Музыка1111

Хор з Даніі выканаў беларускую народную песню і ўзарваў сацсеткі

У Instagram стала вірусным відэа з выкананнем беларускай народнай песні «Што й па мору» дацкім жаночым хорам Konur. Ролік, на якім дзяўчаты спяваюць яе акапэла ў храме французскага горада Спеланката, ужо набраў 1,4 млн праглядаў і сотні захопленых каментароў як ад беларусаў, так і ад замежнікаў, заўважыў Onliner.

Калектыў спецыялізуецца на шматгалосым выкананні народнай музыкі розных рэгіёнаў свету, у тым ліку Усходняй Еўропы, Грузіі, Корсікі і Балгарыі. Але настолькі папулярнай у сацсетках стала толькі беларуская песня, астатнія ролікі ў акаўнце Konur набіралі ўсяго па некалькі тысяч праглядаў.

Вакальным ансамблем з Капенгагена, у якім удзельнічаюць 25 жанчын, кіруе спявачка і кампазітарка Ніні Юлія Банг. Спявачкі выступаюць без нот, надаючы асаблівую ўвагу гучанню галасоў і шматгалоссю.

«Што й па мору» — беларуская народная карагодная песня. У яе тэксце расказваецца пра чараду белых лебедзяў, якія плаваюць па сінім моры, і арла, які разганяе птушак. Вобразны сюжэт спалучаецца з паўторнымі радкамі, характэрнымі для народнага песеннага фальклору.

У размове з журналістам Onlíner Ніні Юлія Банг расказала, што ўпершыню пачула «Што й па мору» ў выкананні польскага ансамбля Laboratorium Pieśni. У той час датчанка жыла ў Польшчы і працавала ва ўроцлаўскім тэатры, дзе народныя песні часта бралі за аснову для спектакляў. Ніні кажа, што народная балада падалася ёй неверагодна прыгожай і магутнай — ёй захацелася «развучыць кампазіцыю, поўную такой сілы і радасці».

«Нам вельмі падабаюцца вобразы, закладзеныя ў гэтай песні: мора, лебедзь, арол, пёры, якія збіраюць, каб зрабіць падушку для каханага чалавека. Мы заўсёды спяваем яе з велізарнай радасцю. Калі дазваляе прастора, мы ставім барабаншчыцу ў цэнтр, вакол яе выстройваюцца два колы спявачак, а мы самі выходзім танцаваць да гледачоў, каб ахінуць іх хваляй энергіі, якую нясе ў сабе гэтая песня.

Выкананне народных песень — гэта дзівосная справа. Я часта думаю пра тых людзей, праз жыцці якіх прайшлі гэтыя песні. Мне вельмі хочацца аддаць ім даніну павагі і выканаць усё годна, хоць я заўсёды буду толькі госцяй, якая так і не спазнала да канца ні мовы, ні культуры. Мы часта гаворым пра песню як пра жывую істоту, якая праходзіць праз нас, — нібыта існуе велізарны акіян народных песень і нам трэба толькі дазволіць ім цячы праз нас.

Мы глыбока ўдзячныя ўсім, у каго вучыліся, і ўсім культурам, песні якіх выконваем. Народныя спевы — гэта багатая і старажытная традыцыя, і я спадзяюся, што яна захаваецца назаўсёды. У нашу «эпоху экранаў» гэта таксама магутны спосаб аб'яднацца і ўспомніць пра свае карані і продкаў».

Гэта далёка не першы ўсплёск папулярнасці песні за межамі Беларусі. Напрыклад, ролік Laboratorium Pieśni, які натхніў заснавальніцу дацкага хору, набраў на YouTube больш за 17 млн праглядаў. Гэты ж варыянт гучаў у якасці фонавага сэмпла ў трэку рэпера Брутто «Кинотеатр «Дружба».

Яшчэ больш папулярнай у свой час была трэп-версія ад дыджэя з Германіі OmegaSign — яна набрала 28 млн праглядаў.

Каментары11

  • 17 000 000 прагаладаў
    13.10.2026
    БЕРАСЦЬ, i 17 000 000 прагаладаў Laboratorium Pieśni - Sztoj pa moru (Што й па мору) (YouTube)
  • NB
    13.10.2026
    Зграя - гэта пра ваўкоў і амапаўцаў, а лебедзі ды іншыя птушкі лётаюць чародамі. Загадзя дзякуй за праўку.
  • Žvir
    13.10.2026
    Z junactva ŭśviadomiú, što biełaruskija i ŭkrainskija śpievy, heta nieśta pa-za ziamnoje, heta hołas suśvietu.

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Цапкала і Балкунец папрасілі Трампа, каб Літва не дэпартавала Карач і Скіндзерава30

Папа Леў XIV прыняў Боба Дылана. Той фатаграфаваўся ў капюшоне1

Галоўнага ідэолага Белчыгункі адправілі на пенсію — а ён знайшоў новую працу13

Вэнс заклікаў Трампа пачаць перамовы з Іранам, каб спыніць вайну15

Хакеры спрабавалі размарозіць халадзільнікі з донарскай крывёй у Францыі

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос37

Стары тэлескоп NASA, які важыў паўтары тоны і які няўдала спрабавалі выратаваць, упаў на Зямлю1

У Мінску ў «сакрэтным» доме прадаюць кватэру за $1,5 мільёна7

Дызельная ўгода Трампа з Расіяй пад пагрозай зрыву5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць