Грамадства

«Нават тут кладуся спаць спакойна, бо сумленне чыстае». Правілы жыцця Сашы Івуліна

Пра дзяцінства ў Оршы, футбол, будні за кратамі і прынцыпы. Запісалі правілы жыцця блогера і палітвязня Сашы Івуліна, якога чытачы «Нашай Нівы» абралі самым сэксуальным мужчынам Беларусі — 2022.

Фота: старонка Івуліна ў сацыяльных сетках

Я заўсёды хацеў гуляць у футбол, але зламаўся. Быў нядрэнны: капітаніў у Оршы. А дагэтуль скончыў каледж там жа. Я рана пайшоў у школу і сканчаў бы яе ў 16 год. І бацькі прапанавалі пасля 9 класа пайсці ў каледж. Паступіў на спецыяльнасць тэхнік-праграміст, маці абрадавалася: гэта ж перспектыўна.

У мяне простая сям’я. Мама ўсё жыццё была выхавацелькай. А бацька не паступіў па лыжным спорце, таму займаўся ўсім: рознарабочы, «Еўраопт», дворнік — і гэтак далей.

Дзяцінства ў мяне было цудоўнае. Прападаеш днямі на вуліцы, гуляеш у футбол, разбіваеш вокны мячыкам (такое таксама было), усякія хованкі маскоўскія… Агулам афігеннае было дзяцінства без тэлефона і без інтэрнэту. Як цяпер проста. Думаю, мне пашанцавала пражыць яго ў адносна невялікім горадзе на перыферыі.

Мне заўсёды быў цікавы свет спорту, таму што я хацеў разабрацца, якія людзі пінаюць мяч: што яны кажуць, пра што думаюць. І калі ты кажаш, што спорт у Беларусі цяпер па-за палітыкай, ты баязлівец. А спартовец мусіць быць асобай.

Памятаю свой першы тэкставы рэпартаж, тады Сяргей Румас адносна нядаўна стаў кіраўніком федэрацыі футболу. І я спакойненька падыходжу да яго: «Сяргей Мікалаевіч, можна два словы?» А я тады быў малы, голас быў яшчэ горшы, прычоска, як у Білана ў маладосці. Ён паглядзеў на мяне, напэўна, падумаў: «Хто гэта, што гэта?» Але каментар даў.

YouTube — такая штука, дзе ты як на далоні. Там людзі лепш за ўсё адчуваюць трушнасць і фальш адпаведна.

Калі хочаш зрабіць штосьці крутое, абавязкова трэба выйсці з зоны камфорту.

Кіно? Я тут усёедны. Праўда, дзяўчаты кажуць, што са мной няпроста хадзіць у кінатэатры. Маўляў, Івулін, ты задзёўб усё каментаваць. На жаль, нічога не магу з сабой парабіць.

Бліжэй да трыццаці [гадоў] я падпісаў прафесійны кантракт з футбольным клубам «Крумкачы». І гэта паказчык таго, што няма нічога немагчымага, калі ты па-сапраўднаму любіш тое, што ты робіш.

Многія пыталіся, чаму я выбраў менавіта 25-ты гульнявы нумар. Адказваю. Па-першае, 25 сакавіка сапраўдныя беларусы святкуюць Дзень Волі. У гэтым годзе воля і мне, і ўсім нам патрэбна, як ніколі. Па-другое, 25 — «ягодка опять». Пасля вялізнага перапынку зноў спрабую сябе ў якасці футбаліста.

Раней усе жартавалі, што беларусы могуць звыкнуць да ўсяго. Але я ўсё яшчэ не звык расказваць гісторыі пра жнівень-2020.

Я б дакладна нічога не змяняў, таму што ўсё ў мяне ідзе так, як трэба. Так, нават тут [за кратамі] сябе лічу шчаслівым чалавекам, таму што ў мяне ўсё ёсць.

У мяне ёсць Радзіма, якой моцна ганаруся, і любімы горад, у якім хочацца жыць.

Бегаю падчас шпацыру па 45 хвілін у дзень. Праўда, як у Высоцкага, бег пакуль на месцы, але нават ён не ратуе ад лішніх калорый. Адчуваю, пасля вызвалення пачнуцца трэнажоркі і дыеты. Што яшчэ рабіць, калі ў пасылках і перадачах шмат салодкага?

Шчасце ў дробязях. Важна памятаць пра гэта і верыць у лепшае. Тады яно абавязкова прыйдзе. А ўсё цяперашняе пераўтворыцца ў досвед і ўспаміны.

У «Архіпелагу ГУЛАГ» Салжаніцына зачапіла фраза: «Чалавек з нячыстым сумленнем не можа спакойна легчы спаць». Дык вось, я нават тут кладуся спаць спакойна (наколькі гэта магчыма). Галоўнае, што сумленне чыстае.

Беларусы — самыя сапраўдныя коцікі: шчырыя, добрыя, сумленныя, выхаваныя, клапатлівыя (хоць часам пісаюць у тапкі), сапраўдныя.

Я вельмі люблю, калі ў лістах пішуць пра асабістае, пра свае гісторыі. Гэта збліжае.

На днях мне прынеслі пачак канвертаў. Адкрываю чарговы, а там ляжыць паштоўка. Даўняя-даўняя паштоўка, падпісаная мной.

Класная такая, з тэкстам: «Калі тваё жаданне не здзяйсняецца, значыць яно яшчэ не аплачана». І маімі каракулямі: «Не забывай пра гэта».

Я згадваю, што некалі даўно, калі быў важатым, падарыў гэту паштоўку аднаму хлопчыку ў канцы змены. І цяпер, праз шэсць год, ён даслаў яе мне са словамі: «Доўгі час гэта паштоўка была вельмі важнай для мяне. Але цяпер яна табе больш патрэбна».

Зразумела, давядзецца жыць па-новаму [у калоніі]. Давядзецца да нечага прывыкаць. Але трэба заставацца верным сабе. Да канца, тым больш гэта не назаўсёды.

Многія проста аддаюць перавагу галасіць пра тое, што ўсё дрэнна, застаючыся на месцы. А трэба зрабіць усяго толькі крок.

Ад кожнага чалавека залежыць, што пад ціскам такіх страшных абставін адбываецца ў лагеры з ім: пераўтворыцца ў тыповага лагерніка ці застанецца і тут чалавекам, захавае сваю чалавечую годнасць. Так што максімальна берагу ў сабе чалавека.

Я не зрабіў нічога дрэннага. Я проста хацеў дзейнічаць згодна з сумленнем. Хацеў і не мог спыніцца. Я хацеў дапамагаць людзям. І цяпер хачу гэта рабіць.

Прыведзены цытаты з лістоў палітвязня, апошняга слова ў судзе, яго ранейшых інтэрв’ю 34mag, Tut.by, «Трыбуне».

Чытайце таксама:

Топ-30 самых сэксуальных беларускіх мужчын ад «Нашай Нівы»

«Я з дзяцінства ў харэаграфіі! Патрэбнае штосьці большае, каб мяне зламаць». Топ-10 натхняльных цытат з лістоў беларускіх палітвязняў

Каментары

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»2

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуская культурная прастора CreateCulture Space у Вільні на мяжы закрыцця18

У Дзяржаўным музеі Абхазіі вісіць партрэт Шаміля Басаева. І здымаць яго пакуль адмаўляюцца7

«Хочуць прымусіць людзей працаваць за капейкі». Дальнабойшчыкі — пра намеры пазбавіць іх бясплатных медыцынскіх паслуг14

Самалёт Як-130 не перасякаў мяжы, меў месца запуск фальш-цэлі — Паветраныя сілы Украіны3

«Ад дачы паказанняў адмовіўся». Генпракуратура — пра магілёўца, які адбіваўся ад губазікаўцаў9

Расія зноў нанесла ўдары КАБамі па шматпавярховіках Харкава1

У Пецярбургу курсант Вайсковай акадэміі забіў жанчыну, прыняўшы яе слыхавы апарат за шпіёнскую прыладу3

Васкрасенскі патлумачыў, што Лукашэнка хоча ў абмен на палітвязняў. І пахваліў Усава, Балкунца і Гарбунову47

Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў вызваленні ад акупантаў прадпрыемства ў Ваўчанску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»2

Пяць амапаўцаў узялі штурмам дом хлопца, які вясной трос палавым органам пад песню «Крошка мая»

Галоўнае
Усе навіны →