Культура11

Зьміцер Панкавец. Мянты

Далібог, часам становіцца крыўдна нават за мянтоў. Піша Зьміцер Панкавец.

Далібог, часам становіцца крыўдна нават за мянтоў. Піша Зьміцер Панкавец.

Большасьць амонаўцаў, якія бралі наш намётавы гарадок, – простыя вясковыя мальцы. Гэта тыя, хто ня дужа хацеў вучыцца ў школе, лічачы, што жыцьцёвых посьпехаў можна дасягнуць і іншымі шляхамі. Напрыклад, гартуючы цела на спартзальных трэнажорах. Пасьля школы яны паступалі ў ПТВ ці тэхнікумы проста дзеля таго, каб атрымаць дыплём. Ніхто зь іх не зьбіраўся працаваць па атрыманай прафэсіі. Потым – служба ў войску, пажадана ў мар’інагорскім ці ўручанскім спэцназе. І, як лягічны вынік, – уладкаваньне на працу ў міліцыю. Ня ўсім даваўся апошні крок. Конкурс туды параўнальны з конкурсамі ў вядучыя ўнівэрсытэты. Вось яна – самая прэстыжная прафэсія маёй краіны!

Для гэтых хлопцаў міліцыя – адзіны шанец уладкавацца ў жыцьці. Прыгожая форма, блізкасьць да ўладоўцаў, павага (страх?) з боку сяброў і знаёмых – гэта нашмат лепш за штодзённую цяжкую працу сьлесара на заводзе.

У менскім амоне ў мяне ёсьць сябар – Міша С. Міша скончыў каледж на год раней за мяне з чырвоным дыплёмам. Пасьля ён разам з аднагрупнікам паступаў у Маскву – у вышэйшую школу міліцыі. Сябру пашанцавала, а вось Мішу – не. Адтарабаніў паўтара году ў в/ч 3214, пасьля чаго нікуды ўжо паступаць не схацеў, а пайшоў працаваць у амон. Вясной 2004 году, калі Міша яшчэ быў у войску, ён падчас «звальняшкі» распавядаў мне, як адцягнуўся, б’ючы агалцелых фанатаў на канцэрце расейскіх «Зверей». І прадчуваў новае пабоішча на Дзень Волі. Міша не садыст. Гэта, хутчэй, своеасаблівыя комплексы няспраўджанасьці жыцьцёвых амбіцыяў. Роспач, што мог дасягнуць нашмат большага, а даводзіцца разганяць футбольных заўзятараў.

У Менску ў міліцыі працуе траюрадны брат. Ён доўга і весела баіць мне, як затрымліваў аднаго моладзевага актывіста, а той увесь час супраціўляўся. Кажу, што хлопец гэты зараз пад крымінальнай справай за ўхіленьне ад войска. Брат спачувальна паляпвае мяне па плячы і гаворыць, што хутка мы ўсіх вас перасаджаем, і сьмяецца. Сьмяюся і я, а што рабіць? Спрачацца зь ім бессэнсоўна, а сварыцца ня хочацца. Стаўленьне да апазыцыянэраў і ў яго, і ў Мішы падобнае да таго, як простыя немцы за фашыстамі ставіліся да габрэяў. Жыды/апазыцыянэры, яснае дзела, элемэнты, ад якіх варта пазбаўляцца, але мой знаёмец ці сусед – нармальны чэл. Вось і не адхрышчваюцца ад нашага знаёмства пакуль што.

Баімся ня толькі мы, удзельнікі супраціву і акцыяў пратэсту. Міліцыя баіцца нашмат болей. Яны, задураныя дзяжурнай тэлевізіяй, страшацца таго, што пасьля прыходу апазыцыі да ўлады апынуцца на вуліцы. Бяз працы, бяз грошай, без пэрспэктываў. Яны не разумеюць, што міліцыя будзе патрэбная любой уладзе, бо злачыннасьць, на жаль, яшчэ ніхто не адмяняў. Але калі яны баяцца, значыць – робяць нешта ня так.

А яшчэ мянты не разумеюць нас – тых, хто задарма (!) мерз колькі сакавіцкіх начэй на Плошчы. Яны самі прыдумляюць, што бачылі ў кагосьці дваццаць даляраў, але найхутчэй самі не даюць такім фантазіям веры. Упэўнены, што некаторыя амонаўцы пасьля размоваў з «хуліганамі» шмат зразумеюць у нашай штодзённасьці.

Алесь Абрамовіч, адседзеўшы на Акрэсьціна ў студзені 7 сутак за несанкцыяваны пікет, сьцьвярджаў, што міліцыя першая на выбарах прагаласуе супраць Лукашэнкі, што ад стварэньня паліцэйскай дзяржавы найперш пакутуюць праваахоўныя органы. Варта ўбачыць на свае вочы, колькі ідэалягічна каштоўных папер сыплецца на міліцыю – ня менш, чым на настаўнікаў. Змучаныя папяровай працай начальнікі штодня прамываюць мазгі ніжэйшым у рангах і г.д. На завочным аддзяленьні ва ўнівэрсытэце вучуся зь менскім мянтом, які шчыра прызнаецца, што на сёньняшні розум не пайшоў бы ў міліцыю, бо такога прэсу, пэўна, няма болей нідзе. Але ён ня ведае дзе дзецца, таму й застаецца на ранейшым месцы.

Маці, шукаючы мяне пасьля затрыманьня, абтэлефанавала шмат знаёмых мянтоў. Адзін, даведаўшыся, дзе я быў, сказаў, што так і трэба, але адмовіўся дапамагчы. Другі – ляпаў сябе ў грудзі і сьцьвярджаў, што 90% міліцыянтаў супраць Лукашэнкі. І толькі трэці згадзіўся дапамагчы мяне адшукаць.

Я не імкнуўся знайсьці ўсе адказы, зьвязаныя зь міліцыяй, гэта проста немагчыма, мне проста хацелася паказаць, што ня ўсе хлопцы ў форме – безаблічныя зомбі, і сярод іх шмат прыстойных людзей. Нельга падганяць усіх пад адну мерку – да каго б гэта ні адносілася: мянтоў, актывістаў нацыянальнага руху, блазнаў і г.д.

Далібог, часам становіцца крыўдна нават за мянтоў. На аўтобусным прыпынку «Агрэгаты» ў Барысаве ўжо ня першы год красуецца надпіс: «Мянты – казлы». Сама ж міліцыя старанна змагаецца з графіці кшталту «16» ці «Хочам новага», а вось надпіс на «Агрэгатах» заўважаць ня хоча. Дакладней, найхутчэй не было каманды, а безь яе ніхто ня хоча браць ініцыятыву ва ўласныя рукі. Ня хочацца думаць, што хлопцы ў форме салідарныя з напісаным.

Кастрыца

Каментары1

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі24

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У доме пад знос прадаюць аднапакаёўку амаль за $60 000. Гэта самая танная кватэра Мінска1

Іван Шамякін: прававерны камуніст і беларускі патрыёт да мозгу касцей. Алкаголь, ідэйнасць, пасылкі з Масквы: як гэта магло спалучацца?39

У ЗША мужчына пад выглядам агента ФБР спрабаваў вызваліць з турмы Луіджы Манджонэ3

Польскі трэвэл-блогер, які падарожнічаў па Беларусі і Расіі, расказаў пра хэйт, рэпутацыйныя страты і ўражанні ад паездкі11

Белыя мядзведзі на Шпіцбергене сталі таўсцейшымі і здаравейшымі, нягледзячы на знікненне лёду1

Трамп пагражае тарыфамі краінам, якія пастаўляюць нафту на Кубу1

Пабіўшы рэкорд, цэны на кватэры ў Мінску пачалі прасядаць. Колькі цяпер у сярэднім просяць за метр?18

Вытворчасць каньяку ў крызісе. Продажы ўпалі да мінімуму за 15 гадоў5

У Слоніме праваслаўны хор спявае песні на беларускай мове6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі24

Разведка ЗША: Беларусь стала перадавым вайсковым плацдармам Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць