гадамі грала, я бачыў яе хіба толькі ў спектаклі «М», які ставіўся напрыканцы дзясятых. Яна можа і павінна граць у спектаклях драмтэатра — хочацца, каб знайшоўся рэжысёр, які тое ацэніць.
І гэта Святлана Анікей. Скажу шчыра, у мяне наогул алергія на ўсе гэтыя пафасныя характарыстыкі: вялікі, геніяльны і г.д. Імі відавочна злоўжываюць, людзі даўно перасталі ім верыць. Але гэта той выпадак, калі трэба, як кажуць, расставіць кропкі над «і». Нашае агульнае з жонкай меркаванне: Анікей — вялікая беларуская актрыса, і ніхто не пераканае мяне ў адваротным. Для такой характарыстыкі трэба адна «дробязь»: у кожнай ролі быць рознай. У Святланы гэта атрымліваецца заўжды, калі я яе бачу на сцэне.
У пачатку дзясятых у Купалаўскім паставілі «Translations». І вось днямі ў Ірландыі паказалі фрагменты таго спектакля. Я ўбачыў запісанае жонкай відэа. Там быў маналог Анікей — і гэта былі моманты абсалютнага тэатральнага шчасця і чысты тэатральны кайф. Хацелася, каб яе маналог (дакладней, спробы маналога, бо гераіня не можа сказаць ні слова на чужой мове) працягваліся вечна.
І тое ж адчуванне ў мяне ўзнікла, калі я глядзеў яе фрагменты «Дзядоў». Глядзець на яе міміку, на яе інтанацыі, на тое, як яна перажывае і пражывае нават маўчаннем тыя ці іншыя падзеі, — адно задавальненне.
У свой час крытык Таццяна Арлова выпусціла кнігу «Іншапланяцянка», прысвечаную Бэле Масумян, прымадонне Горкаўскага тэатра. Натуральна, у Таццяны Дзмітрыеўны была свая логіка ў такой назве. І ўсё ж Масумян — прынамсі звонку — пачувалася ў рэпертуары Горкаўскага дастаткова камфортна. Таму азначэнне «іншапланяцянка» я якраз бы дапасаваў да Анікей.
На яе не ставілі спектаклі, на яе не будавалі рэпертуар, з ёй не працавалі рэжысёры, якія ў дзясятыя гады былі лідарамі тэатральнага працэсу (Ігар Казакоў, Аляксандр Янушкевіч, Яўген Карняг, той жа Дзівакоў) — у тым маштабе, які яна заслугоўвае.
Я не ведаю, як да гэтага ставіцца Святлана — мы ніколі не былі сябрамі і прыяцелямі і размаўлялі разы два, максімум тры. Але скажу, што гэта праблема не Анікей, гэта праблема беларускага тэатра, які шмат губляе, ігнаруючы мацнейшую актрысу свайго пакалення.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары