Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»11

Актыўная фаза зімовых манеўраў

Адзіны рубель — гэта знак здачы, фінансавай (і не толькі) капітуляцыі перад Масквой. Захаду ж трэба паслаць сігнал: не, Крэмль нас голымі рукамі не возьме!

Мінск працягвае банальна манеўраваць між Расіяй і Захадам.

Так, Лукашэнка ў Маскве, каб атрымаць крэдыт ды іншыя прэферэнцыі, мусіў пагадзіцца на адзіную з Расіяй рэгіянальную сістэму супрацьпаветранай абароны.

Разам з тым міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў неўзабаве ў Вільні будзе абмяркоўваць Усходняе партнёрства — новы праект ЕС, што мае на мэце ангажаваць і Беларусь.

Увечары 3 лютага, пасля сустрэчы Лукашэнкі з Мядзведзевым, той самы Мартынаў энергічна абвяргаў паведамленні расійскіх СМІ пра нібыта падпісаны план увядзення адзінай валюты. Маўляў, гэта некарэктная журналісцкая інтэрпрэтацыя, насамрэч гаворка ідзе толькі пра магчымае наданне расійскаму рублю статусу рэзервовай рэгіянальнай валюты.

Імпэт міністра зразумелы: адзіны рубель — гэта знак здачы, фінансавай (і не толькі) капітуляцыі перад Масквой. Захаду ж трэба паслаць сігнал: не, Крэмль нас голымі рукамі не возьме!

Не будзем рытуальна паўтараць тэзу пра непразрыстасць беларуска-расійскіх дачыненняў, што само па сабе стварае атмасферу перманентнай трывогі ў асяроддзі незалежнікаў. Адзначым толькі, што, ва ўсякім разе, у афіцыйным пераліку падпісаных у Маскве дакументаў такога плану няма.

На практыцы ж згода на адзіны рубель можа быць выціснутая, калі беларускія фінансы канчаткова заспяваюць рамансы.

У пытанні пра адзіную рэгіянальную сістэму супрацьпаветранай абароны Мінск таксама доўга і па-майстэрску валаводзіў. Адна рэч — галаслоўна заяўляць пра гатоўнасць беларусаў легчы пад танкі дзеля Масквы (вербальныя дэкларацыі да справы не прышыеш, ды і адкуль тыя танкі возьмуцца). І зусім іншая рэч — калі трэба дэ-факта ахвяраваць доляй суверэнітэту ў вайсковай сферы. Ва ўсякім разе, гэта мусіць быць добра праплачана, без эківокаў падкрэсліваў Лукашэнка.

Так што неспадзеўкай гэта дамова стала толькі для дылетантаў. Эксперты ведаюць: упарты гандаль вакол адзінай сістэмы СПА ішоў даўно. Усё упіралася ў цану пытання. Яшчэ ў кастрычніку 2007 года Лукашэнка тлумачыў расійскім журналістам: «Зараз Расія паставіла пытанне: у вас добрая супрацьпаветраная абарона, а у нас у гэтым напрамку нічога няма, таму трэба зрабіць супольна, каб беларускія СПА фактычна ўвайшлі ў склад расійскіх. Я кажу: гэта каштуе грошай».

Так яно і атрымалася.

3 лютага Масква, якая перад гэтым і слухаць не хацела пра новыя пазыкі, раптоўна падабрэла і вуснамі памочніка Мядзведзева — Сяргея Прыходзькі паабяцала неўзабаве яшчэ адзін крэдыт на некалькі дзясяткаў мільярдаў расійскіх рублёў. Пытанне праплачана.

Для Еўропы дамова пра адзіную СПА не ёсць шокавай навіной. Дэ-факта войскі супрацьпаветранай абароны дзвюх краін і дасюль шчыльна каардынавалі свае дзеянні.

«Тое, што Мінск прывязаны ў вайсковай сферы да Масквы — гэта рэч вядомая. Узровень інтэграцыі тут даволі высокі, таму такіх рэчаў можна было чакаць. Стварэнне сумеснай СПА не стала сенсацыяй для заходніх назіральнікаў», — заявіў у эфіры «Радыё Свабода» польскі эксперт Войцэх Бародзіч-Смаліньскі.

Дадамо: не варта мяшаць боб з гарохам — блытаць СПА з супрацьракетнай абаронай, як гэта часцяком робяць не толькі абываталі, але і журналісты.

Уцягванне Беларусі ў «асіметрычны адказ» Масквы на планы ЗША у галіне супрацьракетнай абароны сапраўды паставіла б на вушы еўрапейскіх палітыкаў і бюргераў. Але зараз гаворка пра гэта не ідзе. Наадварот, Крэмль спрабуе залагодзіць пытанне з Абамам, новым чалавекам у Белым доме, бо грошай на гонку ўзбраенняў ва ўмовах крызісу ў Расіі абсалютна няма.

Дамова ж пра адзіную СПА мае для Крамля вялікі піяраўскі, іміджавы складнік. Маўляў, хоць нейкі прарыў на постсавецкім абсягу, а то ўсе наўкол толькі і робяць, што актыўна Расію не любяць.

«Ніякай ваеннай неабходнасці ў стварэнні гэтай аб’яднанай сістэмы няма. Скажу больш жорстка: з ваеннага пункту гледжання гэтая задума проста бессэнсоўная», — сказаў на «Свабодзе» расійскі вайсковы эксперт Аляксандр Гольц. З яго слоў, уся гэтая каша заварана таму, што «трэба прадставіць нейкія сведчанні непарушнага сяброўства Беларусі і Расіі».

Падобнымі матывамі тлумачыцца і прэсінг Масквы ў пытанні прызнання Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Для Крамля справа прынцыпу, каб беларускі саюзнік засведчыў тут сваю адданасць.

Іначай смехатворным выглядае зацвярджэнне на тых найвышэйшых дзяржрадах нейкіх праграм супольных дзеянняў у галіне замежнай палітыкі.

І ў гэтым пытанні Мінск таксама віртуозна цягне рызіну. Ва ўсякім разе, мара няўрымслівага Какойты не спраўдзіцца раней за красавік. Між тым ходзяць размовы, што ЕС можа датэрмінова — ужо ў лютым ці сакавіку — паставіць Мінску залік за тэставы перыяд. Брусель надта не хоча, каб цягнік нармалізацыі спыніўся.

Цікавы штрых: перад адлётам у Маскву Лукашэнка ў пажарным парадку даў інтэрв’ю «Еўраньюс» (пратачылася інфармацыя, што спачатку тамтэйшыя тэлевізійнікі планавалі інтэрв'ю аж на сакавік).

Актыўная фаза вялікіх зімовых манеўраў доўжыцца.

Каментары1

Цяпер чытаюць

ГрамадстваАбнаўляецца!4444

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп пра мірную угоду: Многія людзі хочуць пабачыць, як гэта спрацуе1

Кароль Карл III распавёў аб поспехах свайго лячэння ад раку3

Дзе цяпер Андрэй Хлястоў — родны брат Аляксея Хлястова, які таксама раней спяваў?6

Дэна Дрыскала, які толькі нядаўна стаў займацца Украінай ад ЗША, ужо адхілілі ад перамоўнага працэсу10

На «Белвесце» разрэзалі боты, каб паказаць перавагу беларускага абутку10

У Іране зноў арыштавалі мясцовую нобелеўскую лаўрэатку

Трампу ўдалося спыніць яшчэ адну вайну. Праўда, ён ужо аднойчы быў яе спыняў5

Ці паездкі Лукашэнкі ў Аман — прыкмета непазбежнага нападу Расіі на Еўропу праз Беларусь?55

Калі і куды лепш зноў падавацца на візу, калі ў шэнгене адмовілі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні44

ГрамадстваАбнаўляецца!44

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць