Амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра і яго сакратарку Уладлену Функ (Брускову) перавялі са следчага ізалятара КДБ у СІЗА № 1 ГУУС Мінгарвыканкама на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пра гэта БелаПАН паведаміў іх адвакат Дзмітрый Гарачка.
Паводле яго слоў, Э.Зельцэра і У.Функ рыхтуюць да этапавання ў папраўчыя калоніі. Пры гэтым адвакат пакуль не мае дакладнай інфармацыі, дзе яго падабаронныя будуць адбываць пакаранне.
Д.Гарачка таксама зазначыў, што стан здароўя Э.Зельцэра па‑ранейшаму цяжкі. «Лекаў у яго няма. Апрача таго, я не паспеў перадаць яму цёплыя рэчы», — сказаў ён.
Як раней паведамляў БелаПАН, Э.Зельцэр і У.Функ былі затрыманыя ў Мінску 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Э.Зельцэра да трох гадоў пазбаўлення волі за выкарыстанне заведама падманных дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. Яго сакратарка была асуджаная да аднаго года пазбаўлення волі. Абое настойваюць на сваёй невінаватасці.
31 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў гэты прыгавор у сіле. Усе судовыя працэсы па дадзенай справе праходзілі ў закрытым рэжыме.
Каментары