Яго гісторыю запісаў праект «1906».

Гога разам з маці Святланай. Фота тут і далей: асабісты архіў

Гога разам з маці Святланай. Фота тут і далей: асабісты архіў

«Некалькі гадоў ляжаў і нічога не рабіў»

Гога Жукаў стаў дырэктарам салона «Фабрыка мрояў» у сакавіку 2021 года. Гэта сямейная справа, якую распачала яго маці 20 год таму. Да таго, як перадаць кіраўніцтва сыну, яна заставалася нязменнай дырэктаркай.

«У нейкі дзень маці сказала, што ёй надакучыла сфера прыгажосці. Маўляў, паеду жыць у родную вёску Ерашова, што ў Віцебскай вобласці, займацца агратурызмам, а салон закрыю. Але як закрыць, калі яму столькі год і база кліентаў напрацаваная, і майстры пры справе? Шкада ж! Тым больш, каб адкрыць салон, маці ў свой час пазычала грошы ва ўсіх сваякоў, а закупляць абсталяванне ездзіла ў Расію і Польшчу. Таму я вырашыў працягваць яе справу: я ў яе адзін, бацька памёр восенню ад COVID-19».

Гога скончыў эканамічны факультэт БДУ. Пасля нейкі час яны разам з партнёрамі вырошчвалі бульбу і прадавалі яе.

У нюансы кіравання салонам прыйшлося занурацца з нуля і са страхам, што можа нічога не атрымацца.

«Справа ў тым, што некалькі год да гэтага я ляжаў, амаль нічога не рабіў, нічым не займаўся. Я разумеў, што гэта няправільна, і тут такі лёс — выратаваць салон маці ад закрыцця», — тлумачыць наш суразмоўца.

«У 13 год нечакана разарваўся сасуд у галаве, адбылося кровазліццё ў мозг»

Самым складаным для мужчыны, як ён прызнаецца, сталі дакументы і камунікацыя з калектывам, падбор новага персаналу. Але пасля перажытых праблем са здароўем гэтыя цяжкасці падаваліся пад’ёмнымі. У біяграфіі Гогі — два кровазліцці ў мозг, чатыры аперацыі, тры трэпанацыі чэрапа, кома. Ëн зноў вучыўся хадзіць і нармальна размаўляць.

«Я жыў свабодным жыццём, гуляў у футбол, валейбол, лавіў рыбу. А ў 13 год у мяне нечакана разарваўся сасуд у галаве, адбылося кровазліццё ў мозг», — расказвае хлопец, як пачалася гісторыя хваробы.

«Усё здарылася ў вёсцы, мяне спачатку павезлі ў мясцовую бальніцу, потым у раённую, абласную — не маглі паставіць дыягназ. У Мінску стала зразумела, што прычынай усяму — прыроджаная АВМ (артэрыявенозная мальфармацыя — паталагічная сувязь паміж венамі і артэрыямі. — Заўв. рэд.). Мне зрабілі аперацыю, пасля яе я паўгода праляжаў у бальніцы — стаў на ногі і пайшоў у школу. Зноў пачаў жыць, як звычайны чалавек. Атрымаў другі разрад па плаванні, правы кіроўцы.

Здавалася, усё будзе добра, але ў 2009 годзе ўсё паўтарылася, і ў горшым выглядзе. Пяць сутак я прабыў у коме, пасля якой спачатку ўспамінаў, як сядзець, пасля — стаяць. Потым паціху пачаў хадзіць з хадункамі і мыліцамі. Да мяне вярнулася нармальнае маўленне. І ўсё гэта насуперак прагнозам некаторых лекараў, па якіх я павінен быў правесці рэшту жыцця прыкутым да ложка». 

«Я на 100% быў упэўнены ў тым, што дактары памыляюцца і я зноў буду хадзіць»

Гога кажа, што яму дапамагла вера ў сябе. 

«Я на 100% быў упэўнены ў тым, што дактары памыляюцца і я зноў буду хадзіць. Была толькі думка, што, можа, з кіёчкам застануся. Але на кароткіх адлегласцях і калі не слізка, я сёння абыходжуся і без яго. У мяне другая група інваліднасці, але гэта ніяк мяне не абмяжоўвае».

У салоне прапануюць усе самыя распаўсюджаныя б'юці-працэдуры. Ад стрыжак да дэпіляцыі і масажу. Акурат масаж з’яўляецца адной з самых папулярных паслуг.

«Масаж твару па сістэме Савелава-Дзярабіна, пры дапамозе якога прапрацоўваюцца глыбокія мышцы твару, паляпшаецца крывацёк, — наша візітоўка. Не ў крыўду іншым майстрам, але пасля масажу твару я бачу максімальна шчаслівых і задаволеных кліентаў, з самай вялікай усмешкай. А яшчэ адна з нашых фішак — экалагічная касметыка, якая не тэстуецца на жывёлах. За гэтым пільна сочыць адміністратарка».

Пазітыўная рыса часу, якую адзначае Гога: усё больш беларускіх мужчын пачынае сачыць за сабой і запісвацца не толькі на масаж, але і на педыкюр, манікюр і дэпіляцыю.

Некаторыя кліенты спецыяльна прыходзяць у салон, каб папрактыкавацца ў беларускай

З прыходам да спраў Гогі ў салоне пачало пашырацца выкарыстанне беларускай мовы — ён вырашыў, што ў кліентаў павінен быць выбар. Сёння ў салоне палова майстроў — беларускамоўныя, палова — рускамоўныя, але кожны, уключаючы адміністратараў, гатовы перайсці на зручную кліентам мову камунікацыі.

«У маім жыцці беларуская з’явілася некалькі год таму: я вырашыў, што родная мова яднае людзей. І вось проста пайшоў у краму і пачаў з прадаўцом размову, як мог. Атрымлівалася спачатку вельмі дрэнна, але я лупіў на трасянцы, не саромеючыся. Паступова было лепш і лепш», — згадвае Гога.

Знайсці беларускамоўнага майстра складаней, чым рускамоўнага, але, як паказвае практыка, усё магчыма. У выніку некаторыя кліенты спецыяльна прыходзяць у салон, каб папрактыкавацца ў беларускай.

«Людзі папярэджваюць, што пакуль могуць толькі на трасянцы, але вельмі хочуць вывучыць родную мову і просяць размаўляць з імі па-беларуску», — расказвае Гога.

Свой новы, яшчэ адзін салон на Лагойскім тракце ў Мінску, Гога хацеў зрабіць цалкам беларускамоўным. У памяшканні ўжо зроблены рамонт, але пакуль яго адкрыццё запаволілася: мужчына вырашыў усё ж сканцэнтравацца на адной справе і вярнуцца да новага праекта, калі асноўны будзе даведзены да ідэалу і з’явіцца больш вольнага часу.

Кліентамі «Фабрыкі мрояў» вельмі хутка сталі заўважныя беларускамоўныя персоны: Глеб Лабадзенка, Андрусь Горват, Сяржук Доўгушаў, Ганна Севярынец і іншыя. Кагосьці дырэктар запрасіў сам, нехта прыйшоў ужо дзякуючы рэкламе.

Музыка Сяргей Доўгушаў у салоне на стрыжцы

Музыка Сяргей Доўгушаў у салоне на стрыжцы

«Беларуская мова дапамагае ў рэкламе салона»

Са стрыжкай Ніны Багінскай атрымалася цікавая перадгісторыя: Ніна настойліва прасіла пастрыгчы яе пад «насадку нумар два», амаль налыса, але майстрам было шкада яе валасоў.

«Цырульніца Дар’я спачатку паспрабавала яе нажніцамі каротка пастрыгчы, але спадарыня Ніна настойвала да канца: «Не! Трэба быць рашучай! Толькі пад насадку нумар два». Жаданне кліента — закон».

Той самы новы імідж Ніны Багінскай

Той самы новы імідж Ніны Багінскай

Беларуская мова вельмі дапамагае ў рэкламе салона, кажа Гога:

«Беларускамоўныя людзі адразу пойдуць да нас, а для рускамоўных такая рэклама больш незвычайная і чапляльная. Увогуле, як паказвае практыка, пасты і піяр-кампаніі на беларускай мове у сацсетках маюць большы ахоп, чым рускамоўны кантэнт».

У будучыні салон плануе дадаць яшчэ пару новых працэдур і пашырыцца.

Гога з Нінай Багінскай і адміністратаркай салона

Гога з Нінай Багінскай і адміністратаркай салона

«Як паказвае мой прыклад, чалавек можа зрабіць што заўгодна, як бы складана ні было, нягледзячы на абставіны вакол. Проста трэба браць і рабіць», — упэўнены мінчук.

Чытайце таксама:

«Нітратаў у калодзежнай вадзе было амаль у 4 разы больш за норму». Актывісты выпусцілі кніжку з інструкцыямі, як ліставацца з чыноўнікамі так, каб яны вырашалі праблемы ў вёсках

Топ-15 беларускіх акаунтаў у Твітары — каго варта пачытаць

Клас
29
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1