Грамадства

Гісторыя адной сям'і: дзве сястры сядзяць у СІЗА за «палітыку», трэцяя з'ехала з краіны

Вікторыя, Настасся і Аляксандра Міронцавы — тры сястры. Разам вучыліся ў каледжы мастацтваў, разам пайшлі ў горад пасля выбараў. Дзве цяпер сядзяць у СІЗА — праваабаронцы прызналі дзяўчат палітвязнямі. Трэцяя паспела з’ехаць з краіны. Яна расказала пра сясцёр за кратамі, маму і ручную сароку, якія чакаюць іх дома.

Вікторыя (злева, знаходзіцца за кратамі) і Аляксандра (на свабодзе)

«Адправілі ў каледж, каб усе дзеці былі ў адным месцы»

Сясцёр у сям’і наогул шасцёра. Усе дарослыя. Аляксандры, з якой мы гутарым, 20, Настассі — 23, Вікторыі — 26. Не замужнія. 

Дзяўчаты разам вучыліся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка: Аляксандра на музыканта па класе фартэпіяна, сёстры — на жывапісцаў.

Настасся (таксама за кратамі)

«Спачатку ў каледж паступіла Віка з Веранікай — яны двайняты, у адзін клас пайшлі. Потым туды адправілі Насцю і мяне. Думаю, для таго, каб усе дзеці былі ў адным месцы, — усміхаецца Аляксандра. — Так прасцей. Плюс каледж — добрая ўстанова. Пасля затрымання сясцёр выкладчыкі з мастацкага патоку нават збіралі грошы для іх».

Аляксандра пасля каледжа працавала ў дзіцячым садку педагогам па музыцы. Настасся вучылася на апошнім курсе ў Акадэміі мастацтваў, была сярод лепшых студэнтаў. Але не змагла патрапіць на дзяржэкзамены, бо была за кратамі, афіцыйнага ліста ад органаў у акадэмію не прыйшло, і дзяўчыну адлічылі.

Вікторыя па спецыяльнасці не пайшла, уладкавалася афіцыянткай у рэстаран. У дзяўчыны дома, дарэчы, жыве ручная сарока. Падабралі яе яшчэ птушанём восем месяцаў таму, назвалі Лапуля. 

«У РУУС стаялі на каленях на асфальце»

10 жніўня сёстры гулялі ў цэнтры Мінска.

«Гэта было 6 гадзін вечара, нават не час мітынгу, — распавядае Аляксандра. — Мы былі насупраць Палаца спорту, там аказалася вельмі шмат міліцыі. Да нас падышоў супрацоўнік, сказаў: разварочвайцеся, далей ісці нельга. Літаральна праз 10 секунд з маленькага буса выйшла шмат супрацоўнікаў. Яны пачаліі хапаць выпадковых людзей — прытым што людзі паводзілі сябе спакойна, ніхто не крычаў лозунгаў. 

Адразу шок: я ў жыцці так блізка затрыманняў не бачыла, усё ўнутры затраслося. Пасля з’явілася яшчэ больш АМАПу і ўжо забралі нас. Сцягаў у нас з сёстрамі не было. Адзінае — белыя фенечкі на руках. 

Адвезлі ў Ленінскі РУУС. Там мы былі да сярэдзіны наступнага дня. Доўга стаялі на асфальце на каленях. Суткі нас не кармілі. Адзінае, што далі — вялікую бутэльку вады на ўсіх. На ўсякі выпадак мы нічога не падпісвалі.

У РУУС супрацоўніцы-жанчыны, як ні дзіўна, былі больш жорсткія за мужчын. Нават прыбіральшчыца — яна з такой нянавісцю ставілася да людзей.

Але самае пекла адбывалася ў саміх аўтазаках. Амапаўцы забаўляліся, як маглі. Дзяўчат не білі, а вось хлопцам прылятала дубінкамі па спіне. У аднаго былі доўгія валасы, і амапаўцам захацелася праявіць сябе ў новай прафесіі і падстрыгчы яго. Яны папрасілі ў РУУС нажніцы, але пастрыгчы не атрымалася, бо нажніцы былі тупыя. Пастаянна гучалі прыніжальныя жарты. Яны смяяліся: глядзіце, гэта ўсё за вашы падаткі.

Адзін амапавец пажартаваў з Вікінай прычоскі. Насамрэч яна стрыжэцца налыса не проста так. У яе хвароба шчытападобнай залозы — праз гэта адміраюць цыбуліны на галаве і вялікі участак застаецца без валасоў. Таму Віка вырашыла пачаць галіцца. Цяпер ёй нават падабаецца. 

Увечары 12 жніўня нас адпусцілі з Жодзіна. Ніхто з родных не змог сустрэць, бо было незразумела, дзе мы. Валанцёры адвезлі нас да вакзала, адтуль мы на электрычцы дабраліся да Мінска.

Было страшна ехаць па горадзе, бо мы чулі ад валанцёраў, што там поўная жэсць адбываецца. Баяліся, што нас зараз назад павязуць у турму».

«Не ведаю, што рабіць — ці палітычны прытулак у Бразіліі прасіць, ці ў Польшчу ехаць»

Некалькі месяцаў было зацішша. У верасні Аляксандра звольнілася з працы — інтуіцыя, якая яе не падводзіць, падказвала штосьці нядобрае. У кастрычніку на тэлефон пляменніцы прыйшла павестка для Вікторыі ў суд на гэты ж дзень. Натуральна, дзяўчына не змагла там прысутнічаць. Суд вынес рашэнне без яе — далі проста афіцыйнае папярэджанне. 

14 кастрычніка Аляксандра з’ехала за мяжу. А ўжо 16-га міліцыя прыехала да Вікторыі, сказалі, трэба пагутарыць наконт сястры. Папрасілі праехаць з імі — дзяўчына нават куртку не надзела. Дадому яе ўжо не адпусцілі. Тое ж самае адбылося з Настассяй. Пасля быў вобшук дома ў мамы, дзе прапісаны сёстры, але нічога не забралі.

На дзяўчат завялі крыміналку па артыкуле 342. Падставай стала відэа за 10 жніўня, на якім яны засвяціліся.

«Насачынялі, што мы крычалі лозунгі, стаялі на праезнай частцы. Хоць гэтага не было. Наконт мяне не могуць супакоіцца: не вераць, што я з’ехала з краіны, спрабуюць знайсці», — дзеліцца Аляксандра.

Мама дзяўчат на пенсіі. 

«Яна дастаткова моцная жанчына, стараецца не маркоціцца. Калі прыязджалі следчыя, з міліцыі, заўсёды смела з імі сябе паводзіла, крычала: «Што, і за мной прыехалі ўжо? Забірайце!» 

У мяне аптымістычная сям’я — што мама, што сёстры. Спрабуюць з гумарам ставіцца да гэтай сітуацыі. Сёстры пісалі, што ім пашанцавала: у камеры яны з добрымі людзьмі, адно аднаго падтрымліваюць. Яны сядзяць з палітычнымі. Усе кажуць, што лісты вельмі дапамагаюць».

Аляксандра ж пакуль у Бразіліі, там жыве яе малады чалавек. 

«Пасля гэтых затрыманняў ён сказаў, што лепш мне нейкі час пасядзець тут. Я разлічвала, што ўсё хутка скончыцца, але, на жаль, гэтага не здарылася. У Бразіліі можна быць без візы тры месяцы, і ў мяне гэты тэрмін сканчваецца. Не ведаю, што рабіць — ці палітычны прытулак тут прасіць, ці ў Польшчу ехаць. Натуральна, калі я палячу ў Беларусь, мяне сустрэнуць з шырокімі абдымкамі супрацоўнікі міліцыі».

***

Адрас для лістоў Вікторыі і Настассі Міронцавым: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Каментары

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі40

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →