Гісторыя3737

«Матачка Божая, Матачка добрая»: знайшоўся старадаўні абразок з беларускай малітвай

Піша краязнаўца Кастусь Шыталь. 

Гэты абразок Маці Божай Вастрабрамскай я знайшоў паміж старонак кніжачкі «Żywy różaniec», якую летась даслала мне Юлія Цярэнцьева з вёскі Зарачча на Браслаўшчыне.

Некалі пра сям’ю Цярэнцьевых, якія кінулі Мінск і пераехалі на Паазер’е, я прачытаў у «Нашай Ніве». Знайшоў Юлію Цярэнцьеву на фэйсбуку і даслаў запыт у сябры. Гэтае віртуальнае знаёмства прывяло да цікавай знаходкі. Аднойчы Юлія напісала, што ў яе ёсць старыя каталіцкія выданні і папрасіла парады, што з імі рабіць. Я прапанаваў даслаць іх мне і паабяцаў перадаць іх у музей Віцебскай дыяцэзіі, калі ён будзе створаны (размовы пра музей ходзяць у дыяцэзіі не першы год).

Чытайце таксама: Сям’я мінчукоў з’ехала жыць у вёску пад Браславам: «Тут лепшае асяроддзе для жыцця з дзецьмі. І школа лепшая, і людзі»

У старых малітоўніках і рэлігійных кніжках часта можна знайсці папяровыя абразкі. Іх укладалі як закладкі між старонкамі ці проста, каб не згубіўся. Разгарнуўшы кніжачку «Żywy różaniec», якую даслала мне Юлія, я знайшоў моцна патрапаны каляровы абразок Маці Божай Вастрабрамскай. Перагарнуў яго — і быў вельмі здзіўлены.

На зваротным баку абразка быў надрукаваны верш па-беларуску лацінкай. Частка тэксту страчана, аднак лёгка было зразумець, што гэта за верш. «Матачка Божая, Матачка Добрая, бедныя дзеці мы клічам Цябе…» — песню на гэтыя словы, злёгку змененую, сёння спяваюць у многіх беларускіх касцёлах.

Простыя і натхнёныя словы, напісаць якія мог толькі такі аўтар, які не толькі паэтычны дар меў, але і добра ведаў душу беларуса-селяніна.

Матачка Божая, Матачка добрая,
Бедныя дзеці, мы клічам Цябе.
Песняй пакорнаю мольбы складаючы,
Сэрцы свае аддаём мы Табе. 

Нас, сваіх дзетачак, што ў Цябе просяцца —
Матачка Добрая, Ты пашкадуй;
Ласкай аджыўчаю Бога Прадвечнага,
Матачка Божая, нас абдаруй.

Вылеч Ты сэрца нам раны глыбокія,
Міласцяй чыстаю нас запалі,
Каб хвала Божая ўмест жальбы вечныя,
Ў неба ляцела, ляцела з зямлі. 

Светам нябесным галовы нам цёмныя,
Матачка Божая, Ты асвяці,
Каб мы пазналі Мудрасць Адвечную,
Богу служылі тут верна ў жыцці. 

Дай жа нам, дзеткам, дарожаньку простую,
Хвіліну смерці шчасьлівую дай.
Вядзі нас, Матачка, зоранька ясная,
У вечную хвалу, у цудны Божы рай.

Гэтая рэлігійная песня лічыцца народнай. У пачатку ХХ стагоддзя яе паклаў на музыку ксёндз Фабіян Абрантовіч, які быў беларусам і ідэйным прыхільнікам беларускага адраджэння. Песня была надрукаваная ў малітоўніку «Голас душы», выдадзеным у 1926 годзе ў Вільні. Укладальнікам гэтага малітоўніка быў ксёндз Канстанцін Стэповіч.

На абразку няма ні даты і месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай улады на друк. Паходжанне абразка — загадка. Трэба сказаць, што каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку І Сусветнай вайны. Прынамсі такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы калекцыю каталіцкіх абразкоў, якую я сабраў у ваколіцах Глыбокага. Абразкі, датаваныя міжваенным перыядам, такога афармлення не мелі.

Гістарычных звестак пра друк беларускіх абразкоў перад І Сусветнай вайной вельмі мала. У 1912 годзе Рамуальд Зямкевіч перасылаў Аляксандру Ельскаму «абразок Маці Божай Вастрабрамскай з вершаванай малітвай пяра Сыракомлі. Гэты абразок быў выдадзены ў бягучым годзе коштам маім [г. зн., Зямкевіча] і пана Власта (Вацлава Ластоўскага)». Яўхім Карскі піша, што «Образки… с белорусскими молитвами на обороте напечатаны в 1913 г. в Вильне и Кракове».

Ці не адзін з абразкоў гэтага выдання знайшоўся на Браслаўшчыне?

Гісторык літаратуры Вячаслаў Мартысюк з Брэста адказаў мне, што верш «Матачка Божая, Матачка Добрая…» стылістычна не падобны да вершаў Сыракомлі. Аднак, можа, усё ж Зямкевіч і Ластоўскі надрукавалі абразок з гэтым вершам, але памыляліся, прыпісваючы яго аўтарства Сыракомлю?

Мы не ведаем іншага абразка Маці Божай Вастрабрамскай таго часу з вершам па-беларуску.

У любым выпадку, гэты абразок — адно з першых каталіцкіх выданняў часоў беларускага Адраджэння. Спадзяюся, навукоўцам удасца высветліць яго паходжанне.

Яшчэ адна акалічнасць звяртае на сябе ўвагу. Абразок моцна патрапаны, забруджаны пальцамі сялянскіх рук. Гэтаксама выглядаюць у старых малітоўніках старонкі з папулярнымі малітвамі, якімі чалавек маліўся сотні, тысячы разоў.

Падобна, што верш «Матачка Божая, Матачка Добрая…» быў адной з улюбёных малітваў чалавека, якому гэты абразок належаў.

Каментары37

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль2

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Праз Санкт-Пецярбург у Вялікабрытанію хацелі вывезці кавалак метэарыта вагой у 2,5 тоны. У Расію яго прывезлі з Беларусі3

Самы дарагі дом у студзені купілі ў мінскай Зацані1

Генерал Аляксееў, у якога сёння стралялі ў Маскве, датычны да катавання абаронцаў «Азоўсталі». Пракапенка: Справу давядзём да канца6

Санаторыі хочуць, каб беларусы плацілі столькі ж, колькі расіяне. Наколькі можа падаражэць адпачынак?5

«Часам хочацца напіцца, каб галава круцілася». Турчын прынёс Лукашэнку на нараду бляшанку снюсу11

Стась Карпаў: Я заўважыў тры Марыі29

У Віцебску паказалі, як адбудуюць згарэлы год таму гандлёвы цэнтр «Беларусь» ФОТЫ1

Пад Мінскам ёсць таямнічае месцейка, дзе можна паўнавартасна паабедаць за 5—10 рублёў8

Лаўроў назваў замах на генерала Аляксеева спробай сарваць перамовы4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль2

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць