Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»99

Эўропа здымае табу

Чорны сьпіс мінімізаваны. Лукашэнку вырашылі пусьціць у Эўропу. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Эўразьвяз прыпыніў на паўгоду візавыя санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і шэрагу высокіх чыноўнікаў, паведамілі 13 кастрычніка інфармацыйныя агенцтвы. У чорным сьпісе засталіся толькі чацьвёра фігурантаў мэмарандуму Пургурыдэса ды кіраўніца Цэнтарвыбаркаму.

Гэты крок Эўропы, зроблены на паседжаньні міністраў замежных спраў ЭЗ у Люксэмбургу, выкліча трыюмф у тутэйшай кіроўнай вярхоўцы. Прагматычны чыннік, да якога так доўга апэлявалі беларускія ўлады, узяў верх ў Брусэлі.

Гэты крок спародзіць рэзкую крытыку з боку беларускай палітычнай апазыцыі, ва ўсякім разе значнай яе часткі. Калі вынесьці за дужкі вызваленьне вязьняў, то Лукашэнка не саступіў заходнікам ні каліва — і дамогся свайго.

Гэты крок можа дадаць пэсымізму нашай грамадзянскай супольнасьці. Бо надта многія перакананыя: з боку Менску ў дачыненьнях з Брусэлем ўсё абмяжуецца «кідалавам».

Зрэшты, шэраг незалежных экспэртаў лічаць, што Эўропа абрала рэалістычны шлях. Калі не працуюць сцэнары каляровых рэвалюцый, мо' спрацуе мэтад ціхае сапы?

Галоўнае пытаньне: ці сапраўды будзе нейкі плён ад новага падыходу заходнікаў? Ці дасьць эфэкт тая «дарожная карта»?

Пра яе шмат кажуць, але ніхто пакуль што ня бачыў у вочы хаця б грубай прыкідкі. Хаця сам прынцып зразумелы: робіце такую вось саступку — атрымліваеце вось такі бонус. Эўрапарлямэнтары, напрыклад, прапануюць, каб цягам выпрабавальнага паўгадавога тэрміну беларускія ўлады перагледзелі нядаўна прыняты закон аб СМІ. Ці разгоняцца? Пакуль што чыноўнікі прагаворваюцца пра адваротнае: цішком рыхтуецца пастанова пра рэглямэнтацыю інтэрнэту.

Выбары "стэрыльнага" парлямэнту засьведчылі, што тутэйшае кіраўніцтва не гатовае саступіць ні кроплі рэальнай ўлады. Таму спадзевы на палітычную лібэралізацыю, разьняволеньне мэдыяў цалкам наіўныя.

Агенцтвы цытуюць эўракамісарку Фэрэра-Вальднэр, якая пасьля сустрэчы зь міністрам Мартынавым патэтычна абвесьціла: «Беларускі народ стаіць перад гістарычным выбарам: рухацца ў кірунку дэмакратыі і незалежнасьці альбо ў кірунку палітычнай стагнацыі». Кладучы руку на сэрца, народ у нас нічога не выбірае. Ну а начальства палітычнай стагнацыяй не напалохаеш. Для каго стагнацыя, а для каго стабільнасьць.

Канечне, мы ня ведаем зьместу кулюарных размоў Сяргея Мартынава ў Люксэмбургу. Зрэшты, калі нават ён нешта паабяцае, дык дзе гарантыі, што беларуская кіроўная вярхоўка разгоніцца тыя абяцаньні выконваць?

У тутэйшага начальства — агромністы досьвед вешаньня локшыны на вушы Маскве пад маркай «братняй інтэграцыі». Цяпер можа распачацца такая ж гумавая «эўраінтэграцыя».

Гэтакія ноткі ўжо гучалі ў нядаўнім інтэрвію Лукашэнкі эўрапейскім газэтам. Маўляў, дайце тэрмін, не ганіце ў шыю, мо' і мы некалі прыдзем на 80% да вашых стандартаў. А 20%, мусіць, варта сьпісаць на "асаблівасьці нацыянальных традыцый". Вунь і ў вас каралеву ніхто не чапае, намякаў афіцыйны кіраўнік газэтчыку з Брытаніі.

Карацей, пакуль выглядае на тое, што Эўропа доўжыць экспэрымэнт зь мізэрнымі шанцамі на посьпех. Але хто прапануе цудадзейную стратэгію?

На фоне таго, што Эўразьвяз называў мінулыя выбары тэстам і зьвязваў пэрспэктывы размарожваньня стасункаў менавіта зь іх вынікамі, шырокі жэст у выглядзе скасаваньня візавага табу выглядае алягізмам, лічыць палітоляг Валер Карбалевіч. Зь яго слоў, адзінае тлумачэньне — геапалітычны інтарэс ЭЗ.

На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, Эўропа зараз мусіць выбіраць паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Ён лічыць, што ў геапалітычным змаганьні з Масквой за ўплыў на Беларусь Захаду варта было б пайсьці і на эканамічную падтрымку.

Ну а калі Лукашэнка, атрымаўшы жаданае ад Эўразьвязу, празь нейкі час, напрыклад, пагодзіцца прызнаць Паўдзённую Асэтыю ды Абхазію? Што тады рабіць брусэльскім стратэгам? Зноў будаваць слоўныя канструкцыі з абаротам «нягледзячы на…»? І колькі такіх «нягледзячы на…» спатрэбіцца Брусэлю, каб зразумець, што Менск яго банальна «разводзіць»?

Так ці іначай, Эўропа вырашыла зрабіць эфэктны ход канём.

Брусэль спрабуе згуляць у геапалітычныя шахматы. Але ж вядома, што каронны ход беларускай улады — дошкай па галаве.

Каментары9

У віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Лізаветы Пракопчык сабралася $12 тысяч даўгоў106

У віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Лізаветы Пракопчык сабралася $12 тысяч даўгоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Што твораць?» Жыхары Брэста ў шоку ад ландшафтных пераўтварэнняў у цытадэлі27

«Я быў аптымістычным». Прэзідэнт Фінляндыі зрабіў змрочны прагноз адносна мірнага пагаднення ва Украіне7

Таксіст адмовіўся везці мінчанку і яе дзіця з аўтызмам12

Ці аднавілася беларускае IT? Лічбы паказальныя26

Галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі плануюць закрыць на рэканструкцыю

Іран прапанаваў ЗША адкрыць Армузскі праліў і скончыць вайну2

Вецер у Мінску валіў дрэвы, пашкоджаныя чатыры аўтамабілі

Трамп прадказаў, што іранскія нафтаправоды ўзарвуцца з-за спынення прапампоўкі1

Кацярына Андрэева расказала, што ў калоніі ім паказалі частку прэс-канферэнцыі Калеснікавай, дзе яна дзякавала Лукашэнку9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Лізаветы Пракопчык сабралася $12 тысяч даўгоў106

У віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Лізаветы Пракопчык сабралася $12 тысяч даўгоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць