Вечаровая паездка на аўтобусе стала канфліктнай для 14-гадовага жыхара Слуцка і кандуктара. Супрацоўніца аўтапарка не хацела прызнаваць сапраўдным пасведчанне інваліда, якое ёй паказаў падлетак. Маці хлопчыка абураная і збіраецца напісаць скаргу ў Слуцкі аўтапарк.
Пра падрабязнасці інцыдэнту распавяла Вікторыя Карповіч, маці 14-гадовага Максіма.
Увечары ў сераду, 4 ліпеня, Вікторыя папрасіла сына адвезці на дачу непатрэбныя рэчы. У 19.23 ён сеў у аўтобус.
Прыкладна праз 15 хвілін Вікторыі патэлефанаваў Максім і сказаў, што кандуктар лічыць яго пасведчанне несапраўдным — яно павінна быць пластыкавым, а не папяровым. Пасля падлетак перадаў трубку кандуктару, і з ёй ужо размаўляла маці.
На фота Максім Карповіч. Фота з сацыяльных сетак Вікторыі Карповіч.
«Яна сказала мне, што мы падрабілі пасведчанне, бо яно папяровае і напісана рознымі ручкамі. Я ёй патлумачыла, што пасведчанне выдаецца на пяць гадоў, а потым падаўжаецца яго тэрмін дзеяння. Таму аднымі чарніламі і ручкамі гэта рабіць немагчыма. Ужо гадоў дзесяць мы і мае знаёмыя з дзецьмі-інвалідамі атрымліваем дакумент у такім выглядзе», — распавядае Вікторыя.
Па тэлефоне Максім сказаў маме, што кандуктар забараніла яму садзіцца ў аўтобус са сваім пасведчаннем. Вікторыя адказала сыну, каб ён не адважваўся ісці дадому пешшу — гэта прыкладна 4 кіламетры і каля гадзіны хады.
Як распавядае случчанка, у аўтобусе сын зноў ёй патэлефанаваў і паведаміў, што кандуктар зноў на яго крычыць і даказвае, што пасведчанне несапраўднае. Вікторыя сказала, каб ён ехаў дадому, а яна потым разбярэцца ў гэтай канфліктнай сітуацыі.
Маці Максіма пайшла на прыпынак, каб дачакацца аўтобуса і пагаварыць з кандуктарам.
«Я папрасіла кіроўцу даць нам з кандуктарам хвілінку, каб пагаварыць. Размова праходзіла на падвышаных танах. Астатнія пасажыры ў гутарку не ўступалі. Кандуктар рэзка перайшла на «ты». Я зрабіла ёй заўвагу, каб яна мне не тыкала. Сказала, што, калі не верыць сапраўднасці дакумента, хай звяртаецца ў МРЭК. На што кандуктар адказала, маўляў, вам трэба — вы і ідзіце. Я папярэдзіла, што напішу на яе скаргу. Яна адказала: «Пішыце што жадаеце», — успамінае ўчорашні вечар Вікторыя.
Пасля размовы з кандуктарам маці Максіма патэлефанавала на «гарачую лінію» Слуцкага райвыканкама, дзе ёй паабяцалі разабрацца ў сітуацыі.
«Дзіця ў мяне запальчывае. Можа, ён ёй і крычаў у адказ, размаўляў груба. Па словах сына, яна абзывала яго хворым і недаразвітым. Я лічу, што кандуктар не мела права абражаць і зневажаць пасажыра. Яна павінна была звярнуць увагу на пасведчанне, якое ўжо гаворыць аб тым, што з дзіцём не ўсё ў парадку», — кажа Вікторыя.
Максім знаходзіцца на хатнім навучанні. У гэтым годзе ён скончыў 7-ы клас.
«Я адчуваў злосць. Кандуктар паводзіла сябе неадэкватна. Я прасіў яе супакоіцца, згаджаўся з ёй, але яна не рэагавала і працягвала мяне чапляць словамі», — кажа Максім.
Галіна Саньковіч, кандуктар аўтобуса № 2, не захацела распавядаць сваю версію здарэння.
«Я вам адно скажу, як яна (Вікторыя Карповіч — Заўв. рэд.) магла напісаць праўду, калі яе там не было. Вы ведаеце, у нас такі народ, у якога кандуктары ўсё адно ва ўсім вінаватыя. Я не кажу, што кандуктары ў нас анёлы, але ў кожнага свая сітуацыя і гісторыя. З мяне зрабілі нейкага монстра».
У аўтобусным парку ў Вікторыі Карповіч папрасілі прабачэння. Яе папрасілі не звяртацца з гэтай гісторыяй у СМІ, але дзяўчына сказала, што ўжо позна.
«Супрацоўнікі аўтапарка здзіўлены паводзінамі свайго кандуктара. Паабяцалі пакараць яе і пазней паведаміць мне пра гэта», — кажа Вікторыя.
Каментары