Гісторыя77

Як загінула літоўская Масада

Пра абарону замка Пілены расказвае «Хроніка Віганда». Абаронцы забілі сябе, каб не папасці ў рукі крыжакоў. Новыя даследаванні дазволілі паглядзець на падзеі пачатку XIV стагоддзя з іншага ракурсу.

Wikimedia Commons

У нямецкіх хроніках гэтыя падзеі апісваліся так.

У лютым 1336 года дзевятнаццаты вялікі магістр Нямецкага ордэна Дзітрых фон Альтэнбург рушыў на паўночныя землі Вялікага Княства Літоўскага, каб перавыхоўваць паганцаў. Суровы фанатык, магістр Дзітрых вёў свежыя сілы, у якіх была прадстаўленая ледзь не ўся Еўропа: аддзелы герцага брандэнбургскага, графаў з Фландрыі, Францыі, нямецкіх і аўстрыйскіх земляў. Атрад добра ўзброеных «гасцей» налічваў каля 200 шаломаў. 

25 лютага 1336 года рыцары ўзялі ў аблогу castrum Pillenen in terra Troppen. Відаць, гэты «замак Пілены» ў «зямлі Тропен» быў важным апорным пунктам у Жамойці, на мяжы з ужо заваяванай Ордэнам Прусіяй. Праўда, і да сёння невядома, дзе дакладна ён быў размешчаны: магчыма, на паўночным (правым) беразе ніжняга Нёмана.

Камень каля гарадзішча Пуня пад Трокамі, з якім атаесамляюць летапісныя Пілены. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Доўгі час лічылася, што замак Пілены месціўся на гарадзішчы Пуня ў Троцкім павеце (сёння Алітускі раён Літвы). Ля падножжа гарадзішча быў нават усталяваны мемарыяльны камень (на фота) з радкамі класіка літоўскай літаратуры Майроніса (Ёнаса Мачуліса). 

Гэта магіла волатаў Маргіса!
Хоць прайшло шэсць вякоў,
Што яны — проста жменька попелу!..
Але скажуць больш, чым жывыя.

Ордэнскі храніст Віганд Марбургскі рыфмаванай прозай на сярэдне-верхненямецкай мове (vulgari teutonico) пісаў, што да замка Пілены збеглася звыш 4 000 чалавек з чатырох земляў. Пабачыўшы крыжацкае войска, язычнікі «страцілі надзею на ўтрыманне замка» і сталі кідаць сваю маёмасць у полымя. А пасля — забіваць самі сябе. Драматызму аповеду надаваў сюжэт пра vetula pagana («старую паганку»), як можна меркаваць — чараўніцу, якая сякерай забіла сотню сваіх супляменнікаў, а потым — сябе.

І ўжо калі замак быў захоплены, частка абаронцаў, параненыя, здолела ўцячы на конях. Але, калі яны адарваліся ад пагоні, правадыр паганцаў закалоў сваю жонку і ўкінуў яе цела ў агонь. Паганцы, уражаныя такой рашучасцю, схілілі свае галовы — і правадыр пазабіваў іх усіх. 

Замак Пілены быў разбураны і пасля не аднавіўся.

Упоравень з Талай і Масадай

У сярэдзіне XV стагоддзя на замову польскага гісторыка Яна Длугаша хроніка Віганда была перакладзена на лацінскую мову. Пры гэтым быў зроблены не толькі пераказ падзей, але і іх інтэрпрэтацыя. Там, дзе ў Віганда Марбургскага былі паганцы (pagani), у лацінскім тэксце з’явіліся літоўцы (lithwani). Апроч таго, калектыўны суіцыд у Піленах у Віганда Марбургскага зладзіла язычніцкая чараўніца з рытуальнай сякерай, а ў Яна Длугаша — сам правадыр замка.

У сваю чаргу, гісторык ужо XVI cтагоддзя Мацей Стрыйкоўскі паказаў, як менавіта трэба ставіцца да гэтай гісторыі — як да гераічнага нацыянальнага міфа. Расказваючы пра Пілены, ён параўнаў гэтыя падзеі з аблогай замка Тала падчас Югурцінскай вайны 112—105 гадоў да н. э. паміж Рымам і паўночнаафрыканскім нумідзійскім царом Югуртам, пра якую сам прачытаў у Гая Салюсція Крыспа.

Горад Тала быў адной з тых рэзідэнцый, дзе захоўваўся скарб цара Югурты. Пасля паразы, панесенай ад рымскага палкаводца Матэлы, Югурта хаваўся ў пустыні Сахара, а горад быў узяты ў аблогу рымскімі войскамі. Праз сорак дзён аблогі рымляне авалодалі горадам, але не нумідзійскімі багаццямі. Паводле Салюсція, пабачыўшы, што гарадскі мур разбіваюць таранамі, верныя Югурту гараджане перанеслі золата і срэбра ў царскі палац, а там, «напіўшыся і наеўшыся», кінулі ў агонь царскія скарбы і падпалілі палац. Добраахвотна аддаўшы сябе смерці, яны згарэлі.

Такую ж гераічную ахвярнасць праявілі і абаронцы старажытнай цытадэлі, узведзенай царом Ірадам Вялікім у 25 годзе да н. э. на гары Масада.

Падчас антырымскага паўстання, вядомага як Першая Іўдзейская вайна, Масада была занятая паўстанцамі-зілотамі. Яны хацелі любымі сродкамі спыніць рымскае панаванне ў Іўдзеі. Цытадэль трапіла пад кантроль сікарыяў — баявой габрэйскай групоўкі, якая адкалолася ад зілотаў ды стала на шлях прамых нападаў і тэрарыстычных актаў.

У 70 годзе рымскія легіёны аблажылі Масаду. Тысячы рабоў будавалі дарогі і насілі зямлю для вала вакол цытадэлі, штурмавога пандуса і пляцовак для кідальных машын і таранаў.

З дапамогай гэтых таранаў рымляне прабілі-такі знешнюю сцяну фартэцыі, а пасля падпалілі і ўнутраную драўляную сцяну. Лёс Масады быў вырашаны. 

Фота Асты Сабанiтэ

Правадыр паўстанцаў Элазар бэн Яір звярнуўся да сікарыяў з палымянай прамовай. Сучаснік тых падзей, старажытнагабрэйскі гісторык Іосіф Флавій так падае яе тэкст:

«Будзьце мужныя, героі, пакрыйце сябе славай!… Не аддамо ж сябе цяпер добраахвотна ні рабству, ні тым жахлівым пакутам, якія чакаюць нас. Не зганьбім сябе перад рымлянамі, не здамося ім жывымі!… Мы першыя паўсталі супраць іх і апошнімі пакідаем поле бою… Вялікую ласку аказаў нам Бог, даўшы магчымасць памерці смерцю герояў, загінуць свабоднымі людзьмі, чаго не дадзена было здзейсніць нашым братам, паланёным знянацку… Хай нашыя жонкі памруць не зганьбаванымі і нашы сіроты не зведаюць горычы рабства. А таму саслужым адзін аднаму апошнюю службу, акажам апошнюю міласць, і што можа быць, браты, лепшым і даражэйшым за пачэсны саван свабоды? Але перш чым памром, аддамо агню нашую маёмасць і крэпасць. Я дакладна ведаю: рымляне пакрыўдзяцца, убачыўшы, што не ўзялі нас жыўцом і ашукаліся ў сваіх спадзяваннях пажывіцца здабычай. Толькі прадукты пакінем некранутымі, каб яны сведчылі пасля нашай смерці, што мы не пакутавалі ні ад голаду, ні ад недахопу вады, але самі аддалі перавагу смерці перад няволяй — як і пастанавілі загадзя…»

Іосіф Флавій таксама занатаваў успаміны дзвюх жанчын, якія здолелі схавацца ў пячоры і потым расказалі рымлянам, як адбыўся калектыўны суіцыд. Спачатку мужчыны забілі сваіх жонак і дзяцей, затым па жэрабі адзін аднаго: «…затым абралі па жэрабі дзесяць чалавек, якім трэба было закалоць астатніх. І кожны распластаўся на зямлі каля сваіх мёртвых жонкі і дзяцей, абхапіўшы рукамі іх цела, і з ахвотай падставіў сваё горла дзесяцярым, якія выконвалі жахлівы абавязак. Гэтыя людзі без уздрыгу пракалолі мячамі ўсіх, аднаго за адным. Затым яны кінулі жэрабя паміж сабой, каб той, на каго пакажа лёс, забіў дзевяцярых таварышаў, а затым наклаў рукі і на сябе… Назаўтра падняліся рымляне на Масаду, і калі знайшлі груды забітых, не ўзрадаваліся пры выглядзе загінулых ворагаў, а толькі застылі ў маўчанні, уражаныя веліччу іх духу і нязломнай пагардай да смерці».

Амаль неверагодна, але падчас археалагічных раскопак цытадэлі сапраўды знайшліся каменныя таблічкі з імёнамі, якія выкарыстоўваліся ў якасці жэрабя дзесяццю забойцамі.

Легенды, легенды

У ХІХ стагоддзі, у эпоху рамантызму, летапісны сюжэт з абаронай Піленаў зажыў новым жыццём, бо прыцягнуў увагу белетрыстаў.

Вядомы як драматург і раманіст, які добра патрапляе ў густы натоўпу, Аўгуст фон Кацэбу ў пачатку ХІХ стагоддзя ўзяўся пісаць «Гісторыю старажытнай Прусіі» (выйшла ў 1808 годзе). Не забыўся ён і пра Пілены, разбурэнне якіх назваў «самай дзіўнай падзеяй гэтага рэйду». У адпаведнасці з традыцыямі рамантызму, руіны замка сталі «помнікам адвагі тых паганцаў, вартым пяра Тацыта, як і ліры Гамера», а загінулых абаронцаў нямецкі аўтар называе «высакароднымі варварамі».

Аўгуст фон Кацэбу быў газетным агентам на расійскай службе ў Остзейскім краі. Ён выдаваў у Берліне газеты, якія праводзілі прарасійскую прапаганду, быў вядомы сваімі нападкамі і на нямецкіх лібералаў, і на нацыяналістаў. Мяркуецца, што менавіта за сваю прарасійскую пазіцыю фон Кацэбу быў заколаты кінжалам студэнтам-радыкалам Карлам Людвігам Зантам. Гэтае забойства стала нагодаю для забароны студэнцкай карпарацыі Буршэншафт і адмовы ад увядзення ў Прусіі і іншых нямецкіх дзяржавах канстытуцыі.

Каб узмацніць драматызм, фон Кацэбу дадаў у першасны сюжэт дэталяў ад сябе. У прыватнасці, ён прыдумаў, што адну з найважнейшых роляў падчас штурму выканалі трыццаць лучнікаў рыцара Вернэра фон Рандорфа, якія выпусцілі 600 стрэлаў, абматаных каноплямі, змочанымі ў смале. Агонь нібыта зрабіў немагчымай абарону драўлянага замка — і наступіла вядомая ўжо нам трагічная развязка. 

Эстафету мастацкага ўдасканалення сюжэту абароны Піленаў падхапіў Тэадор Нарбут. У ягонай працы «Гісторыя літоўскага народа» (1835—1841) ахвяраў стала ўжо 12 000 чалавек. А яшчэ да сюжэта дадаліся словы прарочыцы і алтар Зніча — святога агню паганцаў. 

Для чытача ХІХ стагоддзя раман «Кунігас» Юзафа Крашэўскага наўпрост спасылаўся на паэму Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод». Яна выйшла ў лютым 1828 года і стала адным з найбольш значных літаратурных твораў рамантызму. 

Паводле сюжэта, галоўны герой паэмы літоўскі хлопчык Альф трапляе ў крыжацкі палон (як і Маргер). Хлопца выхоўвае як роднага сына вялікі магістр Вінрых. Нягледзячы на добрае абыходжанне з боку немцаў, Альф, вонкава скарыўшыся, употай трымае нянавісць да Ордэна. 

Палонны літоўскі пясняр Гальбан намаўляе Альфа, каб той спачатку ўсё даведаўся ад немцаў, а затым выкарыстаў веды супраць іх, бо «адзінай зброяй нявольнікаў ёсць здрада».

У першай жа сутычцы з язычнікамі, у якой Альф бярэ ўдзел, ён пераходзіць на бок літоўцаў і дапамагае ім перамагчы. У будучым, пасля наведвання Іерусаліма, Альф выдае сябе за загінулага ў Святой Зямлі пры невядомых абставінах графа Конрада Валенрода і нават абіраецца вялікім магістрам Ордэна.

Трэба сказаць яшчэ, што Конрад фон Валенрод (1330/1340—1393) сапраўды быў вялікім магістрам Ордэна, і прытым непасрэдным кіраўніком Віганда Марбургскага, стваральніка легенды пра Пілены. Ён паходзіў з рыцарскага франконскага роду і ў сваёй палітыцы быў моцна завязаны на Вялікае Княства Літоўскае, першапачаткова падтрымліваў Вітаўта ў яго канфлікце з Ягайлам. Ордэнскія храністы яго не любілі: маўляў, быў недастаткова шчодры да царквы, — а паданні зрабілі з Конрада нават ліцвіна. 

Міцкевіч ведаў пра гістарычнага Конрада Валенрода і пісаў у каментарах да паэмы, што рэальны Валенрод сапраўды паставіў Ордэн на мяжу пагібелі, а сам памёр пры цьмяных абставінах.

Кунігас Маргер

Паэму «Маргер» апублікаваў Уладзіслаў Сыракомля (1855). Дзякуючы гэтаму твору гэты напаўміфічны персанаж стаў героем масавай (адносна) свядомасці, на той момант — польскамоўнай чытаючай публікі. Оперу на гэты сюжэт збіраўся напісаць Станіслаў Манюшка, а Сыракомля мусіў быць лібрэтыстам, але гэты праект не быў рэалізаваны. (Значна пазней, у 1920-х гадах, такую оперу напіша кампазітар з Лідчыны Канстанцін Горскі. Яна была пастаўленая ў Познані ўжо пасля ягонай смерці, ў 1929 годзе.) 

Некалькі новых пытанняў у тэме Піленаў паставіў літаратар і гісторык Юзаф Ігнацы Крашэўскі ў манаграфіі «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні…» (1847—1850): ці не паходзіць назва Пілены ад літоўскага pilis — замак, ці не быў правадыр паганцаў, «непераможнай яцвяжскай адвагі» ваяр Маргер князем? 

А пазней ён сам і адказаў на свае пытанні — цэлым раманам «Кунігас», што ўпершыню выйшаў у 1882 годзе.

Літоўцы лічаць, што Маргер (Маргірыс) мог быць братам Віценя і Гедыміна. Карціна Артураса Слапшыса. SVAJKSTA.BY

У рамане Юзафа Крашэўскага літоўскі герой Маргер (Маргірыс), лёс якога нібыта быў звязаны з абаронай Піленаў.

Паводле раманіста, у дзіцячым узросце Маргер быў захоплены крыжакамі падчас аднаго з рэйдаў у глыб літоўскай тэрыторыі, атрымаў хрысціянскае імя Юрый і выхоўваўся ў крыжацкай сталіцы Марыенбургу (Мальбарку). Але «голас крыві» ўрэшце перамог, прывёў юнака да сваіх суродзічаў, і Маргер-Юрый узначаліў абарону Піленаў ад крыжакоў.

Ілюстрацыі для першага выдання рамана «Кунігас» падрыхтаваў Міхал Эльвіра Андрыёлі

Жаданне літоўцаў

І ўсё ж сцвярджаць, што ўсю гісторыю пра кунігаса Маргера прыдумалі Сыракомля і Крашэўскі, будзе няправільна. Справа ў тым, што яго апярэдзіў асветнік і адзін з пачынальнікаў літоўскага нацыянальнага руху Сімонас Даўкантас.

Даўкантас скончыў Віленскі ўніверсітэт у 1822 годзе, але з-за працэсу філаматаў-філарэтаў дыплом магістра права атрымаў толькі ў 1825 годзе.

Яшчэ ў студэнцкія гады, у 1822- м, Даўкантас падрыхтаваў першую сваю працу па гісторыі Літвы «Дзеянні старажытных літоўцаў і жамойтаў».

У нарацыі Даўкантаса быў узмоцнены маральна-псіхалагічны складнік, падкрэслівалася жаданне літоўцаў памерці, але не стаць рабамі крыжакоў. Даўкантас дазволіў Маргірысу сказаць: «Няхай нявінная кроў цячэ па галовах гэтых крывасмокаў, якія адбіраюць у нас свабоду, якую далі самі багі». І дадаў: «Мы дзякуем нябёсам, што сёння мы можам памерці на свабодзе, нягледзячы на тое, што нас прыгнятаюць». 

Пры жыцці аўтара, праўда, ягоны твор не друкаваўся, апублікаваны ён быў толькі ў ХХ стагоддзі. Можна толькі здагадвацца, ці мог Крашэўскі чытаць яго ў рукапісе. У кожным разе ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя распрацоўкі Даўкантаса і Крашэўскага сталі вельмі запатрабаванымі. 

Апошнія хвіліны жыцця легендарнага Маргера. Карціна Уладзіслава Канстанціна Маераноўскага, сярэдзіна XIX стагоддзя. Для палякаў пафас карціны ўспрымаўся як антынямецкі, скіраваны супраць Прусіі — адной з дзяржаў, што здзейснілі падзелы Рэчы Паспалітай. Wikimedia Commons

Да пачатку ХХ стагоддзя міф пра Пілены шырока пайшоў у масы, стаў для літоўцаў без перабольшання нацыятворчым.

У 1905 годзе пісьменнік Марцэлінас Шыкшніс апублікаваў п’есу «Піленскі князь», створаную паводле рамана Юзафа Крашэўскага «Кунігас». 6 мая 1906 года п’еса была пастаўлена ў Віленскай ратушы, і лічыцца, што гэта была ўвогуле першая значная літоўскамоўная сцэнічная пастаноўка. Пасля яна пераможна крочыла па тэатральных падмостках, у тым ліку ў часы незалежнай Літвы міжваеннага часу, веды пра Пілены і гонар за іх зрабіліся ўсеагульнымі. Не змянілася сітуацыя і пасля акупацыі Літвы СССР, бо ідэя ахвярнасці ў абароне радзімы надта добра клалася і ў савецкую ідэалогію.

Рэвізія міфа

У сучаснай Літве гісторыю пра Пілены і яго правадыра Маргірыса ведае кожны школьнік, і не будзе перабольшаннем сказаць, што большасць літоўцаў на ёй выгадавана. Таму сапраўдным шокам для літоўскай грамадскасці стала з’яўленне ў 2010 годзе кнігі Даруса Баронаса і Дангіраса Мачуліса «Пілены і Маргірыс: гісторыя і легенда». Медыявіст Баронас прааналізаваў розныя версіі аповеду пра Пілены і прыйшоў да высновы, што звыклая версія падзей занадта рамантычная і не зусім адпавядае крыніцам. 

Акцёры спектакля «Піленскі князь», пастаўленага ў 1910 годзе літоўскім асветніцкім таварыствам «Varpas» («Звон») у Шаўлях. П’еса Марцэлінаса Шыкшніса (пад псеўданімам М. Шаўлянішкіс). Wikimedia Commons

Літоўскі гісторык мяркуе, што яшчэ да пачатку аблогі абаронцы Піленаў страцілі ўпэўненасць у тым, што змогуць абараніць свой замак. Крывавы хаос пачаўся з узаемнага забойства і знішчэння маёмасці. Далейшы лёс правадыра Маргірыса невядомы, а яго маляўнічае самагубства аказваецца літаратурным вынаходніцтвам значна пазнейшых часоў. Адной з яскравых асаблівасцяў гэтай гісторыі, паводле Баронаса, з’яўляецца адсутнасць актыўнага супраціву з боку літоўцаў. І толькі Ян Длугаш у XV стагоддзі «прымусіў» літоўцаў супраціўляцца.

Таму кніга Баронаса і Мачуліса выклікала моцнае незадавальненне кансерватыўных колаў. Што ж, у такіх дыскусіях і фармуюцца адметныя рысы нацыянальнага самаўспрымання. 

Магчыма, з часам навукоўцы знойдуць новыя факты, якія дазволяць ужо ўпэўнена рэканструяваць гісторыю гібелі Піленаў.

Каментары7

  • Дзіўны нацыянальны міф
    31.03.2024
    Нейкі дзіўны гераічны нацыянальны міф у літоўцаў: убачыўшы ворага, забі сваю жонку, сваіх дзяцей, сваіх паплечнікаў, спалі маёмасць.
    У нас іншыя героі: Кастусь Каліноўскі, Касцюшка, Леановіч, па чыім закліку "Пара!" магілеўчане за адну ноч выразалі ўвесь варожы маскальскі гарнізон у 1661м.
    Беларусы актыўна супраціўляліся нават калі сілы былі няроўныя з ворагам. А не рэзалі адзін аднаго. Што гераічнага ў суіцыдзе без супраціву, мне не зразумела.
    Усё ж такі літоўцы зусім іншы народ з іншым менталітэтам. Суседзі, але не браты.
  • Цікава
    31.03.2024
    Цікава, ці будуць літоўцы з такім нацыятворчай базай супраціўляцца расейскай агрэсіі, калі Расея вырашыць на іх напасці?
    Ці як пры абароне замка Пілены, пазабіваюць самі сябе, або пагодзяцца на ўвод расейскіх войскаў, калі Пуцін, як калісьці Сталін, паабяцае перадаць ім кавалкі беларускай зямлі?
    Дзесьці ў генах у іх жа сядзяць такія сцэнары...
  • Gorliwy Litwin
    31.03.2024
    Дзякуй за грунтоўны артыкул. Але ў ім усё ткі бракуе адной істотнай лініі. Задоўга да рамана Крашэўскага паэму "Мвргер" апублікаваў Уладзіслаў Сыракомля (1855). І здаецца менавіта дзякуючы гэтаму твору гэты напаўміфічны персанаж стаў героям масавай (адносна) свядомасці, на той момант - польскамоўнай чытаючай публікі. Оперу на гэты сюжэт збіраўся напісаць Станіслаў Манюшка, а Сыракомля мусіў быць лібрэтыстам, але на жаль гэты праект не быў рэалізаваны. Значна пазней, у 1920-х гадах, такую оперу напісаў кампазітар літвін з Лідчыны Канстанцін Горскі. Яна была пастаўленая ў Познані ўжо пасля ягонай смерці, ў 1929 г. Так што і пытанне адкуль Сыракомля ўзяў імя Маргера , застаецца адкрытым.

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →