Выбары-20202323

Паслухайце, як членаў камісіі ўгаворваюць падпісаць ліпавы пратакол. Гэта псіхалагічная драма АЎДЫЯ

Пасля выбараў прайшло больш за два месяцы, але сведчанні шматлікіх парушэнняў і фальсіфікацый працягваюць усплываць. У Рэдакцыю «Нашай Нівы» даслалі запіс з участка, на якім членаў камісіі ўгаворваюць падпісаць пратакол з патрэбнымі лічбамі. Але тыя адмаўляюцца, бо шакаваныя вынікамі галасавання, у якім разгромна перамагла Ціханоўская.

Лепш за ўсё чуваць словы Віктараўны.

«Вы як хочаце, хай мяне выганяюць з працы, але мне сумленне не дазволіць, я не магу, не падпішу такія лічбы. Астатнія як хочуць, а я не падпішу. Падтасаваць можна трохі, я лічу, гэта можна.

А тут Дзмітрыеў — нуль, Канапацкая — нуль, за Чэрачня два чалавекі ўсяго толькі, за Лукашэнку ў мяне тры чалавекі ўсяго толькі. Усё. Астатнія ўсе за Ціханоўскую.

Я не магу падпісаць. Я праўда не магу, хоць павесьце мяне. […] Як мы будзем людзям у вочы глядзець? Мы выйдзем і людзі нас будуць сустракаць», — кажа жанчына.

Пасля Віктараўна прапануе давесці людзям рэальныя лічбы. На што маладзейшыя суразмоўцы ёй раяць: дык едзьце ў выканкам і даводзьце!

Жанчына ўпіраецца — падпісаць не магу ніяк. Яе падтрымлівае камісія.

«Зрабіце 5% розніцу хаця б, а не такую пякельную», — раіць хтосьці, меркавана, член камісіі.

«Лічбы будуць у любым выпадку. Не мы, дык раённая камісія», — тлумачаць нязгодным.

«І з ёй будучыні не відаць, і з ім незразумела што. Што выбіраць? — задаецца пытаннем жанчына, меркавана, выказваючыся пра Ціханоўскую і Лукашэнку. — Усё роўна вышэй зробяць так, як ім трэба. Дык хай сваімі рукамі заграбаюць, навошта нашымі?»

«Марына, цябе звольняць і нідзе не возьмуць, ні на якую працу», — абяцаюць ёй.

«Я не чакала такіх вынікаў. Я ў шоку! Я думала, будзе ісці роўненька так…» — кажа разгубленая жанчына пра свае чаканні ад вынікаў Лукашэнкі і Ціханоўскай.

«Рабяты, падумайце. Усё роўна гэта будзе, але наступствы будуць кепскія для нас, — яшчэ раз палохае камісію нехта Мікалаевіч. — Я лічу, што трэба падпісаць. Так, кепска. Лепш ад гэтага будзе ці горш — не ведаю. Але ўсё ж неяк будзе спакойна ў рэспубліцы. Можа, недзе сябе перасіліць, але падпісаць».

Пасля Мікалаевіч палохае вайной («Стаяць калоны з тэхнікай, там незразумелыя рабяты з бародамі»), і нават цісне на сумленне («Так, сорамна. Я ў шаленстве сёння быў»).

Мікалаевіча просяць змяніць лічбы на сапраўдныя, ён упарта адмаўляе — немагчыма.

«Гэта ж вар'яцкая хлусня», — кажа Віктараўна.

«Ды што вы кажаце? Нібыта я гэтага не разумею? Што я, тупы зусім?» — адказвае Мікалаевіч.

«Ты ўяві, як спаць чалавеку [пасля такога]? Мне дрэнна», — працягвае Віктараўна.

Чым скончылася абмеркаванне, невядома. Камісія не паказала пратакол выбарцам і назіральнікам.

Найхутчэй, падзеі адбываюцца ў Палацы культуры МАЗ, дзе знаходзіўся участак №70 Заводскага раёна.

Меркавана, той самы «Мікалаевіч» — гэта старшыня камісіі Уладзімір Мікалаевіч Усачоў. «Віктараўна» — член камісіі Галіна Віктараўна Канаплянік.

Усе яны працуюць на МАЗе, нездарма Мікалаевіч палохае людзей звальненнямі і «генеральным» — то-бок, гендырэктарам. Пра нейкую незалежнасць камісіі размова не ідзе — усім зразумела, што за не той вынік будуць пакаранні. Уладзімір Мікалаевіч Усачоў працуе намеснікам галоўнага інжынера, Галіна Канаплянік — работнік прафкама завода.

«Наша Ніва» звязалася з некаторымі меркаванымі фігурантамі гэтай гісторыі. Яны ж працавалі ў камісіі і на парламенцкіх выбарах — 2019, і падчас папярэдніх кампаній.

Уладзімір Усачоў («Мікалаевіч») коратка пракаментаваў з’яўленне аўдыязапісу: «Хлусяць як сівыя мерыны».

Пасля чаго кінуў слухаўку.

Сакратарка камісіі Таццяна Маліноўская (яна таксама працуе на МАЗе) прачытала паведамленне ад журналіста, але вырашыла не адказваць.

Галіна Канаплянік («Віктараўна») не захацела выйсці на сувязь, перадаўшы праз сваякоў, што «каму трэба, той яе знойдзе».

Уладзімір Усачоў і Таццяна Маліноўская на выбарах у 2019 годзе. Тады агенцтва «Спутнік» рабіла лубочны рэпартаж з іх МАЗаўскага ўчастка: маўляў, прыгажосць, і беляшы, і падарункі выбарцам, і хор ветэранаў… Фота Тамары Зенінай, «Спутнік»

Каментары23

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Галоўнае
Усе навіны →