Літаратура99

Памёр літаратурны крытык Дзмітрый Бугаёў

Сёння ўначы памёр вядомы беларускі крытык і літаратуразнаўца Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў.

Дзмітры Бугаёў нарадзіўся 12 студзеня 1929 г. у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна. Пасля вайны працаваў настаўнікам у Крытышынскай сямігадовай школе Іванаўскага раёна і адначасова займаўся на факультэце мовы і літаратуры Магілеўскага педінстытута. З 1964 г. — дацэнт БДУ. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.

Якое б тысячагоддзе не стаяла за вакном, Дзмітрый Бугаёў рабіў стаўку на шчырую працу, даследаванне лепшага ў бягучым літпрацэсе і актуалізацыю спадчыны. Сёння, як гэта ні абсурдна, даволі лёгка можна ўявіць, якой смеласцю было — займацца ў 1950-я і 1960-я гады творчасцю пісьменнікаў даваеннай пары, творчасцю былых палітзняволеных, па сутнасці.

Далёка не кожны літаратуразнаўца наважваўся на гэта: сталінскія кадры працягвалі працаваць і ў апараце кампартыі, і ў кіраўніцтве акадэмічнай навукай, ды і ў асяроддзі самога Саюза пісьменнікаў. Тым не менш, для Дзмітрыя Якаўлевіча, чый бацька ў 1936-м не вярнуўся пасля чарговага арышту, падобны выбар быў натуральны. Ён ведаў вартасць таго часу, і не меў наконт яго ніякіх ілюзій. Але ў адкрытую гаварыць праўду пра сталінскія зверствы ён не мог. Сёй-той сказаў бы сёння: дык навошта тады было ісці на кампрамісы, пісаць пра «асобныя недахопы», «пэўныя памылкі» і г.д.? Можна адказаць з усёй пэўнасцю: таму што іначай гаварыць пра рэпрэсаваных пісьменнікаў было нельга. Але — зерне біяграфічных дадзеных, аналіз твораў, ачышчэнне іх ад вульгарна-сацыялагічных наносаў, і, у выніку, — выданне манаграфій і збораў твораў, пад афіцыйным акадэмічным грыфам, што лепш за ўсякую даведку рэабілітоўвала пісьменніка, уключала яго творчасць у фундаментальныя распрацоўкі, універсітэцкія праграмы і г.д. Так, пакрысе паўставала новая, непрыгладжаная пастановамі ЦК карціна літаратуры.

Дзмітрый Бугаёў быў адным з тых падзвіжнікаў, якія паступова, год за годам, праводзілі рэабілітацыю літаратуры 1920-х гадоў, уключалі яе шматгранную палітру ў афіцыйную акадэмічную гісторыю літаратуры.

Ягоныя манаграфіі пра Уладзіміра Дубоўку (1965) і Максіма Гарэцкага (1968) і сёння чытаюцца з цікавасцю. Аналізуючы раннія апавяданні Лынькова (1963) і «Хто смяецца апошнім» Крапівы (1971), прозу Барыса Мікуліча і Васіля Каваля (1959-1960), творчасць Платона Галавача (1973), Бугаёў перш за ўсё падкрэсліваў той нязломны пісьменніцкі характар, маральную прынцыповасць, якія, можа, не заўсёды і не ўсім нашым літаратарам былі ўласцівыя, аднак для гісторыі (і гісторыі пісьменства ў тым ліку) надзвычай важныя.

Перабудова і гады незалежнасці адкрылі Бугаёва - бескампраміснага крытыка таталітарнай сістэмы, камуністычнай утопіі, абаронцу нацыянальнага праекту Беларусі. Адкінуўшы былыя забароны, па-новаму глянуў ён на прозу Васіля Быкава ў кнізе «Праўда і мужнасць таленту», па-новаму ацаніў беларускую і расійскую літаратуру пра калектывізацыю. Крытычны погляд Бугаёва часта быў скіраваны не на паэтыку твора, а на адлюстраванне літаратурай жыцця. І наколькі вастрэйшай была праўда, выказаная пісьменнікам; наколькі меў ён адвагі назваць рэчы сваімі імёнамі, настолькі быў ён Дзмітрыю Бугаёву цікавы.

«Цяпер увогуле лёгка крычаць, бо ўсё дазволена. І нічым не трэба рызыкаваць. А тады нам усім многае давалася з вялікімі пакутамі, кожная пераацэнка давалася з боем», — успамінаў у 1992 годзе Дзмітрый Бугаёў у адным з інтэрв’ю.

Успомнім пра гэта і мы ў дні развітання з патрыярхам нацыянальнай крытыкі, прафесарам, кандыдатам, лаўрэатам…

***

30 снежня ў рытуальнай залі Лечкамісіі а 13.00 адбудзецца развітанне і грамадзянская паніхіда.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта было КДБ20

Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта было КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс33

На чэмпіянат свету па футболе едуць тры былыя гульцы першынства Беларусі

Пачобут: Зараз мы з жонкай толькі спрабуем навучыцца жыць разам нанова8

Ёсць відавочная прыкмета таго, што мужчына хоча з вамі сустракацца26

Ізраіль і Ліван дамовіліся аб спыненні агню. Галоўнай умовай застаецца адмова «Хезбалы» ад абстрэлаў

Атручэнне дзяцей у Барысаве адбылося ў 11 садках8

Германія, Францыя і Брытанія распрацоўваюць план далучэння Расіі да перамоваў7

Рыбы спяць значна больш падобна да людзей, чым лічылася. І нават любяць днём падрамаць5

Літва заявіла пра гатоўнасць прыняць амерыканскую ядзерную зброю8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта было КДБ20

Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта было КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць