Тэатр8989

«Няма грудзей — няма інструмента для знявагі»

У Мінску паказалі беларускую п’есу пра жанчыну, якая выдаліла грудзі праз дамаганні.

21 чэрвеня ў Мінску распачаўся фестываль новай беларускай драматургіі «WriteBox». Варты ўвагі ён найперш таму, што з’яўляецца адзінай даступнай нам магчымасцю пазнаёміцца з тэкстамі сучасных айчынных драматургаў на сцэне, хай і ў фармаце чытанняў. Але сёлета конкурс цікавы яшчэ і вагой тэкстаў, напісаных жанчынамі. На тэмы, якія да гэтага часу не ўздымаліся.

Так склалася, што тэксты беларускіх драматургаў, на жаль, больш цэняць нават у суседняй Расіі, чым у нас. Творы так званых хэдлайнераў постсавецкай драматургічнай прасторы — беларусаў Паўла Пражко, Канстанціна Сцешыка, Максіма Дасько ці Змітра Багаслаўскага — актыўна ставяць за мяжой. У нас жа — рэдкасць. Дзякуючы «WriteBox», які з’явіўся ў 2016 годзе, драматаргія загучала хай і ў фармаце сцэнічных чытанняў, але рэгулярна і з адкрыццём новых імёнаў.

З 37 тэкстаў, дасланых сёлета на фестываль, рыдары склалі шорт-ліст з пяці, на іх погляд, найлепшых. Яшчэ шэсць тэкстаў адзначылі ў асобнай намінацыі, але на чытках прагучыць агулам усяго сем (фестываль працягнецца да 24 чэрвеня).

Адзін з іх — «Мастэктамія» Кацярыны Чэкатоўскай узняў важную і ў нейкай ступені хайповую цяпер тэму: сэксуальны гвалт, асабістая прастора і тое, як яе можна абараніць. Што яшчэ адметна — тэкст напісаны на беларускай мове, а гэта сёння амаль цуд.

Так склалася, што ўсе мужчынскія персанажы «Мастэктаміі» адмоўныя. Драматург тлумачыць: «Я б вельмі хацела, каб былі станоўчыя, але спісвала сюжэты з рэальнасці і адлюстроўвала толькі тое, з чым сутыкалася».

Гэта дэбютны тэкст для Кацярыны, якая раней была знаёмая публіцы па ролях у эксперыментальных, інтэрактыўных тэатрах і па сольных работах у якасці аніматаркі (Кацярыну можна было ўбачыць у пастаноўках тэатра «Галава-нага», «Eye», 42, у спектаклі пра выбух у мінскім метро «11 красавіка», што створаны Лабараторыяй сацыяльнага тэатра ECLAB, часта яна выступала у вобразах жывой статуі на вулічных мерапрыемствах).

Кацярына ў адным са сцэнічных вобразаў.

У бочцы з пазітыўнымі эмоцыямі ад справы, якой яна займаецца, на жаль, ёсць і лыжка дзёгцю. Падчас перформансаў Кацярына не раз была абмацаная мужчынамі. Абсалютна незнаёмыя людзі краналі яе цела, прычым рабілі гэта знянацку, агрэсіўна і рэзка — так, што яна гублялася.

Кацярына расказвае:

«Да напісання п’есы мяне падштурхнулі дзве падзеі, і яны знайшлі ў ёй свой адбітак. Першая здарылася год таму, гэта гісторыя на Камароўцы, яна даволі падрабязна апісаная ў тэксце. Я была агаломшаная сваёй бездапаможнасцю: дзень, шмат народу навокал — і тут такое. Не верылася ў рэальнасць таго, што адбылося. Тады нарадзілася задумка п’есы і яе форма. Адзін з самых яркіх эпізодаў, пра правую і левую грудзі, напісаўся пасля выступу нашага эксперыментальнага тэатра. Падчас спектакля адзін з гледачоў аблапаў нашу актрысу, а пасля, на абмеркаванні, частка глядацкай залі грудзьмі стала ў абарону таго гледача («А што вы хацелі? Гэта ж мужчына, ён па-іншаму не можа» і падобная рыторыка). Гэты эпізод паспрыяў больш хуткаму напісанню п’есы, адкрыў другое дыханне».

Сюжэт п'есы «Мастэктамія» складаецца не толькі з гэтых эпізодаў, але і з іншых гісторый такога вось раптоўнага ўварвання ў асабістую, інтымную прастору: нешта было ўбачана на свае вочы, нешта было вядома па расповедах сябровак і знаёмых.

Злева — рэжысёр Павел Лубчонак. Актрысы: Вольга Палітыка, Анастасiя Гузава, Дар'я Пататурка.

У п'есе асноўны непрыемны досвед звальваецца на галаву галоўнай гераіні Жэні. Дзяўчына становіцца ўдзельніцай тэлешоў «Як я палюбіла сваё цела» і шчыра распавядае аўдыторыі, што выдаліла грудзі. Паступова, па ходу развіцця падзей, становіцца зразумела, што выдаліла яна іх не праз анкалогію ці супервялікі памер, як гэта звычайна бывае, а праз тое, што грудзі пастаянна станавіліся аб'ектам сэксуальнага, жывёльнага жадання.

Для яе такі радыкальны крок у выглядзе аперацыі стаў адзіным спосабам засцерагчы сябе ад небяспекі.

Безумоўна, грудзі — гэта ўсяго толькі метафара пошукаў гэтай самай абароны. Бо ў рэшце рэшт агнём, на які злятаюцца «матылькі», могуць быць і іншыя часткі цела: ногі, вусны, сцёгны, азадак… Што, каб перастаць быць аб'ектам нежаданых заляцанняў, трэба пазбавіцца іх усіх?

Вядома ж, не.

Дык што ж рабіць? Адно з галоўных пытанняў, якое ўздымае аўтарка ў канцы п'есы, гучыць менавіта так. Кацярына шчыра прызнаецца, што пакуль адказаў для сябе не знайшла. «Я буду радая, калі абмеркаванне п’есы ці спектакля паводле яе дапаможа з асэнсаваннем праблемы і пошукам рашэнняў», — спадзяецца драматург.

Рэжысёр Павел Лубчонак, які займаўся чыткай, для сябе не зразумеў, чаму галоўная гераіня не змагла даць сваім крыўднікам жорсткі фізічны ці хаця б славесны адпор. Некаторыя гледачы таксама былі раздражнёныя пасіўнасцю персанажа. Але ці дасягнем мы пазітыўнага эфекту, калі будзем адказваць агрэсіяй на агрэсію? Калі разглядаць гэтую тэму не толькі ў разрэзе «мужчынскае» і «жаночае», а перакласці на іншыя ролевыя мадэлі і стасункі. Што стане з намі, калі рэакцыяй на нянорму будзе такая ж нянорма?

«У п'есе ідзе гаворка пра знявагу чалавечай годнасці. І калі ў грамадстве не працуюць сацыяльныя механізмы, якія абараняюць яе, то трэба не ампутаваць частку чалавека, а мяняць механізмы. Каб не казаць абстрактна, прывяду банальны прыклад: у рэкламе мы пастаянна бачым аголеных жанчын там, дзе яны непатрэбныя. Калі гэта прасоўванне ніжняй бялізны, то гэта адна справа. А калі сушы рэкламуе жанчына, якая ледзь не запрашае з ёй пераспаць? Навошта? Падобныя рэчы якраз прыгнятаюць пачуццё ўласнай годнасці. Каб гэта спынілася, трэба каб з праблемай працавалі сацыльяныя інстытуты, тэатр, СМІ…», — лічыць філосаф Вольга Шпарага.

Як не дзіўна, на абмеркаванні была выказаная і думка «сама вінаватая», якая часта становіцца адным з галоўных аргументаў супраць ахвяр. Вінаватая, што занадта слабая, даверлівая, задзірлівая, што дазволіла сабе перайсці на «ты» ці паглядзець у вочы… Хутчэй за ўсё, такія рэакцыі, на жаль, будуць натуральныя для некаторай часткі нашага грамадства яшчэ доўга.

Але чым часцей гэтыя тэмы будуць гучаць на публіцы, тым прасцей будзе рэагаваць на нянорму іншым жанчынам. Ці мужчынам. Усё ж, хоць п'еса Кацярыны Чэкатоўскай і мае жаночы кантэкст, праблемы тут закранаюцца агульныя. 

Але звярну ўвагу і на пазітыўную тэндэнцыю: у Беларусі пачынае з'яўляцца ўсё больш жанчын-драматургаў, якія ўзворваюць да гэтага некранутае тэматычнае поле.

У п'есе яшчэ адной фіналісткі «WriteBox» Алены Іванюшанка «Шкура» праз школьную гісторыю даносіцца важная думка неасуджэння ахвяры. Да гэтага па п'есе Алены быў пастаўлены інфарматыўны (як для жанчын, так і для мужчын) спектакль-гульня пра роды «Раскрыццё». З гэтай жа тэмай нядаўна працавала Вольга Прусак. Жаночыя галасы там, дзе іх не ставала, гучаць мацней, і гэта не можа не радаваць.

Фота са спектакля «Раскрыццё». Крыніца @homcosmos.

Чытайце таксама:

Відэаінструкцыя з асноўнымі правіламі самаабароны

Каментары89

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў вярнуўся ў Мінск раздражняць беларусаў: танчыць у вышыванцы, шукае жонку18

За вечар у Мінску патанулі ў ванне два чалавекі4

У Расіі жанчына забіла сяброўку пасля таго, як тая напалохала яе прароцтвам аб хуткім пазбаўленні волі1

Аўтагіганты «Хонда», «Нісан» і «Міцубісі» рыхтуюць гістарычнае зліццё3

Ля берагоў Іспаніі затанула расійскае судна, якое забяспечвала групоўку ў Сірыі2

Мінчанка перавяла гадалцы-таролагу ў тыктоку больш за 70 тысяч рублёў за зняцце сурокаў і іншыя абрады

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →