Грамадства1010

Венесуэлка, якая больш за 10 гадоў жыве ў Беларусі, назвала пяць рэчаў, якія яе дагэтуль здзіўляюць

«Калі за сталом 20 чалавек — рыхтуйся».

Кайла. Фота: SoyConKay / Facebook

Кайла Пінеда жыве ў Беларусі больш за дзесяць гадоў і замужам за беларусам. На сваім ютуб-канале ConKay, які мае каля 6,3 тысячы падпісчыкаў, яна знаёміць замежнікаў з паўсядзённым жыццём беларусаў — ад цэн у крамах да таго, як выглядаюць кватэры ў спальных раёнах. Новае відэа яна прысвяціла аповеду пра пяць рэчаў, звязаных з Беларуссю, якія яе дагэтуль здзіўляюць.

1. Працяглыя тосты

Першае, што Кайлу дагэтуль захапляе, — беларускія дні нараджэння.

«У Беларусі, калі ў кагосьці дзень нараджэння, звычайна збіраюць сяброў ці сям'ю — дома або ў рэстаране. Але самае цікавае пачынаецца тады, калі гучаць тосты. І справа не толькі ў тым, каб падняць келіх са словамі: «За тваё здароўе, сябар!» — не, кожны госць кажа сапраўды прыгожыя і глыбокія словы, згадвае цікавыя гісторыі, адзначае вашы асабістыя якасці і нават тое, чаго вы самі ў сабе можаце не заўважаць».

«Калі за сталом 20 чалавек — рыхтуйся, прамоваў будзе шмат», — смяецца блогерка.

Кайла прыгадвае, што адна з яе сябровак прысвяціла ёй свой верш, які яе вельмі расчуліў. Менавіта ў такія моманты, кажа яна, бачна, якія беларусы рамантычныя і ўважлівыя да дэталяў, і разбураецца стэрэатып пра халодных і стрыманых людзей.

Па словах жанчыны, у Венесуэле таксама любяць святкаваць і не шкадуюць цёплых слоў, але так глыбока і асабіста перад усімі гасцямі там звычайна не гавораць.

2. Працоўная субота

Другі пункт выклікае ў блогеркі нашмат менш энтузіязму — гэта пераносы працоўных дзён. Кайла тлумачыць, што калі свята выпадае, напрыклад, на аўторак, то панядзелак могуць зрабіць выхадным. Але потым давядзецца адпрацаваць у суботу.

Здзіўляе яе і тое, што каляндар пераносаў на наступны год можна знайсці ў інтэрнэце яшчэ да заканчэння гэтага года.

«Дарэчы, многія кампаніі плануюць свае мерапрыемствы ў канцы года з улікам гэтых асаблівасцей. У чацвер яны святкуюць, у пятніцу адпачываюць пасля вечарыны, а ў суботу — час працаваць. Думаю, у Лацінскай Амерыцы такая сістэма доўга не пратрымалася б. Прынамсі ў Венесуэле — дакладна», — кажа блогерка.

3. Грыбы — справа адказная

Трэцяя рэч, на якую звяртае ўвагу аўтарка, — гэта паходы ў лес у грыбы.

Кайла прызнаецца, што сама пакуль не адважваецца далучыцца да традыцыі. Не з баязлівасці, падкрэслівае яна, а з адказнасці: грыбоў вельмі шмат, і частка з іх атрутныя. Блогерка жартуе, што баіцца напоўніць кошык як напалову галюцынагеннымі грыбамі або такімі, пасля ўжывання якіх не выжыве.

«Цалкам магчыма, што нічога дрэннага і не здарыцца, але я сапраўды стаўлюся да гэтага з павагай і захапленнем, бо бачу, як людзі адпраўляюцца на пошукі нават у халоднае надвор'е. Яны цёпла апранаюцца і могуць гадзінамі хадзіць па лесе — і ўсё дзеля таго, каб напоўніць свае кошыкі грыбамі. І больш за ўсё мяне забаўляе і нават кранае тое, як бабулі гадзінамі ходзяць сагнуўшыся, збіраючы грыбы, пакуль ад пастаянных нахілаў у іх не пачынаюць балець сцёгны.

Але яны цалкам задаволеныя сваімі грыбочкамі, напаўняюць імі кошыкі, каб потым прыгатаваць супы ці марынады», — расказвае жанчына і паказвае слоікі з марынаванымі грыбамі, якія ёй падарыла бабуля мужа.

Найбліжэйшы венесуэльскі аналаг паходаў беларусаў у грыбы, які яна знайшла, — збор дзікай ягады маі, з якой гатуюць дэсерт мацамору.

4. Шмат салодкага

Чацвёртая рэч, да якой не можа прызвычаіцца венесуэлка, — гэта колькасць салодкага.

«Уявіце: восьмая гадзіна раніцы, а нечы сняданак складаецца выключна з кавалка торта, які застаўся з учорашняга дня нараджэння. Гэта пра майго мужа», — расказвае з гумарам Кайла.

Па назіраннях блогеркі, у Беларусі на працягу дня часта п'юць гарбату, да якой абавязкова падаюць пячэнне, шакалад, пончык ці дэсерт, набыты ў краме ці прыгатаваны дома.

«У пераважнай большасці беларускіх сем'яў заўсёды ёсць ёмістасць, поўная прысмакаў, дэсертаў і шакаладу, якімі можна час ад часу перакусіць на працягу дня. Да таго ж тыповыя сняданкі ў гэтай краіне таксама звычайна салодкія», — сцвярджае блогерка.

У Венесуэле, кажа Кайла, салодкае таксама любяць, але пакідаюць яго хутчэй для святаў. У Беларусі ж, здаецца, любая сустрэча — нагода для дэсерту. Як доказ яна паказвае пясочны пірог, які суседка прынесла ёй напярэдадні а палове на адзінаццатую вечара.

5. «Дзе мой пярсцёнак?»

Апошні пункт Кайла называе самым далікатным. Гэта колькасць адзінокіх жанчын сярод ейных знаёмых.

«Вядома, у кожнай свая ўнікальная гісторыя. Проста часам чаканні не супадаюць, бо гэтыя жанчыны шукаюць стабільных адносін, у той час як некаторыя мужчыны не гатовыя да такіх абавязацельстваў», — даводзіць блогерка і прыгадвае Арыну Сабаленку:

«Не ведаю, ці заўважалі вы, як беларуская тэнісістка Арына Сабаленка часта жартавала, проста на корце звяртаючыся да свайго бразільскага хлопца з пытаннем: «Ну і дзе мой пярсцёнак?»

Пасля 30 гадоў, кажа блогерка, на жанчын пачынае ціснуць узрост і чаканні сваякоў. Адна яе сяброўка нядаўна перажыла дэпрэсію і звярталася з гэтай прычыны да псіхолага.

Каментары10

  • Правда
    02.11.2026
    Прыемная дзяучына гэтая Кайла
  • Пракоп
    02.11.2026
    Ватніца эта Кайла
  • Яніна
    02.11.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Арт-менеджару Алегу Ларычаву выклікалі хуткую на суд4

У ЗША ўпершыню абралі мусульманіна ў Сенат. Раней Трамп называў гэтага кандыдата «джыхадыстам»11

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў10

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць