Грамадства2525

Вардамацкі сцвярджае, што колькасць прыхільнікаў саюзу з Расіяй за год абвалілася з 60% да 40%

Цягам 2019 года колькасць прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізілася з 60,4 да 40,4 %. Такія вынікі сацыялагічнага даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага прыводзіць «Белсат».

Беларуская аналітычная майстэрня праводзіла даследаванне ў снежні 2019 года. Сярод апытаных — людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, прычым не толькі гарадское, але і сельскае насельніцтва.

Са звестак Беларускай аналітычнай майстэрні вынікае, што цягам 2019 года ў беларускім грамадстве адбылася змена геапалітычнай арыентацыі. Адсотак прыхільнікаў саюзу з Расеяй знізіўся з 60,4 да 40,4 %. Такім чынам, калі заўтра адбудзецца рэферэндум наконт геапалітычнага выбару Беларусі, то прыхільнікі саюзу з Расеяй не змогуць атрымаць абсалютнай большасці галасоў.

З верасня да снежня 2019 года адбывалася абвальнае падзенне прарасейскіх настрояў: колькасць прыхільнікаў саюзу знізілася на 14,7 % за чатыры месяцы (з 54,8 да 40,4 %). Адначасова ўзмацніліся праеўрапейскія настроі ў грамадстве: колькасць прыхільнікаў уваходжання ў Еўрасаюз вырасла з 24,4 да 32 %.

Менавіта ў перыяд з верасня па снежань назіраўся пік інтэграцыйных перамоваў і звязаных з імі пратэстаў. У верасні 2019 года ўрады дзвюх краінаў узгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і спіс дарожных карт. Цягам кастрычніка-лістапада праходзілі ўрадавыя перамовы наконт зместу картаў, а ў снежні чакалася (але так і не адбылося) падпісанне гэтых дакументаў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Цягам снежня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі адбылася серыя акцыяў у абарону незалежнасці і супраць інтэграцыі з РФ.

Абсалютная большасць беларусаў — 74,6 % — перакананыя, што Беларусь і Расея мусяць быць цалкам незалежнымі дзяржавамі, але мець сяброўскія дачыненні з адкрытай мяжой, адсутнасцю візаў і мытні. А вось 6,6 % апытаных лічаць, што стасункі з Расеяй не мусяць адрознівацца ад стасункаў з іншымі краінамі, — то-бок павінны існаваць закрытая мяжа, мытня і візы.

За аб’яднанне Беларусі ды Расеі ў саюзную дзяржаву выказаліся 12,8 % рэспандэнтаў, а за ўваходжанне ў склад РФ — толькі 3,7 %.

Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі ў інтэрв’ю «Белсату» адзначыў, што зніжэнне прарасейскіх настрояў цягам 2019 года можна падзяліць на два этапы: паступовы (са студзеня да верасня) і абвальны (з верасня да канца снежня).

«Раней такога не было ніколі, — падкрэслівае Вардамацкі. — Прычына тэктанічнага абвалу носіць медыйны характар. Рэч у тым, што змянілася танальнасць вяшчання беларускіх медыяў адносна самой Расеі, а таксама адносін Беларусі ды Расеі. Танальнасць набыла больш негатыўны характар».

На думку Вардамацкага, геапалітычныя погляды беларусаў у 2020 годзе працягнуць фармавацца пад уплывам сітуацыі ў беларуска-расейскіх стасунках і танальнасці медыяў пры асвятленні гэтых дачыненняў.

«Паступовы адкат назад магчымы, але гэта будзе дастаткова цяжка зрабіць. Бо назіраецца пэўнае зацвярдзенне трэнду на зніжэнне прарасейскіх настрояў», — дадаў ён.

Каментары25

Цяпер чытаюць

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч3

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч

Усе навіны →
Усе навіны

У вяскоўца згарэў дом, яго самога пасля пажару шпіталізавалі. Пакуль ён лячыўся, аднавяскоўцы двойчы абакралі яго хату6

Настасся Касцюгова пра пазіцыю Статкевіча і Ціханоўскай: Прапанова «даціснуць» гучыць як прапанова яшчэ пачакаць незразумела чаго і як доўга36

Бабарыка: Я не веру ў рэвалюцыйны сцэнар для Беларусі34

З серады бензін падаражэе на капейку

Зяленскі: Украіна гатовая прыпыніць удары па расійскіх НПЗ, але ёсць умова2

Ва Украіне развіталіся з беларускім добраахвотнікам Віталём «Вітушкам» Трыгубавым10

Пад Магілёвам зацвіло цэлае поле васількоў ФОТАФАКТ6

Пальчыс заявіў, што гэта ён каардынаваў пратэсты 2020 года з Мінска і пісаў планы першых маршаў120

У сераду чакаецца першы мокры снег3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч3

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць