Пра візіт у Менск расійскага прэм'ера піша аглядальнік БелаПАН Андрэй Фёдараў.
Адразу ж пасля пражскага саміту, на якім была зацверджаная праграма «Усходняе партнёрства», беларускія высокапастаўленыя асобы сталі падкрэсліваць прагматычную скіраванасць супрацоўніцтва. Гэта можа выклікаць негатыўную рэакцыю Бруселя.
Адначасова гучыць досыць рэзкая крытыка на адрас Расіі. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, на што разлічвае афіцыйны Мінск, калі ўступае ў канфрантацыю адразу з абодвума бакамі, як мінімум адзін з якіх жыццёва неабходны яму ў якасці стратэгічнага партнёра.
Бадай што найбольш выразна абодва гэтыя падыходы выявіліся ў адказах Аляксандра Лукашэнкі на пытанні журналістаў падчас яго рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць 22 мая.Так, наконт «Усходняга партнёрства» было адкрыта сказана, што ў гэтай ініцыятыве беларускія ўлады прыцягвае найперш перспектыва пэўных эканамічных выгод: «Мы жадаем атрымаць у гэтым праекце тое, на што разлічваем. Гэта значыць супрацоўніцтва па такіх пытаннях, як дарогі, трубаправоды, інфраструктурныя праекты і гэтак далей».
У той жа час заклікі аб’яднанай Еўропы пачаць правядзенне рэформаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека былі названыя «балбатнёй». Больш за тое, ёй прапанавана паглядзець і паспрачацца, «у каго дэмакратыі больш». Тым самым Захаду зроблены сігнал, што не варта чакаць якіх‑небудзь істотных зрухаў ва ўнутранай палітыцы беларускіх уладаў.
Мяркуючы па ўсім, у Мінску разлічваюць, што ЕС не будзе празмерна педаляваць праваабарончую тэматыку. Зусім верагодна, што такія разлікі маюць пад сабой падставы. Наяўнасць дэмакратычных дзяржаў на межах Еўрапейскага саюза, безумоўна, уваходзіць у лік яго прыярытэтаў, аднак наўрад ці з’яўляецца дамінуючым фактарам у адносінах з імі. Тым больш цяпер, калі ў Еўрасаюза азначылася прыкметнае астуджэнне ў адносінах з яго «заклятым сябрам» — Расіяй, што наглядна прадэманстраваў іх апошні саміт у Хабараўску.
У такой сітуацыі Брусель, разумеючы, што занадта моцны націск можа прывесці да непажаданага для яго збліжэння Беларусі з яе ўсходняй суседкай, можа пакінуць без увагі некаторыя дзеянні беларускага кіраўніцтва, дрэнна ўзгодненыя з агульнапрынятымі стандартамі дэмакратыі. Што, уласна кажучы, ужо мела месца падчас падрыхтоўкі да саміту «Усходняга партнёрства».
Зразумела, цярпенне Еўропы не бязмежнае, і ў выпадку якіх‑небудзь абуральных парушэнняў нейкія санкцыі, трэба лічыць, з’явяцца ўслед.Думаецца, зрэшты, што ў беларускіх вярхах гэта таксама досыць добра ўсведамляюць, а таму паспрабуюць пазбягаць узнікнення такога роду сітуацый.
Так што, хутчэй за ўсё, стан спраў, калі Еўропа будзе праводзіць сваю сённяшнюю палітыку, калі асноўны ўпор робіцца на паступовую трансфармацыю рэжыму, будзе захоўвацца яшчэ доўга. Зразумела, што гэта не вельмі задавальняе частку беларускай апазіцыі, аднак якой‑небудзь прынцыпова іншай стратэгіі, акрамя ізаляцыі, якая не прынесла на працягу многіх гадоў сур’ёзнага поспеху, па сутнасці, ніхто не прапаноўвае. Праўду кажучы, няма ўпэўненасці, што ў сучасных беларускіх умовах нейкая моцная альтэрнатыўная стратэгія наогул існуе.
Што ж да адносін з Расіяй, то Аляксандр Лукашэнка ў мінулую пятніцу зазначыў, што яе паводзіны, галоўным чынам, «невыкананне дамоўленасцяў, дасягнутых на самым высокім узроўні», ставіць пад пытанне саму саюзную інтэграцыю. Масква адказвае папрокамі ў парушэнні абяцанняў, у тым ліку па пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Зразумела, што магчымасцяў уплываць на саюзніка ў Крамля значна больш, чым наадварот.
У гэтым плане вельмі важным можа стацца вынік чаканага прыезду ў Мінск 28 мая Уладзіміра Пуціна, які паабяцаў правесці «грунтоўную размову аб саюзніцкіх адносінах».Прычым у адпаведнасці з яго папярэднімі заявамі складваецца ўражанне, што ён прыедзе ў большай ступені з «бізуном», чым з «пернікам».
Сумніўна, каб нашы ўлады збіраліся весці краіну ў светлую будучыню з выкарыстаннем любімага дзецішча Кім Ір Сена — несмяротнай ідэі чучхе, або апоры выключна на ўласныя сілы. Нават звышталерантнае беларускае насельніцтва на гэта, мабыць, не пагодзіцца. Таму больш верагодным выглядае меркаванне, паводле якога ідзе чаканне, хто з патэнцыяльных партнёраў зробіць больш выгадную прапанову.
Каментары