Грамадства77

Забойца гея Пішчэўскага выйшаў на волю і не плаціць грошай, бо беспрацоўны

Амаль тры гады таму каля менскай кавярні «Андэрволд» у выніку канфлікту атрымаў сьмяротную траўму галавы бізнэсовец, гей Міхаіл Пішчэўскі — яго ўдарыў былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч, які адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі зьбіраліся на вечарыну, каб абражаць людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі крыўднымі словамі.

Гэтак высьветліў першы суд над Лукашэвічам, які праходзіў, калі Пішчэўскі яшчэ ляжаў у коме. Што той пачуў ад Лукашэвіча крыўднае слова, што перапытаў «хто тут п….ры?» і адразу ж атрымаў кулаком у скронь. Далей для Пішчэўскага былі ўдар галавой аб асфальт, непрытомнасьць, апэрацыя, кома з пробліскамі прытомнасьці, пакуты і сьмерць у кастрычніку 2015 году. А для Лукашэвіча (які зьбег, але потым вярнуўся на месца злачынства) — сьледзтва пад вартай, першы і другі суд, прысуд у 2 гады калёніі, датэрміновае вызваленьне па амністыі і зноў суд, які нанясеньне цяжкай траўмы перакваліфікаваў у забойства па неасьцярожнасьці ды прысудзіў злачынцу ўжо 3 гады зьняволеньня. Пры гэтым суд так і не прызнаў у дзеяньнях Дзьмітрыя Лукашэвіча варожасьці паводле гамафобіі, чаго дамагалася адвакатка.

Трэці суд па справе гея Міхаіла Пішчэўскага адбыўся ў ліпені 2016 году. Паводле падлікаў прэсы, на волю прызнаны ў забойстве Дзьмітры Лукашэвіч павінен быў выйсьці ў канцы лета 2017-га. Аказалася, Лукашэвіч ужо 5 месяцаў як выйшаў датэрмінова.

«Ды ён ужо на волі са студзеня. Сказала судовая выканаўца, што дагэтуль нідзе не працуе, таму грошай ад яго мы не атрымліваем. Як сядзеў пасьля суду спачатку ў СІЗА, а потым трапіў у калёнію, дык за гэты час судовыя выканаўцы змаглі зь яго спагнаць толькі па 50 рублёў нам з братам ды 120 маці. Усяго 220. Гэта ўсё за 9 месяцаў. Маёмасьці ў яго, сказалі, няма, браць няма чаго. Карацей, намякалі нам падчас суду, што нічога мы ад яго не атрымаем, гэтак і выходзіць», — сказала карэспандэнту Свабоды сястра нябожчыка Міхаіла Пішчэўскага Тацяна.

Суд прысудзіў спагнаць са Зьмітра Лукашэвіча ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду 10 тысяч рублёў на карысьць маці Міхаіла Пішчэўскага Валянціны Фёдараўны, і па 5 тысяч рублёў — ягоным брату Віталю і сястры Тацяне.

Пытаюся ў Тацяны: як склалася іхнае жыцьцё пасьля суду над забойцам брата?

«Ды неяк паціху нармалізуецца. Адплакалі, адгаравалі, крыху супакоіліся. Хаця на могілках бываем вельмі часта, але ўжо ня так усё балюча, як было адразу. Толькі як успамінаем, што Міша пакутаваў, калі ляжаў у коме, дык вельмі дрэнна зноў. Усё абмяркоўвалі гэта, і падумалася, што лепш бы ён Мішу адразу забіў, чым гэтак прымусіў мучыцца. Разумею, што нельга гэтак казаць і думаць, але вось думаецца. А ў нас пакрыху лепш. Маці жыве са мной, на працу ўжо не пайшла. Дачка ў мяне падрастае, ужо 4 гады. Сама працую. Брат Віталік знайшоў іншую дзяўчыну, тая ж жонка яго кінула, як сядзеў зь Мішам, дык ужо жаніцца зьбіраюцца. Можа, будзе ўсё зноў добра. Хаця бязь Мішы гэта ўжо ня тое. Мы яго заўсёды ўспамінаем і ніколі не забудзем».

17 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй. Беларускія праваабаронцы кажуць, што ў краіне справы аб гамафобіі амаль не даходзяць да суду ці атрымліваюць зусім іншую кваліфікацыю.

«Ведаю толькі адзін выпадак, калі суд прызнаў, што злачынства ўчынілі з прычын гамафобіі. У лютым 2016 году Першамайскі суд Менску прызнаў, што на маладога чалавека напалі, зьбілі і абрабавалі яго менавіта таму, што ён гей. Але, на жаль, гэты матыў — гамафобія — ня быў прызнаны ў справе аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага», — кажа праваабаронца «Вясны» Тацяна Равяка.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію5

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію

Усе навіны →
Усе навіны

У Ратамцы ў красавіку прадалі самую дарагую кватэру ў Мінскай вобласці3

Гісторыя 12‑гадовай Веры ў мінскай інфекцыйнай бальніцы настолькі ўразіла беларусаў, што цяпер чарга з ахвотных дапамагчы8

Былая прэс-сакратарка Зяленскага пайшла да Такера і пераказала тэзісы расійскай прапаганды28

Ядзерны рэактар пад Мінскам, які ўзводзілі жыхары Прыпяці. Гісторыя АЦЭЦ у Дружным, якую ўратаваў і пахаваў Чарнобыль2

Крэмль паказаў, як Пуцін вітаецца з «выпадковым прахожым». Ім аказаўся «свой» чалавек7

Выпускныя вечары для мінскіх адзінаццацікласнікаў пройдуць у новым фармаце. Сёлета будзе некалькі пляцовак2

Галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду пакуль не пачалося6

Кліматолагі папярэджваюць: гэты год можа стаць самым цёплым у гісторыі. І з самай вялікай колькасцю прыродных анамалій8

Трамп назваў «ідэальных пераемнікаў»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію5

Былога вайскоўца з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, абвінавацілі ў «тэрарызме» і адправілі ў калонію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць