Меркаванні11

А ў вачах нашых блішчэлі сьлёзы

Гэта было як адкрыцьцё невядомай краіны. Першыя «Басовішчы» - незраўнаныя - успамінае іх вядоўца Ян Максімюк. + Унікальныя відэа зь першых «Басоў»

Гэта было як адкрыцьцё невядомай краіны. Першыя «Басовішчы» - незраўнаныя - успамінае Ян Максімюк.

Унікальныя відэакадры зь першых "Басоў" пабачыце тутака.

Я ўжо даўно пакінуў той час, калі чалавек цікавіцца навінкамі ў рок- ці поп-музыцы і ведае імёны ўсіх модных топ-выканаўцаў. У маім веку застаецца настальгія і, час ад часу, слуханьне запісаў рок-музыкі 60-х і 70-х, зрэдзьчасу 80-х. Я ўжо і беларускай рок-музыкі ня слухаю, а таму мне цяжка сказаць, што ў ёй адбываецца і ці варта, напрыклад, ехаць на сёлетняе „Басовішча” дзеля чагосьці іншага чым толькі піва і сустрэчы са знаёмымі ў Гарадку.

Але ў 1990 і 1991 гадох, калі адбыліся першае і другое „Басовішча”, я быў моцным беларускім нацыяналістам і ведаў на памяць словы ўсіх песьняў з альбомаў „Чужаніца” і „Краіна доўгай белай хмары” гурту „Ўліс” (напісаў іх паэт Фэлікс Аксёнцаў, які, згодна з добрай рок-традыцыяй канца 60-х і пачатку 70-х, лічыўся паўнапраўным чальцом гурту).

На першым і другім „Басовішчы” я быў вядоўцам фэстывалю — арганізатары зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) запрапанавалі мне гэтую ролю ня толькі таму, што я быў асабіста знаёмы з гуртом „Уліс” і лічыўся іхным ганаровым мэнэджэрам (прынамсі на Беласточчыне), але і таму, што сярод малодшага беларускага пакаленьня ў Польшчы належаў да тых нешматлікіх, якія маглі лягічна зьвязаць некалькі сказаў на беларускай літаратурнай мове.

Натуральна, усе тады ў БАСе зусім свабодна гаварылі па-падляску. Але вазьмі ты і скажы са сцэны па-падляску, калі пад сцэнай кучы савецкіх суродзічаў, якія толькі што навучыліся гаварыць на літаратурнай і думалі, што на Беласточчыне на ёй гавораць усе, так бы мовіць, спакон веку... А мы яе ж таксама вывучылі зусім нядаўна. Так што прыйшлося гаварыць мне, хоць у мяне ўжо было двое малалетніх хлапцоў, якім трэба было зарабляць грошы на абутак і вопратку, а не прапіваць нішчымныя журналісцкія заробкі з рокерамі і рокеркамі (гэта, відаць, нейкая рэмінісцэнцыя з тагачасных сямейных маналёгаў мае жонкі — яна, дарэчы, пакінула нашых хлапцоў пад апекай бабці ў Бельску і таксама прыперлася на „Басовішча”). На сцэне я выступаў у пінжаку свайго брата і амэрыканскіх ботах, пазычаных ад аднаго сьвежасьпечанага капіталіста.

Хочацца сказаць нешта душашчымлівае, але ў галаву пруцца нейкія таўталёгіі. Прыкладам, такая: на першым „Басовішчы” ўсё было першае. Ну бо й фактычна: ня толькі мы зь Беласточчыны, але і бальшыня тых, каму ўдалося ў 1990 годзе даехаць у Гарадок зь Беларусі, упершыню пачулі на нармальным („несавецкім”) канцэрце Віктара Шалкевіча, Касю Камоцкую, Алеся Камоцкага, „Уліс”, „Мрою”. Гэта было як адкрыцьцё нейкай невядомай дагэтуль краіны. І сапраўды так яно было — мы адкрывалі для сябе новую краіну і думалі, што неўзабаве станем у ёй абжывацца...

Прыгадваецца яшчэ, як на першае „Басовішча” зь Беларусі прыехаў аўтобус нацыяналістаў (ачоленых Уладзімірам Арловым і Міхасём Ткачовым), якія ехалі пад Грунвальд сьвяткаваць перамогу польска-літоўскага (беларускага) войска над "крыжацкай немчурой". І памятаю разгубленасьць менчукоў, калі мы, беластоцкія, сказалі ім, што няма чаго туды ехаць, бо ў 1410 годзе войска Вітаўта ваявала не на тым баку... Гэта была ці ня першая публічная нагода, калі выявілася разьбежнасьць поглядаў на беларускі лёс паміж беластоцкімі і небеластоцкімі беларусамі.

Першае і другое „Басовішча”, наколькі помню, — гэта быў суцэльны арганізацыйны хаос і імправізацыя. Існавала нейкая праграма выступаў, але яна была, так бы мовіць, віртуальная, бо ўсё залежала ад таго, калі і ці ўвогуле прапусьцяць выканаўцаў празь мяжу. У гэтым сэнсе, відаць, няшмат зьмянілася. Сёлета — першае „Басовішча”, калі паміж Беласточчынай і РБ пралягла шэнгенская мяжа.

Выступы Шалкевіча, Камоцкіх, „Уліса” і „Мроі” зрабілі на першым „Басовішчы” ашаламляльнае ўражаньне, таму нічога дзіўнага, што ўсіх іх запрасілі на другое.

На другім „Басовішчы” я пазычыў на сцэну строй (падраныя джынсы і цяжкія боты, якія А. Бахарэвіч называе „акупантасамі”) ад аднаго панк-студэнта. Свае сьвежанабытыя "адыдасы" я пакінуў у намёце, адкуль іх сьвіснуў яшчэ нехта бяднейшы за мяне.

Кася Камоцкая выступала з гуртом „Новае неба” — гэта быў бадай ці не найлепшы выступ за ўсю гісторыю „Басовішча” (прынамсі тую гісторыю, што я помню, недзе да паловы 90-х).

І яшчэ запамяталася разгубленасьць і сум, калі хлопцы з „Уліса” сказалі мне, што выступаць без свайго вакаліста, Андрэя Патрэя, яны ня будуць. Нейкі час да таго Андрэй расстроіўся псыхічна і трапіў у лякарню. У Борыку было блізка да поўначы і падаў дождж, калі я са сьціснутым сэрцам паведамляў са сцэны, што выступу „Ўліса” ня будзе. З гукаўзмацняльнікаў гучалі незабыўныя словы, — „Краіна доўгай белай хмары! Мы не растлумачым, скуль прыйшлі...” — а ў вачах нашых дзяўчат (замужніх і не зусім) блішчэлі сьлёзы.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну24

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну

Усе навіны →
Усе навіны

КНДР выпрабавала балістычную ракету і заявіла пра «вялікі поспех»

У воку выявілі невядомую раней сістэму ачышчэння. Гэта можа дапамагчы ў барацьбе са слепатой1

Удар па Харкаве: параненыя 11 чалавек, пад заваламі дома знайшлі целы трох чалавек

Навукоўцы хочуць уключыць тэрыторыю былога Кахоўскага вадасховішча ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

«Яна змяніла маё жыццё». Маляваныч сустрэў каханне — гэта беларуская мастачка7

«Паліць нафтаперапрацоўчыя заводы». Кіт Келаг параіў, што трэба рабіць Украіне пасля папярэджанняў Трампа10

Расія атакавала Кіеў балістыкай. Пра яе набліжэнне нават не папярэдзілі1

«Лукашэнку нельга назваць нават малодшым партнёрам Пуціна». Кіт Келаг расказаў пра ролю Лукашэнкі ў перамовах ЗША і Расіі21

У Барысаве дзяцел заняўся дызайнам фасадаў і не дае жыхарам зранку спаць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну24

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць