Навумчык: Кебіч мог змяніць Беларусь да лепшага. Але змяніў да горшага
Памёр Вячаслаў Кебіч. У сусьветную гісторыю ён увойдзе як адзін з шасьці кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія падпісалі Белавескае пагадненьне аб спыненьні існаваньня СССР.
Для сьвету неістотна, што да гэтага большасьць рэспублік ужо абвясьцілі незалежнасьць — на фоне мірнага зьнікненьня крывавай аўтарытарнай імпэрыі.
Але ў гісторыі Беларусі ягоная роля іншая, бо менавіта Кебіч як ніхто вызначыў яе лёс пасьля 1991 году.
У 1990-м, пасьля прызначэньня яго старшынём ураду, Васіль Быкаў назваў яго «прэм’ерам спадзяваньняў». Мушу прызнаць, што і многім з нас, дэмакратычных дэпутатаў, ён такім здаваўся — Францавіч (як называлі яго паміж сабой), быў пазбаўлены чынавенскай пыхі, лёгка ішоў на кантакт, успрымаў новыя ідэі.
25 жніўня 1991 году на надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету ён падтрымаў Пазьняка і выказаўся за Незалежнасьць, чым у немалой ступені паўплываў на вынікі галасаваньня дэпутатаў-камуністаў.
А пасьля гэтага «амплітуда сьмеласьці» Кебіча пайшла ўніз.
Падпісаньне Белавескага пагадненьня было апошнім сур’ёзным станоўчым дзеяньнем Кебіча. Яшчэ за некалькі месяцаў да гэтага, адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, ён мог перафарматаваць урад, увесьці ў яго прадстаўнікоў БНФ (Фронт на той момант меў прагрэсіўную эканамічную праграму і, што важна, пакет законапректаў), інтэнсіўна, не губляючы час, пачаць ствараць інстытуцыі незалежнай дзяржавы. Але не зрабіў гэтага. Незалежніцкія дзяржаўныя інстытуцыі ствараліся са спазьненьнем, шмат магчымасьцяў было страчана (але ўсё ж былі створаныя да 1994-га, Лукашэнка прыйшоў на гатовае).
Горш за ўсё, што вакол Кебіча ўтварылася кола асобаў, якія не прымалі ідэі Незалежнасьці, нацыянальнага Адраджэньня і, адначасна, скарыстоўвалі цяпер ужо поўную бескантрольнасьць для ўласнага ўзбагачэньня.
Сам Кебіч хадзіў у стаптаных чаравіках (гэта я бачыў на ўласныя вочы). Але некаторыя зь ягоных віцэ-прэм’ераў мелі актывы, якія вымяраліся дзясяткамі мільёнаў даляраў.
Геапалітычнае становішча Беларусі, якое Апазыцыя БНФ прапанавала выкарыстаць у інтарэсах народа, атачэньне Кебіча зрабіла невычэрпнай крыніцай уласнага ўзбагачэньня, адначасна прывязваючы краіну да Расеі (адкуль ішлі нафта і газ). І калі яны казалі, што «Без Расеі нам не пражыць» — яны мелі абсалютную рацыю: ім сапраўды немагчыма было пражыць без сумесных з расейскімі чыноўнікамі і камэрсантамі карупцыйных схемаў.
Блякаваньне прагрэсіўных законапраектаў, забарона рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах у 1992-м, уступленьне ў АДКБ, — усё гэта было праведзена парлямэнцкай большасьцю, якую называлі «пракебічаўскай».
Нарэшце, баючыся страціць свае капіталы, атачэньне Кебіча пераканала яго, што адзіны спосаб захаваць уладу — гэта яшчэ большая яе канцэнтрацыя ў адных руках. І вясной 1994 году было ўведзенае прэзыдэнцтва. Але скарыстаўся гэтым іншы — той, хто яшчэ грамчэй, чым Кебіч, заяўляў, што «без Расеі нам не пражыць».
Тое, што Кебіч патрапіў пад уплыў свайго атачэньня, ні ў якой ступені не здымае зь яго адказнасьці як палітыка. А можа, і наадварот. У 1991 годзе ён меў усе магчымасьці, каб павесьці Беларусь па цывілізаваным, дэмакратычным, эўрапейскім шляху. Магчымасьці меў, але не скарыстаў. І не скарыстаўшы — не пажадаў сысьці ў адстаўку. І штурхнуў Беларусь у бездань.
А завяршыць гэты тэкст хачу радкамі, якімі скончыў кнігу «Дзевяноста чацьверты»:
«… У дні прэзыдэнцкіх выбараў мая маці пераказала расповед пра наведваньне Кебічам сьвятых месцаў у Жыровіцах. Быццам бы паклаў Вячаслаў Францавіч да абраза Божай Маці ружу, і ружа імгненна счарнела».
Каментары