Віртуальная і дапоўненая рэальнасць: што гэта і ў чым адрозненне?
Апошнім часам з’явілася шмат новых спосабаў узаемадзеяння чалавека з мабільнай электронікай. Такія словы як «віртуальная і дапоўненая рэальнасць», «інтэрнэт рэчаў», «блокчэйн», «нейрасеткі», а таксама розныя «разумныя» рэчы, усё больш ўваходзяць у паўсядзённасць. Мы вырашылі стварыць цыкл артыкулаў, у якіх будзем распавядаць пра самыя новыя тэхналогіі. Наша мэта — дапамагчы вам не заблытацца ў сучаснай тэрміналогіі, якая ўсё часцей ужываецца ў СМІ, у тым ліку на старонках «Нашай Нівы».
Мы ўжо распавядалі пра тое, што ахоплівае паняцце «інтэрнэт рэчаў».
Чытайце: «Чалавек будзе абгорнуты»: як «інтэрнэт рэчаў» зменіць наша штодзённае жыццё
Цяпер давайце разбяромся, што такое «віртуальная» і «дапоўненая» рэальнасці і ў чым іх кардынальнае адрозненне.
Віртуальная (штучная) рэальнасць
Паняцце штучнай рэальнасці было ўпершыню сфармулявана амерыканскім камп’ютарным мастаком Майранам Кругерам у канцы 1960-х. У той час гэта было нечым вельмі фантастычным, і мала хто мог паверыць, што праз пяцьдзясят год чалавек зможа паглыбіцца ў новую, самастойна створаную, рэальнасць.
Галоўнай мэтай віртуальнае рэальнасці (VR, ад анг. virtual reality) з'яўляецца перанос карыстальніка з рэальнага свету ў абсалютна новы, створаны з дапамогай адпаведных камп’ютарных вылічэнняў. VR — гэта набор спосабаў для перамяшчэння і ўзаемадзеяння ў віртуальным свеце.
Віртуальная рэальнасць імітуе як ўздзеянне на чалавека, так і рэакцыі на гэтае ўздзеянне. З дапамогай спецыяльных тэхнічных прыладаў яна перакідвае чалавека ў свет, які перадаецца карыстальніку праз яго адчуванні: зрок, слых, нюх, дотык.
Найбольшую распаўсюджанасць атрымалі адносна танныя і кампактныя акуляры віртуальнае рэальнасці: Samsung Gear VR, Playstation VR, LG 360 VR і шмат іншых — з кожным годам іх з’яўляецца ўсё больш. Большасць такіх акуляраў працуе пры дапамозе ўстаўленага ў іх смартфона і перадачы яго выявы чалавеку праз лінзы ў акулярах.
Такія гаджэты здольныя ўспрымаць кручэнне галавы, але не разумеюць рухаў цела, бо для гэта патрэбная якая-небудзь знешняя камера. Таму ўсё, што можа карыстальнік, — прысутнічаць у віртуальнай рэальнасці, а таксама праводзіць невялікія дзеянні з дапамогай кіравання галавой ці кнопкай на саміх акулярах, але ж не можа рабіць самага цікавага: перамяшчацца, «жыць» у віртуальным свеце.
Для стварэння «ідэальнай», то бок найбольш рэалістычнай, віртуальнай рэальнасці, выкарыстоўваюцца складаныя тэхнічныя сродкі, якія забяспечваюць вялікую колькасць ступеней свабоды (нахіленне галавы, гарызантальныя і вертыкальныя рухі галавой, перамяшчэнні цела і іншыя).
Існуе нават так званы «віртуальны рэтынальны манітор», які праецыруе карцінку на вока, і чалавек бачыць новую рэальнасць наўпрост перад сабой. Такія тэхналогія з’яўляюцца вельмі дарагімі і рэдка выходзяць за межы навуковых лабараторый, кінастудый і іншых спецыялізаваных установаў.
Дапоўненая рэальнасць
Дапоўненая рэальнасць (AR, ад анг. augmented reality) — гэта тэхналогія, якая дазваляе дадаваць малюнкі, гук, відэа і іншыя элементы у рэальны свет з дапамогай камп'ютэрных тэхналогій, якія робяць усё гэта ў рэжыме рэальнага часу.
Самым вядомым прыкладам выкарыстання дапоўненае рэальнасці ёсць намаляваная на рэальнай выяве траекторыя палёту шайбы падчас хакейнага матчу або адсочванне палажэння розных гульцоў.
Для стварэння дапоўненае рэальнасці можна абысціся без спецыяльных акуляраў ці шлемаў. Апошнія распрацоўкі дазваляюць выкарыстоўваць яе з дапамогай звычайных смартфонаў і планшэтаў.
Самы сучасны прыклад — прэзентаваная ў чэрвені 2017 года кампаніяй Apple тэхналогія ARKit. Дастаткова навесці тэлефон або планшэт, напрыклад, на стол, і на экране вы ўбачыце новы свет, які існуе наўпрост на вашым стале і вакол яго.
Дапоўненая рэальнасць адкрывае сапраўды вялікія магчымасці. Напрыклад, скарыстаўшыся гэтай тэхналогіяй, кампанія IKEA стварыла мабільны дадатак, які дазваляе паглядзець, як будзе выглядаць той ці іншы прадмет інтэр’еру ў вашым пакоі, проста зірнуўшы на яго праз экран мабільнае прылады. Падобным чынам можна ўбачыць на вуліцах горада пакемонаў падчас баўлення часу з папулярнай гульнёй Pokemon GO.
Карэннае адрозненне двух апісаных вышэй відаў рэальнасці ў тым, што віртуальная канструюе новы штучны свет, а дапоўненая толькі ўносіць асобныя штучныя элементы ва ўспрыманне свету рэальнага.
Практычная ж розніца VR і AR заключаецца ў розных ступенях складанасці ажыццяўлення гэтых тэхналогій. Але і першая, і другая, відавочна, маюць вялікі патэнцыял і могуць адыграць вялікую ролю ў развіцці цывілізацыі.
Каментары