Здарэнні2929

«Увесь горад падтрымлівае хлопца». Стала вядома, чаму падлетак з Высокага паспрабаваў забіць свайго бацьку

Шакуючая навіна прыйшла з Камянецкага раёна: 17-гадовы юнак ледзь не забіў уласнага бацьку. Хлопец ударыў мужчыну сякерай па галаве, пасля чаго цынічна пакінуў таго паміраць і выйшаў з пакоя. Жах!

Сапраўды жах, але не ўсё так адназначна ў гэтай гісторыі. «Наша Ніва» высветліла некаторыя падрабязнасці.

Адбылося ўсё яшчэ 26 лютага, але Следчы камітэт паведаміў пра здарэнне толькі зараз. Месца дзеяння — невялікі гарадок Высокае. Дзейныя асобы — сям’я Яршовых. 52-гадовы Валер, яго 44-гадовая жонка Наталля і іх 17-гадовы сын Арцём.

«Я вельмі добра ведаю гэтую сям’ю. Валер — п’яніца, які ўсіх даняў, — кажа Ніна, знаёмая сям’і Яршовых. — Я добра ведаю яго, калісьці разам з ім працавала на заводзе. У яго праблемы з алкаголем, ён шмат піў, пасля чаго пачыналіся прыгоды. Мог выйсці п’яным у цэнтр горада, там штосьці крычаць, спяваць, чапляцца да людзей…

Я ведаю, што Валер у рэанімацыі, але мне яго ні кропелькі не шкада. Ані кроплі. У гэтай сітуацыі шкада толькі хлопца.

Сын Арцём — шыкоўны хлопец. Не п’е, не курыць, нідзе не гуляе, ніколі ў праблемы нейкія не трапляў. Летась школу скончыў, паступіў у мясцовы каледж».

Арцём Яршоў, фота з сацсетак

Вельмі пазітыўна адгукаюцца пра Арцёма Яршова і ў школе.

«Ён адзіны быў у класе, хто і камара не заб'е. Я магу казаць пра яго толькі добрае, — паведаміла «Нашай Ніве» Наталля Іванаўна, былая класная кіраўніца хлопца. — У нас пасля здарэння пыталася пракуратура: чаму ён на ўліку не стаяў? Дык не было прычынаў! Выдатны хлопец!

У горадзе ўсе ведалі, што бацька Арцёма выпіваў, але пра праблемы ў сям’і ніколі не чулі. Ані Арцём, ані яго мама ніколі не скардзіліся».

Тое ж кажа і завуч школы, дзе вучыўся хлопец:

«Арцём Яршоў вучыўся добра, у яго сярэдні бал атэстата — 8,3. Добры хлопец.

У школе праблем у сям’і ніколі не выяўлялі. Праводзілі анкеты і іншае, Арцём заўсёды казаў, што ўсё нармальна. Ніколі не скардзіўся».

Але праблемы былі. Як кажуць знаёмыя сям’і, Валер Яршоў нярэдка ладзіў скандалы, абражаў і нават збіваў жонку, калі напіваўся. Так адбылося і 26 лютага.

У дзень трагедыі жонка Наталля з сынам была дома. Прыйшоў Валер: за дзень да таго ён атрымаў заробак і двое сутак піў. Прыйшоў вельмі п’яны, гайдаўся. Пачаў абражаць жанчыну. Сын усё гэта слухаў. У бок Наталлі паляцелі прэтэнзіі і абразы нават звязаныя з інтымным жыццём…

Канфлікт трохі сціх, Наталля выйшла ў спальню. А Арцём выйшаў з пакоя, вярнуўся з сякерай і ўдарыў ёй бацьку. Затым паклікаў маці, пасля сам пазваніў у міліцыю. Распавёў, што зрабіў, сваёй віны не адмаўляў.

«Наша Ніва» звязалася з Наталляй Яршовай. Яна расказала пра сумесная жыццё з мужам: п’янкі, гвалт, абразы, нават паказальныя спробы суіцыду з боку дарослага мужчыны даўно ўжо сталі звыклымі ў іх сям’і.

«Валер проста давёў сына да таго, што той зрабіў. Прычына простая — алкагалізм мужа, — кажа Наталля. — Ён працаваў два дні праз два. Усе выходныя піў. Калі піў, то пачынаў чапляцца да мяне, да сына. Мог сарвацца нават на тое, што я не з тым гукам паставіла талерку на стол.

Валер не саромеўся крычаць на мяне, на сына, абражаць. Падымаў руку. Бывала, што спрабаваў лезці і да сына, але я ўставала паміж імі, прымала ўсю агрэсію на сябе. Калі мяне не было дома, а Валер пачынаў скандал, Арцём прыходзіў да мяне на працу. Сядзеў тут, пасля ўвечары мы ўдвух вярталіся дадому.

Міліцыю на мужа я ніколі не выклікала. Па-першае, было страшна. Па-другое, ён біў так, што не пакідаў слядоў.

Аднойчы, калі ў мужа быў канфлікт з суседзямі, тыя выклікалі міліцыю. Я пацвердзіла, што муж быў п’яны. Пасля Валер працяглы час запалохваў мяне, хапаў за шыю і біў мяне аб сцяну. Заламванне рук, кіданне ў мяне ўсім, што ёсць пад рукою, тапкамі, попельніцамі, посудам… Было ўсё.

У мінулым годзе пасля чарговага канфлікта муж ледзь не задушыў мяне — проста закрыў мне нос і рот рукой, наваліўся і трымаў. Але як бы я гэта даказала? Слядоў на твары не засталося».

Жанчына патлумачыла, чаму пасля столькіх гадоў прыніжэнняў усё ж не развялася з агрэсарам.

«У мяне дазвол на жыхарства, сваякоў ніякіх тут няма. Няма да каго ісці. Я магла, можа, пераехаць у іншы горад з сынам, але ж баялася, што калі будзе развод, то Арцёма пакінуць з бацькам, — кажа Наталля. — Бо зарплата ў мужа была нармальная, кватэра таксама на мужы, а я працавала на рынку, дзе афіцыйны заробак мізэрны».

За два дні да трагедыі Валеры ў чарговы раз спрабаваў здзейсніць так званы «суіцыд», расказвае Наталля. Па яе словах, гэта было ўжо нават не ў першы раз, а прыкладна ў чацвёрты.

Такія паказальныя спробы муж нібыта рабіў перыядычна: накідваў тонкую вяроўку на люстру, пад люстру падцягваў пісьмовы стол, пасля стаяў на стале і пагражаў павесіцца. Але да справы ніколі не даходзіла.

«Навошта ён гэта рабіў — не ведаю. Можа проста хацеў паматаць нервы мне і Арцёму, — мяркуе Наталля. — І тое ж ён зрабіў за два дні да бяды. Два дні на люстры вісела тая пятля».

Пасля адбыліся ўзгаданыя вышэй падзеі. Скандал, абразы, удар сякерай… Прыехала міліцыя, хуткая. Бацьку забралі ў бальніцу, сына — ў СІЗА.

«Што так усё скончыцца, я ўсё ж не чакала. Я думаю, што ў Арцёма проста вельмі працяглы час назапашвалася ўсё гэта. Той скандал стаў проста самай апошняй кропляй», — кажа Наталля. — Арцёма ніхто не вінаваціць у тым, што здарылася. Ніхто. Увесь горад падтрымлівае Арцёма. Цяпер у Высокім шмат у якіх крамах стаяць скрыні з надпісам «Збор грошай Арцёму Яршову на адваката». Часам людзі прыходзяць і проста прыносяць мне грошы. Нават мужыкі, з якімі муж піў, прыходзяць і кажуць: «Наташа, ты прабач, Валера — чмо».

Сёння Валер Яршоў усё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Яго стан ацэньваюць як цяжкі. Мужчына ў коме. Што з ім будзе далей, прагназаваць цяжка.

«Як будзе, так і будзе, я гатовая да любых варыянтаў, — кажа Наталля. — Калі муж выжыве, і мне пасля прыйдзецца яго даглядаць… Нічога страшнага, перажывем. Цалкам магчыма, што я буду гэта рабіць».

Але ж, падкрэслівае жанчына, сёння галоўнае для яе — сын. Яна ўжо наняла адваката, але з Арцёмам пакуль не бачылася, бо СІЗА на каранціне.

«Я проста хачу, каб кашмар хутчэй скончыўся», — кажа Наталля Яршова.

Яе сын Арцём знаходзіцца пад вартай ужо месяц. За замах на забойства бацькі 17-гадоваму юнаку пагражае ад 6 да 15 гадоў калоніі.

Каментары29

Цяпер чытаюць

«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску29

«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску

Усе навіны →
Усе навіны

«Альбо гарэлая, альбо сухая». Беларусы крытыкуюць бульбу фры ў «Мак.бай»14

Польшча ўнесла беларускага дальнабойшчыка ў спіс непажаданых замежнікаў. Ён нават пісаў прэзідэнту краіны1

«Выехаць нельга застацца». Жыхары Кіева выбіраюць паміж добраахвотнай эвакуацыяй і яшчэ адной зімоўкай у горадзе пад абстрэламі

У мінскай краме заўважылі новы экзатычны плод3

Зяленскі: Па НПЗ ва Ухце на поўначы Расіі быў нанесены ўдар далёкабойнымі дронамі Ан-196 RS8

Ціхая «элітка». У непрыкметным доме ў Мінску прадаюць велізарную кватэру з дахам у прыватнай уласнасці2

«Працягу не будзе» Французскі пісьменнік пра свой раман аб Пратасевічу і Ціханоўскай, што трапіў у спіс «экстрэмісцкіх»1

«Вайб Пецярбурга». Расійскі рэжысёр паставіў у Купалаўскім «Сэрца на далоні» па Шамякіну — водгукі палярныя10

Новае даследаванне паказвае, як палітычныя навіны ўплываюць на працаздольнасць7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску29

«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць