Украінскія дыпламаты ад імя Парашэнкі перадалі маці Міхаіла Жызнеўскага сучасны інвалідны вазок ФОТА
Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім учора, 17 лютага, пабываў з супрацоўнікамі пасольства ў Гомелі, каб перадаць ад імя ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі інвалідны вазок Ніне Жызнеўскай, маці героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага.
«Калі б вы ведалі, Ніна Васільеўна, клопат пра вас і вашу сям'ю знаходзіцца на асабістым кантролі прэзідэнта Украіны. Ён, даведаўшыся, што вы маеце патрэбу ў такім вазку, распарадзіўся набыць і перадаць вам. Для нас ваш сын — гэта справа Украіны. Мы шануем сваіх герояў», — цытуе украінскага пасла Радыё «Свабода».
Калыска выраблена ў Польшчы, трывалая і, што важна, лёгкая, усяго 15 кілаграмаў.
«Нармальна, акурат для мяне. Аж не верыцца. Увосень, калі Ігар Юр'евіч прыязджаў наведаць магілу Міхаіла, я сказала аднаму з супрацоўнікаў пасольства, што мне надзвычай цяжка хадзіць. Не забыліся, вялікі дзякуй. Дзякуй і ўкраінскаму прэзідэнту — ён трымае сваё слова», — дзякуе за падарунак Ніна Васільеўна.
Пасол Ігар Кізім паведаміў, што для мужа і жонкі Жызнеўскіх падбіраюць санаторый ва Украіне, каб вясной яны маглі падмацаваць здароўе.
Каментары