Усяго патроху99

Сляды на старажытных зубах істотна адсунулі пачатак гісторыі ўжывання людзьмі наркатычных рэчываў

Чалавецтва эксперыментуе з рэчывамі, што змяняюць свядомасць, значна даўжэй, чым лічылася дагэтуль. Вучоныя знайшлі сведчанні таго, што ўжо 25 тысяч гадоў таму жыхар аднаго з астравоў Інданезіі рэгулярна ўжываў псіхаактыўны стымулятар. Высветліць гэта дапамаглі яго зубы.

Пячора Леанг-Булу-Бетуэ на інданезійскім востраве Сулавесі, дзе знайшлі парэшткі чалавека, які жыў 16—25 тысяч гадоў таму. Фота: Wikimedia Commons

Імкненне чалавека выкарыстоўваць рэчывы, якія ўплываюць на псіхіку, мае глыбокія карані. Нашы продкі гатавалі ферментаваныя напоі, выкарыстоўвалі опіумны мак і эксперыментавалі з раслінамі, якія мелі псіхаактыўнае дзеянне.

Аднак вызначыць, калі менавіта пачалася гэтая гісторыя, складана. Расліны і напоі рэдка захоўваюцца на працягу тысячагоддзяў, таму даследчыкам даводзіцца шукаць ускосныя сляды іх ужывання.

Дагэтуль найстаражытнейшым задакументаваным сведчаннем ужывання рэчываў з псіхаактыўным эфектам лічылі піва, якое варылі на тэрыторыі сучаснага Ізраіля каля 13 тысяч гадоў таму.

Цяпер, як піша The New York Timеs, новая знаходка з інданезійскага вострава Сулавесі адсоўвае гэтую мяжу яшчэ далей у мінулае. Востраў даўно прыцягвае ўвагу археолагаў. Менавіта там знаходзяцца найстаражытнейшыя вядомыя ўзоры наскальнага мастацтва, якім каля 67 тысяч гадоў. 

Дзіўныя сляды на зубах

У 2017 годзе ў пячоры Леанг-Булу-Бетуэ археолагі знайшлі сківіцу і зубы паляўнічага-збіральніка, які жыў прыкладна ад 16 да 25 тысяч гадоў таму. Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягнулі яго кутнія зубы. На іх былі глыбокія незвычайныя баразёнкі, паходжанне якіх спачатку заставалася загадкай.

Зубы двух старажытных жыхароў Сулавесі са слядамі характэрнага зносу. Уверсе (A, B) — фрагмент сківіцы чалавека, які жыў 16—25 тысяч гадоў таму. Ніжэй (C—H) — зубы чалавека, які жыў каля 7 тысяч гадоў таму. Стрэлкамі і пункцірам пазначаныя характэрныя баразёнкі на зубах, якія даследчыкі звязваюць з працяглым смактаннем бетэльных арэхаў. Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Паколькі паміж гэтымі людзьмі былі тысячы гадоў, даследчыкі выказалі здагадку, што незвычайныя баразёнкі маглі ўзнікаць у выніку нейкай звычкі, якая доўгі час існавала ў гэтым рэгіёне.

Адной з галоўных версій стала ўжыванне арэхаў бетэлевай (арэкавай) пальмы. Гэтая традыцыя дагэтуль шырока распаўсюджаная ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Сёння такія арэхі ўжываюць больш за 600 мільёнаў чалавек.

Арэхі ўтрымліваюць арэкалін, які аказвае стымулюючае і псіхаактыўнае ўздзеянне. Сёння іх звычайна жуюць разам з гашанай вапнай, якая спрыяе вызваленню гэтага рэчыва. Але такая практыка з'явілася значна пазней.

Рэгіён распаўсюджання традыцыі ўжывання арэхаў бетэлевай (арэкавай) пальмы пазначаны фіялетавай лініяй. На ўрэзцы паказаны інданезійскі востраў Сулавесі і месцы дзвюх археалагічных знаходак: пячора Леанг-Булу-Бетуэ (1) і Леанг-Капаломба-1 (2). Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Даследчыкі мяркуюць, што старажытныя жыхары Сулавесі маглі проста доўга смактаць арэхі і так атрымліваць псіхаактыўны эфект. Лабараторны аналіз выявіў на зубах абодвух старажытных людзей сляды арэкаліну.

Навошта яны гэта рабілі

Па меркаванні экспертаў, першапачаткова арэхі маглі выкарыстоўвацца як сродак для зняцця болю. Аднак пастаяннае механічнае ўздзеянне сцірала зубы да пульпы, што выклікала яшчэ большы зубны боль. Такім чынам, старажытныя людзі траплялі ў замкнёнае кола залежнасці: яны былі вымушаныя спажываць усё больш пладоў, каб суцешыць боль, які самі ж гэтыя арэхі і правакавалі.

Арэхі бетэлевай (арэкавай) пальмы. Фота: Wikimedia Commons

Зрэшты, лячэбнае выкарыстанне — толькі адна з магчымых версій. Сёння бетэльныя арэхі ў многіх культурах маюць таксама сацыяльнае, культурнае і рытуальнае значэнне. Якую ролю яны адыгрывалі на Сулавесі тысячы гадоў таму, навукоўцы пакуль не ведаюць.

У любым выпадку знаходка адсоўвае вядомую гісторыю ўжывання чалавекам псіхаактыўных рэчываў на тысячы гадоў у мінулае і паказвае, што эксперыментаваць з такімі раслінамі людзі маглі значна раней, чым лічылася.

Каментары9

  • Жвір
    15.09.2026
    ., чай ды кава не выклікаюць залежнасьці, ды яшчэ такой, якой не магчыма пазбавіцца без медыкаментаў. Да таго ж, чай, кафеін і тытунь не псыхаактыўныя сродкі. Што тычыцца алкаголю, дык яго тут, калі вы не заўважылі, упамянулі. Іншая справа, што здабыць яго было значна складаней, чым тыя арэкі, ці лісьце кокі, напрыклад, якое ўжывалася/жавалася тубыльцамі ліціносіі ад пачатку часу...
  • Таксіколяг
    15.09.2026
    Жвір , лухта. Спытайце любога таксаколяга пра чай і каву, даведаецеся шмат цікавага і пра псіхаактыўнасць, і пра залежнасць. Можаце і сядзельцаў спытаць пра чаёк-чыфірок. А на залежнасці ад кавы пабудаваная гіганцкая індустрыя і сацыяльны культ.
  • .
    15.09.2026
    Мая задача была не параўноўваць па складаных крытэрыях розныя рэчывы (куды ізноў зацягваеце), а паказаць, што характарыстыка пра наркотыкі, якая з’явілася толькі ў загалоўку, ёсць тыповае перабольшванне са зменай сэнсу, клікбэйт.

Цяпер чытаюць

34‑гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна адправілі ў калонію па палітычнай справе14

34‑гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна адправілі ў калонію па палітычнай справе

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам легкавік сутыкнуўся з лесавозам, кіроўца загінуў

«Калі ласка, без сюрпрызаў!» Мерц засцярог Трампа ад другога Анкорыджа7

21‑гадоваму Сямёну Малашэнкаву, сыну прапагандыста «Спутніка», прысудзілі 4 гады калоніі па палітычнай справе1

Алег Шулякоўскі прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў4

Палітзняволенаму мастаку Алегу Ларычаву прысудзілі 7 гадоў калоніі7

«Абсалютна абуральна». Фінляндыя адкінула патрабаванні Расіі11

У Мінску развялося шмат варон. Чаму так і што з гэтым рабіць?7

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі93

У Жыткавіцкім раёне сутыкнуліся грузавік і маршрутка з пасажырамі. Десяць чалавек трапілі ў бальніцу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

34‑гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна адправілі ў калонію па палітычнай справе14

34‑гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна адправілі ў калонію па палітычнай справе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць