Выйшла на свабоду апошняя група асуджаных па справе ваўкавыскага чата
Удзельнікі дваровага тэлеграм-чата «Вольныя ваўкі» Вольга Пракопчык, Алена Жукава і Віктар Турчэнік цалкам адбылі прызначаныя тэрміны ў калоніі.

Восенню 2024 года па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў у межах «справы дваровых чатаў». Паводле версіі абвінавачання, удзельнікі чатаў нібыта спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады. 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзілі чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки» і «Соседи».
У Гродзенскім абласным судзе напрыканцы кастрычніка 2025 года суддзя Зінаіда Барцэвіч асудзіла дзевяць жыхароў Ваўкавыска — шэсць жанчын і трох мужчын — за ўдзел у тэлеграм-чаце «Вольныя ваўкі». Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні паводле часткі 3 артыкула 361‑1 Крымінальнага кодэкса. Кожнаму прызначылі пакаранне ў выглядзе тэрміну калоніі і штрафу ў памеры 800 базавых велічынь, што на той момант складала 33 600 рублёў.
Ілля Ходас і Віталь Цынкель атрымалі па два гады і дзевяць месяцаў, Наталля Краўчук — два гады і восем месяцаў, Лілія Юруць, Людміла Шрубок, Вольга Пракопчык, Алена Жукава, Ірына Дабрыновіч і Віктар Турчэнік — па два гады і шэсць месяцаў калоніі.
«Вясне» стала вядома, што 3 кастрычніка на свабоду выйшлі Вольга Пракопчык, Алена Жукава і Віктар Турчэнік. Пры гэтым яны сталі апошнімі, хто вызваліўся па гэтай справе, бо астатнія шэсць чалавек на волі з 20 сакавіка 2026 года.
Ілля Ходас, Віталь Цынкель, Наталля Краўчук, Лілія Юруць, Людміла Шрубок і Ірына Дабрыновіч трапілі ў лік вялікай групы палітвязняў, вызваленых у выніку сакавіцкага візіту ў Мінск Джона Коўла. Тады выйшлі на волю 250 палітвязняў, і пераважнай большасці з іх нават дазволілі застацца ў Беларусі.
Каментары
"По версии обвинения, участники чатов якобы пытались объединиться в организацию с целью захвата власти."
Лукашисты уже давно объединились с целью захвата власти и даже осуществили это. Когда-то и за это придется отвечать.