Грамадства

Гісторыя салідарнасці: цырульніцу асудзілі на два гады хіміі за абразу міліцыянера — і да яе на стрыжку пачалі масава запісвацца людзі

Валянціне Мядзведзь з Бярозы 46 год. У невялікім горадзе яе ведаюць многія: як вельмі добрага майстра-цырульніка, які за даступны кошт начаруе любую фрызуру. Сярод пастаянных кліентаў у яе лічыўся і з дзясятак мясцовых міліцыянераў. «Яны любяць усё лепшае, а я стрыгла на ўзроўні барбершопа», — кажа жанчына. Хто ж ведаў, што ў адзін момант Валянціна стане баяцца людзей у форме, а адзін з іх выйграе справу супраць цырульніцы ў судзе. За абразу супрацоўніка міліцыі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса жанчыне прысудзілі два гады хатняй хіміі. Таксама яна павінна будзе кампенсаваць яму «маральныя пакуты» на 1500 рублёў.

Цяпер на змену міліцыянерам у кліенты да жанчыны пайшлі неабыякавыя беларусы, суседзі. Расказваем пра яшчэ адну гісторыю беларускай салідарнасці.

Валянціна Мядзведзь.

«Перавучылася на цырульніцу, бо грошай у ДК на жыццё не хапала»

Да таго, як прыйсці ў прафесію цырульніка, Валянціна займалася ў Бярозе афармленнем гарадскіх святаў — рабіла дэкарацыі і на Купалле, і на Дажынкі, і на рэгіянальны фестываль гумару «Спораўскія жарты», працуючы ў мясцовым ДК.

«Я з дзяцінства праяўляла прагу да малявання, таму і паступіла ў Мірскую мастацкую вучэльню на мастака-афармляльніка (дэкаратара). Праўда, умовы ў 90-я там былі зусім не рамантычнымі. На непапулярныя спецыяльнасці бралі ўсіх, і там аказалася нямала дзяцей з нешчаслівых сем'яў. Я марыла маляваць Мірскі замак на пленэрах, а ў выніку змагалася з тым, каб з майго пакою не скралі ўсе рэчы. Адзін з навучэнцаў увогуле пырнуў мяне нажом — пасля трапіў у калонію, хаця я прасіла не караць яго, каб не ламаць хлопцу жыццё. Справа была ў зайздрасці: мая сям’я чатыры гады пажыла ў Германіі, тата быў вайскоўцам, служыў таксама ў Афганістане. З замежжа мы прывезлі шмат дэфіцытных рэчаў — ад кававаркі да моднага адзення. Нягледзячы на такія моманты, я ўсё адно скончыла вучэльню з добрымі адзнакамі, праяўляла сябе лідаркай», — згадвае Валянціна.

Валянціна каля свайго каледжа.

Грошай на жыццё з заробкаў у ДК не хапала, таму Валянціна пайшла на біржу працы і ў выніку перавучылася на цырульніцу ў Брэсце.

«Я і сама па сабе ўжо рабіла ў Бярозе вясельныя фрызуры ды макіяж на святы. Заставалася навучыцца стрыгчы па схемах, з матэматычна-скульптурным, прафесійным падыходам».

15 год Валянціна адрабіла ў мясцовай сетцы салонаў «Вікторыя», а паўтара года таму вырашыла працаваць на сябе. Каб мець вольны графік і больш часу надаваць дачцэ: з 2013 года жанчына адна гадуе сваю Леру (цяпер дзяўчынцы 13 год).

Маючы імідж добрага спецыяліста, жанчына ўжо была досыць папулярнай асобай у горадзе: яе часам маглі спыніць на вуліцы, каб параіцца, «як з маімі валасамі лепш пафарбавацца, пастрыгчыся». Пасля рэзананснай судовай справы гэтая папулярнасць вырасла ў разы.

Адна з прац цырульніцы.

«Сорамна глядзець змагарам у вочы»

«Калі шчыра, то мне сорамна глядзець змагарам у вочы. Не тое каб была апалітычнай, але ў падрабязнасці жыцця краіны да 2020 года не ўдавалася. У 1994-м прагаласавала за Лукашэнку, як і многія: гаварыў ён прыгожа, лёгка было падмануцца. А пасля на выбары зусім не хадзіла. Нават летась не змагла, бо на той момант мела падазрэнне на каранавірус. Але ў мяне было жаданне пераменаў. Бо нават сітуацыя з маім заробкам у ДК нікуды не вартая. А так жыве шмат беларусаў. Верылася, што мы нарэшце зможам ўсё змяніць», — шчыра прызнаецца гераіня.

На акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў жанчына не выходзіла: кажа, што перажывала, што не зможа стрымацца пры выглядзе гвалту, яе забяруць — і тады непаўнагадовая дачка засталася б адна. Праўда, ад канфлікту з праваахоўнымі органамі гэта яе ўсё адно не выратавала. Жанчына згадвае, як развіваліся падзеі да суда.

«Праз два дні пасля выбараў уключылі інтэрнэт. Я ўбачыла, што чынілася ў Мінску — адразу пачалася істэрыка, слёзы. Хацелася быць упэўненай, што ненармальнасць гэтых падзей асэнсоўваю не адна я. З суседзямі такое не абмяркуеш — у маім доме жывуць адны пенсіянеры.

Так што я стала дадавацца ва ўсе магчымыя суполкі і чаты, каб больш даведацца пра настрой грамадства. У адзін з дзён у вайбер-групе «Бяроза — сумленныя людзі» абмяркоўвалі збор праўладнага мітынгу на плошчы. А я прапанавала ўсім неабыякавым грамадзянам паралельна сустрэцца ў парку. Абмеркаваць, як жыць далей, пазнаёміцца (калі шчыра, у мяне нават былі свае карыслівыя мэты: часта чула, як на мітынгах знаходзяць каханне, а я ўсё ж жанчына самотная. Можа б, з кім пазнаёмілася).

Сабрацца ў парку ніхто так і не паспеў: ужо праз пару гадзін на парозе кватэры стаялі два міліцыянеры, якія папярэдзілі пра недапушчальнасць арганізацыі няўзгодненых масавых мерапрыемстваў і папрасілі Валянціну сцерці яе паведамленне, а таксама выдаліцца з чаціка. Адным з іх быў начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых Зміцер Лішко — важны для далейшага аповеду персанаж.

Зміцер Лішко. Фота: berezacity.by

«Кіпела ад злосці, бо пасля выплаты штрафа засталася з голым гаманцом»

У Бярозе, як і ў шмат якіх іншых гарадах Беларусі, летам на вуліцах выстройваліся працяглыя ланцугі салідарнасці. Адзін з іх атрымаўся вельмі запамінальным дзякуючы падтрымцы мясцовага топ-менеджара Зміцера Юркевіча. Ён 17 год адпрацаваў на горадаўтваральным прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы», большую частку з іх займаў пасаду намесніка дырэктара па эканоміцы. Спачатку Зміцер напісаў адкрыты ліст у падтрымку мірных акцый, а пасля дазволіў рабочым выйсці падтрымаць жанчын з кветкамі ў абед. Акампанементам да акцыі стала песня «Перамен», якая гучала з чарады фур на дарозе.

Зміцеру Юркевічу прыйшлося звольніцца, многіх актывістаў задушылі штрафамі, і ўжо ў верасні акцыі ў Бярозе пачалі згортвацца.

«6 верасня, у нядзелю, я адправілася ў «Еўраопт», бо даведалася, што ўлюбёныя пракладкі прадаюць на акцыі. Ніякіх мітынгаў на плошчы і ў месцах, дзе яны адбываліся раней, на шляху не сустрэла. Не даходзячы да крамы, побач з прыпынкам спынілася пагутарыць са сваёй знаёмай. І неўзабаве да мяне падышоў той самы міліцыянер Лішко са словамі: «О, і Мядзведзь тут!» Ëн папярэдзіў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, зняў усё на відэа і сышоў. Каб вы разумелі, побач было чалавек 8, гэта былі розныя групкі людзей. Аніякіх сцягоў, лозунгаў — нават балонікаў з кветкамі. Я пайшла ў краму і вярнулася дахаты, а ўжо ў панядзелак да мяне завітаў участковы, каб скласці пратакол па артыкуле 23.34 КаАП».

За адсутнасцю адэкватных доказаў віны Валянціны ёй прысудзілі адносна невялікі штраф — 3 базавыя велічыні (на той момант — 81 рубель). Але жанчына ўсё адно была поўная злосці і крыўды. 

«Мой месячны заробак складае каля 350 рублёў. Яшчэ 250 — аліменты ад мужа. Каля 230 сыходзіць на камуналку, школу, падаткі, лізінг на пыласос. І тут гэты штраф на пустым месцы! Я кіпела ад злосці, бо пасля сплаты засталася амаль з голым гаманцом», — расказвае суразмоўца.

Менавіта на гэтай эмацыйнай хвалі яна і напісала ў тэлеграме, што думае пра свайго крыўдзіцеля: што ён — «гнілы, слізкі тып, шкура і паліцай».

«Гэта не было нейкай навіной: людзі ў горадзе даўно абмяркоўвалі ў негатыўным плане не толькі яго. Многія адмаўляліся абслугоўваць міліцыянераў, адыходзілі ад іх у краме падалей. Я сама пасля жнівеньскіх падзей перастала стрыгчы людзей у форме, хаця гэта былі мае пастаянныя, добрыя кліенты. У нейкі момант мне стала нават шкада іх. Я б вось не змагла жыць, калі вакол грэбуюць. Аднак за свой ілжывы пратакол Лішко заслужыў такіх словаў».

Неўзабаве пасля каментара ў тэлеграме да Валянціны прыйшлі, каб канфіскаваць мабільны тэлефон і паведаміць, што на яе заведзеная крымінальная справа па факце абразы супрацоўніка міліцыі. Зміцер Лішко папрасіў суд спагнаць з Валянціны 2000 рублёў маральнай кампенсацыі. У выніку суд задаволіў 1500. Акрамя таго, жанчыне прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (змякчальнай мерай паслужыла наяўнасць непаўнагадовай дачкі).

«Дачка бачыла мае слёзы і перамалявала сцяг у дзённіку ў бел-чырвона-белы»

«На адным з допытаў следчая намякала: калі б я пазваніла Лішко і выбачылася, можа б, ён адклікаў пазоў. Але чаму я павінна выбачацца? Я тое самае думаю пра яго і сёння, гэта праўда», — кажа жанчына.

З дачкой Лерай.

Перажывала ўвесь час яна толькі за дачку Леру. Асабліва пасля таго, як тая, наглядзеўшыся на слёзы маці, перамалявала ў дзённіку афіцыйны сцяг на бел-чырвона-белы.

«Я пра гэты выпадак нават не ведала. Роўна да таго моманту, пакуль у школе папрасілі замяніць дзённік на новы, перанёсшы туды пры гэтым усе старыя адзнакі і расклад. Я дачцэ сама нічога пра падзеі ў краіне не тлумачу. Наадварот, кажу: «Твая справа — вучыцца, а справа бацькоў — рабіць усё, каб змяніць будучыню сваіх дзяцей. Але яна і сама ўсё разумее. Спадзяюся, праблем у школе праз мяне ў яе не будзе».

У першыя дні пасля прысуду Валянціна адчувала паніку і прызнакі дэпрэсіі, але цяпер, кажа, сабралася і гатовая змагацца за сябе далей. Без дапамогі адваката, напрыклад, склала апеляцыйную скаргу.

«Мне больш чым паўгода трэплюць нервы, і сёння, можна сказаць, у мяне ўжо выпрацаваўся імунітэт. Я ні пра што не шкадую дакладна. Тым больш цяпер я даведалася, што побач жывуць такія неверагодныя, салідарныя людзі. Мясцовыя прапаноўвалі скінуцца на кампенсацыю маральнай шкоды, але я адрэзала: хачу зарабіць сама. І людзі масава пацягнуліся за стрыжкамі, запісаліся ў кліенты.

Асабліва спагадлівымі аказаліся тыя, каму раней таксама несправядліва прысуджалі штраф. Яны, як і я, прайшлі праз гэтае беззаконне. Цэны за стрыжку ў мяне дагэтуль адны з самых нізкіх у горадзе — 10 рублёў. Многія калегі павысілі, але я прынцыпова не хачу: калі бачыш цэны на прадукты, рука не падымаецца гэта зрабіць. Вакол мяне жывуць людзі, якім не хапае заробкаў і на паўмесяца. А калі ў сям’і тры хлопцы, і ўсіх трэба пастрыгчы? Вось наладзяцца справы ў краіне — тады і будзем падымаць кошты».

Калі вы таксама хочаце падтрымаць Валянціну і будзеце праездам у Бярозе, можаце запісацца да яе на стрыжку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»2

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць