Культура

Кэнсэлінг па-беларуску: праўладныя блогеры адмяняюць выступы нялюбых ім артыстаў і зрываюць мерапрыемствы

У Беларусі адныя за адным адмяняюцца канцэрты і масавыя мерапрыемствы. Калі некаторыя скасоўваюць ці пераносяць праз каранавірус, то іншыя — справа рук праўладных тэлеграм-каналаў.

Ужо больш за год «ананімныя» праўладныя тэлеграм-каналы і блогеры займаюцца звыклай для сябе справай. Яны публікуюць сацсеткі беларускай знакамітасці, якая падтрымала пратэсты, заклікаюць сваіх нешматлікіх падпісчыкаў прадэманстраваць абурэнне ў каментарах. Ну і паралельна наўпрост абражаюць саміх спевакоў, вядоўцаў, артыстаў.

Але ж цяпер яны заняліся больш прадметнымі справамі. «Блогеры-ябацькі» адсочваюць сацсеткі амаль любога выступоўцы, які плануе даць канцэрт ці ўзяць удзел у публічным мерапрыемстве. Як толькі ў чалавека знаходзяць фотаздымкі з бела-чырвона-белым сцягам або асуджэнне гвалту сілавікоў — падымаецца віскат.

І гэта працуе.

«Вывучылі матэрыялы і тэксты песень» Дакоты, пасля чаго ёй анулявалі «гастрольку»

Першай зорачкай стала адмена выступу спявачкі Рыты Дакоты ў Мінску. Дакота — ураджэнка Беларусі, якая даўно ўжо жыве і працуе ў Маскве. Але падчас пратэстаў 2020 года яна асуджала дзяржаўны гвалт, пісала і выказвалася пра рэпрэсіі, данаціла фондам падтрымкі. 

Вокладка сінгла Дакоты «Сыходзь»

Выступ Дакоты ў 2020 не адбыўся, яго перанеслі на восень 2021. І ў канцы верасня стала вядома, што і гэты канцэрт не адбудзецца: ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама паведамілі, што «вывучылі матэрыялы і тэксты песень» Дакоты, пасля чаго ёй анулявалі «гастрольку». 

Але ж вельмі верагодна, што на Рыту Дакоту выканкамаўскія цэнзары і так бы звярнулі ўвагу, без блогераў. Ды і для самой спявачкі, якая жыве і гастралюе ў Расіі, адмена мінскага канцэрта — не трагедыя, будзем шчырыя.

Экстранна закрылі пляцоўку, дзе павінен быў быць Global Women Forum 2.0

Вось толькі калі канцэрт Дакоты адмянілі хаця б за два тыдні да выступу, то наступнае мерапрыемства — за ноч да пачатку.

Гутарка пра Global Women Forum 2.0: вялікі жаночы форум, запланаваны на 16 кастрычніка ў Мінску. Увечары 15 кастрычніка стала вядома, што форуму не даюць пляцоўку.

«Мы самі ў поўным шоку, да 16:00 сённяшняга дня мы былі цалкам упэўненыя ў тым, што мерапрыемства адбудзецца. У нас быў дазвол на правядзенне мерапрыемства.

Мы пачалі мантаж пляцоўкі, прыехалі партнёры, прыляцелі спікеры. Усё было гатова і без забаронаў. На жаль, сёння ў 16:00 нам паведаміў Палац спорту, што яны экстранна закрываюць пляцоўку з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі», — напісалі арганізатары.

Тлумачэнне пра эпідэміялагічную абстаноўку хоць і выглядае лагічным у свеце цяжкай сітуацыі з «каронай» у Беларусі, але ж іншыя мерапрыемствы і выступы ў тым жа Палацы спорту чамусьці не адмянілі.

Больш лагічнай прычынай адмены жаночага форуму бачыцца асоба адной з удзельніц. Хэдлайнеркай мерапрыемства арганізатары запрасілі блогерку Аляксандру Мітрошыну. У яе 2,5 мільёна падпісчыкаў. 

Мітрошына — расіянка, але ў адным з інтэрв’ю выказалася пра рэпрэсіі ў Беларусі, дадаўшы, што баіцца такога ж у Расіі. Як толькі пра гэта зашумелі ў дзяржаўным сегменце беларускага тэлеграма, Global Women Forum згубіў пляцоўку.

Дарэчы, сёння на сайце форуму заяўляецца, што мерапрыемства не адмянілі, а перанеслі. А Мітрошына раптам знікла з афіш і са спіса спікераў. Напэўна, таксама праз эпідэміялагічную абстаноўку?

«Наша Ніва» звязалася з арганізатарамі мерапрыемства, але адказныя за PR так і не выйшлі на зваротную сувязь.

Канцэрты комікаў адмянілі: адзін пажартаваў пра інаўгурацыю, другі сфоткаўся з Багінскай

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы звярнулі сваю ўвагу на комікаў. Спачатку адмяніўся выступ у Барысаве. Там у спартовай кавярні «Барысаў-арэны» планавалася «салянка» з некалькіх мінскіх гумарыстаў.

Ябацькі паднялі шум: бэчэбесы!

Што злачыннага зрабілі гумарысты? Адзін з комікаў сфатаграфаваўся з Багінскай, выкладваў вершы Някляева і пісаў «гані быкоў, вярнецца доля» ў сваім інстаграме. Цяпер гэтыя допісы выдаленыя, сам комік адказаў «Нашай Ніве»: «Лішняя ўвага мне ні да чаго».

Другі праспяваў песню і нешта там пажартаваў пра інаўгурацыю. «Усе скрыншоты пайшлі ў ГУБАЗ!» — рапартуе пра такія «злачынствы» чарговы праўладны блогер з шасцю сотнямі падпісчыкаў. 

Трэцім комікам быў Андрэй Макаёнак, былы работнік БТ. Яго, па патрыятычнай традыцыі беларускай прадзяржаўнай благасферы, ахрысцілі «іудам» і «ўпыром».

Фота: promoter.by.

Але ж самае сумнае і паказальнае тут, што выступы комікаў былі адмененыя. А пасля адзін з гумарыстаў зноў трапіў пад раздачу, як толькі яго імя з’явілася ў афішы мінскага бара. Цяпер гэтая афіша знікла з сацсетак.

«Ці адмяніўся выступ у бары я не ведаю, хутчэй за ўсё, таго выступоўцу проста заменяць на іншага коміка.

Так, у абодвух выпадках гэта блогеры, і яны проста пішуць у розныя інстанцыі лісты, з-за чаго на месцах людзям дастаецца і ім даводзіцца адмяняць нашы выступы. Мне так і тлумачаць: прабач, такая вось сітуацыя. Я ўсё выдатна разумею», — кажа «Нашай Ніве» адзін з гумарыстаў. 

«На жаль, у гэтай краіне я больш выступаць не магу», — лаканічна адказаў Андрэй Макаёнак.

Кур'яну, што сышоў з дзяржаўнага тэлебачання, дасталася за «Савушкаў продукт»

Тым часам праўладныя блогеры намецілі сабе новую ахвяру. Былы тэлевядоўца Дзяніс Кур’ян, які ціха і спакойна сышоў з дзяржаўнага тэлебачання, апошнім часам прасоўваў свой ютуб-канал.

Фота: ilinterviews.com

У яго бок і так перыядычна ляцелі папрокі з боку праўладных блогераў. Але апошнім трыгерам стала тое, што каманда Кур’яна здымае дакументальную стужку да 45-годдзя «Савушкавага продукту» на замову самой кампаніі.

Да цкавання далучылася і Людміла Гладкая з «Советской Белоруссіі». Да таго ж жонку Кур’яна — пляменніцу мэра Гродна Мечыслава Гоя — таксама абвінавацілі ў недастаткова патрыятычных каментарах.

***

Выглядае, што сітуацыя з цэнзурай выступаў і канцэртаў будзе толькі пагаршацца. Цяпер ідэалагічнае ўпраўленне Мінгарвыканкама, якое і выдае «гастролькі», узначаліла былая міліцэйская прэс-сакратарка Чамаданава. Наўрад ці варта чакаць «адлігі» ад жанчыны, якая ў афіцыйных міліцэйскіх зводках ужывала слова «змагары».

Каментары

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?»2

Выбухоўку для расійскіх дыверсій у Еўропе перавозілі агенты-беларусы — WSJ з крыніц у спецслужбах11

Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ6

Андрэй Пачобут стаў «Асобай года» ў Польшчы2

Былы дырэктар «Сілічаў» жыве ў Крыме і судзіцца з суседкай, якая казала, што ён датычны да смерці чалавека1

«Бітлз-лэнд». У Ліверпулі адкрыецца велізарны музей «Бітлз», праект блаславілі Пол Макартні і Рынга Стар1

У Дзень бацькі Лукашэнка пажадаў беларускім мужчынам быць гатовымі ў любы момант стаць на абарону краіны12

Францыя прызнала няўдачы ў сваім адказе на гвалт. Цяпер разгортвае войска і рыхтуецца да новых пратэстаў6

На Зямлі ёсць тры тэрыторыі, якія не хоча забіраць ніводная краіна. Чаму так атрымалася?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію71

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць