Суд Віцебскага раёна вынес прысуд у дачыненні былога настаўніка фізкультуры адной са школ у Віцебскім раёне, якога падазравалі ў інтымнай сувязі з 14-гадовай вучаніцай. Паводле рашэння суда мужчына правядзе 8 гадоў у калоніі строгага рэжыму. Пра гэта TUT.BY паведаміла Вольга, маці дзяўчыны.

Інцыдэнт адбыўся ў 2016 годзе ў адным з аграгарадкоў у Віцебскім раёне. Яе героі — 61-гадовы настаўнік фізкультуры і яго выхаванка — 14-гадовая школьніца. Паміж імі, па словах маці дзяўчынкі, узніклі пачуцці, якія прывялі да інтымных адносінаў. Мужчыну арыштавалі, а васьмікласніца перайшла ў іншую школу — на старым месцы яе зацкавалі дзеці.
У дачыненні да мужчыны спачатку распачалі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 168 Крымінальнага кодэкса (Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту). Але потым, па словах Вольгі, перакваліфікавалі на частку 2 артыкула 166 КК (Згвалтаванне заведама непаўналетняй).
— Педагог адмаўляў на судзе сваю віну, але следства яе даказала. Пракурор патрабаваў для абвінавачанага 9 гадоў пазбаўлення волі, але суд прысудзіў яго да 8 гадоў у калоніі строгага рэжыму, — распавяла Вольга.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў сілу, абвінавачаны мае намер яго абскардзіць.
Па словах Вольгі, яе дачка ў новым навучальным годзе пойдзе вучыцца ў тую ж школу, куды маці перавяла яе пасля таго, як даведалася пра інтымную сувязь з настаўнікам фізкультуры. Дзяўчына доўга знаходзілася ў прыгнечаным стане.
— Але, на шчасце, дачку з гэтага стану вывелі. З ёй вельмі шмат працавалі псіхолагі. Перажыўшы такую сітуацыю, я раю ўсім жанчынам, якія ў адзіночку выхоўваюць дачок, ставіцца да іх больш уважліва і больш пяшчотна.
Каментары