Валерый Астрынскі — старшыня праўлення Angels Band. У 2019 годзе ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей краіны па версіі «Ежедневніка». У 2021 годзе асуджаны за ўхіленне ад выплаты падаткаў паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ (гаворка пра перыяд з 2012 па 2014 год) і асуджаны да 2,5 года «хатняй хіміі». Суд забараніў яму займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. У студзені 2021-га Валерый быў затрыманы за тое, што на хутары ў сябе ў двары вывесіў сцяг з «Пагоняй». ІТ-інвестар правёў тры дні ў ІЧУ, суд прысудзіў яму 20 базавых і адпусціў. Усе фота: dev.by

Валерый Астрынскі — старшыня праўлення Angels Band. У 2019 годзе ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей краіны па версіі «Ежедневніка». У 2021 годзе асуджаны за ўхіленне ад выплаты падаткаў паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ (гаворка пра перыяд з 2012 па 2014 год) і асуджаны да 2,5 года «хатняй хіміі». Суд забараніў яму займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. У студзені 2021-га Валерый быў затрыманы за тое, што на хутары ў сябе ў двары вывесіў сцяг з «Пагоняй». ІТ-інвестар правёў тры дні ў ІЧУ, суд прысудзіў яму 20 базавых і адпусціў. Усе фота: dev.by

Дабрацца ў госці да Валерыя Астрынскага нескладана — гадзіна язды па гродзенскай трасе, і вось мы ўжо ў вёсцы Барова Іўеўскага раёна. Хаты цесна прыціснутыя адна да адной. Удалечыні ад усіх, прама каля лесу над домам Астрынскага лунае сцяг раёна.

Валерый адразу ладзіць імправізаваную экскурсію. Пачынаем з лазні, якую інвестар пабудаваў сам. Гаворыць, яшчэ два гады таму мог толькі карціну ў доме павесіць, а цяпер з рук не выпускае балгарку і сякеру. Праходзім міма градак з клубніцамі, зелянінай і трапляем у майстэрню.

Раней гэта быў хлеў, цяпер працоўны кабінет Валерыя. Тут ёсць усё, ад будаўнічых інструментаў да старадаўняй шафы, якую прывезлі мясцовыя.

— Часам мне няёмка распавядаць пра сваю хатнюю «хімію», выходзіць нейкая рэкламная кампанія, — усміхаецца наш суразмоўца.

«Купіў балгарку, узяў спальнік, тушонку і паехаў жыць на хутар»

Размаўляць за кубкам гарбаты ідзем у дом: у вочы кідаецца ярка-зялёная падлога, старыя бэлькі на столі, пунсовыя дзверы ў гасцёўню. А ў печы ўжо трашчаць дровы, побач стаіць чыгун з ежай, на стале — вясковае сала, каўбасы, салёныя агуркі. Валерый неяк гарманічна ўпісваецца ў гэты антураж.

‒ Вы аб'ездзілі больш за 70 краін. Як гэта, пабываўшы ўсюды, пасяліцца на хутары? 

— Я планаваў аб'ездзіць усе краіны свету, калі ў мінулым жыцці ўсё было больш прагназавана, хацеў у год наведваць 10-20 краін. І з улікам гэтага падбіраў бізнэс-паездкі, паходы. Напрыклад, ляцелі на Кіліманджара, захапіўшы Кенію, Уганду, Танзанію і Занзібар. Самыя каларытныя краіны, якія бачыў — Папуа Новая Гвінея і Паўночная Карэя. А потым здарылася крымінальная справа, кавід. Межы закрыліся, добра, думаю, трэба закрыць гештальт — пажыць на хутары з балгаркай, — распавядае Валерый. У гэты момант па хаце праходзіць кот, скокае на крэсла і садзіцца побач з гаспадаром.

Па дакументах, драўляны дом Астрынскага 1946 года пабудовы. Ён 30 гадоў прастаяў пустым, перш чым вясной 2020 года ў яго засяліўся Валерый. 

— Купіў балгарку, узяў спальнік, тушонку і паехаў жыць на хутар. Спярша пераязджаў адзін. У доме была гліняная падлога, старыя вокны, з печкамі трэба было разабрацца.

Пакролькі я шмат хадзіў у паходы, то мне такая рамантыка і дыскамфорт падабаюцца. Ставіўся да гэтага так: іду ў паход, у якім трэба зрабіць дом. Праз паўтара месяца змог увесці яго ў эксплуатацыю.

«Прыйшоў мясцовы дзед, сказаў: «Давай буду дапамагаць»

Вёску Барова Астрынскі абраў невыпадкова, тут ён нарадзіўся, пражыў да трох гадоў і потым кожныя вакацыі вяртаўся да бабулі.

— Бацькі-студэнты на час пакідалі мяне тут на выхаванне. Яны вучыліся на аўтатрактарным факультэце, спачатку размеркаваліся на Бярэзінскі торфабрыкетны завод, потым у Маладзечна. Так што паспеў пажыць у розных гарадах, а з другога класа ўжо пайшоў у мінскую школу — успамінае Валерый. — У маім вясковым дзяцінстве мяне не абцяжарвалі працай: раз на месяц дапамагаў дзеду выгнаць кароў, за сенам ездзіў. Па-сапраўднаму фізічна працаваць пачаў толькі цяпер, і ад новага вопыту атрымліваю задавальненне, я так раней не жыў.

Тут лягчэй пераносіцца эмацыйна нестабільны перыяд. На самай справе гісторыя з дамамі (іх цяпер ў Астрынскага тры. — Рэд.) пачалася дзесяць гадоў таму. Купіў іх і падарыў сябрам на дзень нараджэння, тады гэтая думка здавалася прыкольнай. Мы прыехалі раз, выпілі, патусілі, і больш яны ўжо не патрэбныя былі. Мая фантазія, што сябры ўключацца і пачнуць рэанімаваць дамы, так і засталася фантазіяй. Стаялі яны, стаялі, потым я спытаў: «Дык вам дамы не патрэбныя?» І стаў іх сам аднаўляць. Адносіны з сябрамі засталіся добрыя. 

Рамантаваць дом Валерыю дапамагалі відэа ў гугле і парады мясцовых. Без іх у вёсцы ніяк.

— Адразу прыйшоў мясцовы дзед: «Ты што робіш? Давай буду дапамагаць». Я прыбраў са сцен шпалеры, пласт тынкоўкі, зачысціў бярвёны. Дзед паглядзеў і ўдакладніў: «Ты ж гіпсакардон зверху будзеш абшываць, так? Каб прыгожа было». А мне хацелася, каб усё было натуральна.

Пакінуў бярвёны, нічым не абшываючы сцены, як сказалі мясцовыя, так жылі зусім бедныя людзі.

Вось гэты дзед мне шмат раіў, тлумачыў, напрыклад, як зрабіць акно. Перыядычна ён быў не вельмі цвярозы, але скілоў у яго сапраўды нашмат больш, чым у мяне. Я неяк адразу перажываў: мы ж дамовіліся з дзедам працаваць, а ён прыйшоў і ўжо выпіў. Ён жа папаліць, пагаворыць за жыццё, нешта зробіць, а нешта не.

Пазней я стаў да гэтага спакойна ставіцца, не думаць парадыгмай эфектыўнасці і проста атрымліваць задавальненне ад размовы.

Бізнэс і вясковыя

Як кажа Валерый, у яго наогул не было праблем, як знайсці агульную мову з вясковымі.

— Няма ніякага бар'ера, калі чалавек цікавы. Мяне збольшага тут ведаюць: «А гэта Валера, унук Папрацкага» (прозвішча дзядулі па маме). Асноўным адкрыццём стала адсутнасць матывацыі ў мясцовых. Лічыў, людзі павінны быць прадуктыўныя, старацца нешта змяніць да лепшага, калі ёсць магчымасць зарабіць — не выпусціць яе. Але ў людзей тут іншая філасофія. Яна нядрэнная, проста іншая.

Я мог даць працу, і, здавалася б, людзі павінны быць зацікаўленыя. Рэальнасць жа іншая: два дні папрацавалі, нешта зарабілі і пайшлі прапіваць. Пры гэтым людзі душэўныя, адкрытыя. Усе ведаюць, дзе ў мяне ляжыць ключ ад хлявоў, ніколі іх не зачыняю — за два гады ніводнага крадзяжу. Тут сваё ціхае жыццё са сваёй філасофіяй.

Цяпер у сям'і Валерыя ў вёсцы тры дамы: у адным жыве ён, іншы яго жонка Таццяна перарабіла ва ўтульную аграсядзібу «Букашкин дом», а ў трэцім ідзе рамонт. Вясковым таксама прапанавалі падключыцца да бізнэсу, і вось што з гэтага выйшла.

— Людзей складана матываваць да прадпрымальніцтва, для іх сорамна браць у кагосьці грошы: «За што? За тое, што ежы нагатоўлю? Неяк гэта не па-людску». У нас выйшла цікавая гісторыя з адной бабулькай. Адна сям'я папрасіла, каб хтосьці прыгатаваў вясковай ежы. Прыходзім да бабулі, пытаемся, ці можа напячы бліноў, трэба нешта простае: «Ай, гэтыя гарадскія… Баюся іх, а калі не панравіцца?» Але пагадзілася, паабяцалі дзесяць рублёў.

Напякла бабуля бліноў, прыйшлі госці іх забіраць, і працягваюць грошы. Бабулька не бярэ. У выніку купюру схавалі пад сурвэткай. Праз паўгадзіны прыходзіць бабуля — аддае грошы і яшчэ літр малака дае ў прыдачу. І як тут рабіць бізнэс? — смяецца Валерый.

«Надзець спадніцу — трэнінг па працы з пафігізмам»

Пакуль Валерый ходзіць у кілце, на кручку ў пакоі вісіць ярка-чырвонае паліто з мехам. Гэтую «саўкова-цыганскую» рэч ён узяў у маці, трохі перарабіў і ў такім уборы быў на фестывалі «Burning Man» у пустыні Невада.

— Па вёсцы так гуляеце? Хочацца ўбачыць твары людзей у гэты момант.

— Часам хаджу, усе ўжо ведаюць, што Валера — дзіўны чувак.

Летась, калі яшчэ не было абмежаванняў, з хлопцамі сплаўляліся на плытах па Нёмане. Спыніліся дзесьці на начлег, вырашылі паехаць на мясцовую дыскатэку. У выніку пяць кіламетраў ішлі па лесе, потым выклікалі таксі і даехалі да пасёлка Юрацішкі. Прыязджаем у кілтах, басанож. Было, вядома, весела. Калі мясцовыя бачаць такі моцны кантраст, заміраюць і пачынаюць пытацца: «Хто вы? А можна мая жонка з вамі сфатаграфуецца?» Калі пачынаў хадзіць у шатландскай спадніцы, гэта было незвычайна, асабліва ў момант факусавання на бізнэсе, стэрэатыпах. Такі своеасаблівы трэнінг: працуеш з пафігізмам адносна шор і грамадскай думкі.

Звоніць тэлефон, і Валерый з мясцовым Сярогай абмяркоўваюць вясковыя клопаты — пакос травы. У яго з інвестарам дамоўленасць: размаўляць на беларускай мове.

Інвестар на «хіміі»

Калі ў 2021 годзе суд асудзіў Астрынскага да 2,5 года «хатняй хіміі», ён мог выбраць месца, дзе будзе адбываць пакаранне. Напрыклад, ва ўласным пентхаусе плошчай у 200 метраў у Мінску або ў іншай лакацыі. Бізнэс-анёл абраў хутар.

— Як жыць у Мінску — зразумела, а тут — новы досвед, свайго роду прыгода. Я павінен быць дома з 21:00 да 6:00 раніцы. Кожны панядзелак езджу адзначацца ў міліцыю ў Іўе, заадно заходжу ў будаўнічыя крамы, па прадукты.

Больш за 50 рублёў на ежу не трачу. Навучыўся гатаваць у печы і цяпер эксперыментую з усялякімі таннымі субпрадуктамі: сэрцайкамі, капытамі, вушамі. Ёсць супавыя наборы за два рублі, запіхваю ў чыгунок з пярлоўкай або квашанай капустай. На наступны дзень ежа ёсць і ў мяне, і ў сабакі.

Раз на тыдзень мяне прыязджае правяраць міліцыя, гэта можа быць любы дзень і час. Вельмі былі здзіўленыя, калі з'явіліся на Новы год у дзве гадзіны ночы, а мы з сям'ёй сядзелі і гулялі ў настольную гульню.

Пакуль Валерый адбывае пакаранне на хутары, сям'я жыве ў Мінску і кожныя выхадныя прыязджае ў Барова.

— Што дае жыццё на хутары, чаго не можа даць Мінск?

— Калі сюды ехаў, думаў, буду чытаць кнігі, вывучаць будызм, пастаянна займацца ёгай. Але тут памяняліся каштоўнасці і прыярытэты. Да будызму пакуль не дабраўся, на працягу дня столькі заняткаў! Вось запланую зарадку, а да вечара думаю: столькі сякерай намахаўся за дзень, магу і без зарадкі. На кнігі вечарам застаецца гадзіна, чытаю Караткевіча, Акуніна, Быкава.

Пакуль не адчуў важнасці ёгі, выйшаў вечарам, паслухаў жаб, раніцай — птушак. Узімку ў вёсцы працы крыху менш і яе можна па-сапраўднаму адчуць: за акном бушуе непагадзь, а дома печ топіцца. Душэўна так. Самае любімае месца на хутары — тэраса, якую мы зрабілі. Яна з відам на захад. А яшчэ лазня.

— А якія моманты западаюць больш за ўсё? 

— Ранішнія прабежкі. Бяжыш уздоўж Нёмана (месцы тут прыгожыя, такая зона цішыні) і пачынаеш нешта прыдумляць.

Дом у вёсцы можа прыносіць 700 даляраў у месяц

Як адзначае Валерый, ён уваходзіў у топ-200 самых багатых людзей, але гэта ўжо ў мінулым. Па рашэнні суда яму забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю пяць гадоў. 

— Цяпер жыву на ашчаджэнні, працую ў грамадскім аб'яднанні, гэта ганаровая і адносна неаплатная праца. Аддалена суправаджаю Angels Band.

Дарэчы, знаходзячыся ў вёсцы, разумею, як можна зрабіць бізнэс і зарабляць да трох тысяч даляраў на месяц. Тут шмат магчымасцяў для мясцовых. Напрыклад, выгадна займацца аграсядзібай, калі браць суадносіны, колькі інвеставана і колькі ты атрымліваеш. У рамонт дома мы ўкладваем каля пяці тысяч даляраў, і ўсе выхадныя ў «Букашкин дом» забраніраваны да канца жніўня. Адна ноч ‒ сто рублёў. Гэта прытым, што дом быў заняты ўсю зіму. У месяц ён можа прыносіць 700 даляраў.

— Ёсць будучыня ў беларускай вёскі?

— Думаю, што класічная вёска з бабулькамі наўрад ці будзе жыць у такім фармаце. Адбудзецца нармальны эвалюцыйны варыянт: пачнуць прыязджаць гарадскія, і гэта стане вёскай выхаднога дня. Пакуль мне падабаецца тут, што будзе праз год-два — незразумела. Цікава пажыць у іншых краінах, але з той пазіцыі, каб вярнуцца ў Беларусь.

Тры сцэнарыі для ІТ

У Валерыя Астрынскага няма плану, чым зоймецца пасля «хіміі». Што будзе з ІТ у Беларусі, таксама незразумела.

— У вас ёсць прагнозы, як будзе выглядаць ІТ пасля заканчэння вашай «хатняй хіміі»?

— Ёсць тры сцэнарыі. Песімістычны: мы станем як Прыднястроўе. З людзей амаль нікога не застанецца, а тыя, хто тут, займаюцца маленькімі лакальнымі праектамі, афіляванымі з Расіяй ці накіраванымі на яе.

Рэалістычны — гэта бліжэй да таго, што цяпер адбываецца. Застанецца частка маленькіх нябрэндавых кампаній.

Аптымістычны: вернецца вера ў прадпрымальнікаў і крэатыўны кластар, пачнуцца змены. Тады ўсё будзе крута не толькі ў ІТ. Нейкая частка людзей вернецца ў краіну, не ўсе за гэты час асімілююцца за мяжой.

Вядома, вялікія кампаніі так хутка не вернуцца ў краіну, напрыклад, Wargaming. Магчыма, павінна прайсці і пяць гадоў для гэтага. Трэба, каб не толькі з'явіўся аптымізм, але было разуменне: не можа ўжо быць нейкага развароту. І пры аптымістычным сцэнарыі гэта ўжо не ІТ узору 2019 года. Хтосьці вернецца, узнікнуць новыя кампаніі. І нават пры такім сцэнарыі сумняваюся, што праз два гады Google адкрые офіс у Беларусі.

Асабіста я больш за ўсё схіляюся да рэалістычнага.

На тых, хто з’язжае з краіны, гляджу па-філасофску. Калі ў 2019 годзе на мяне завялі справу, пакуль адсядзеў некалькі дзён, пяць чалавек вырашылі з'ехаць. Яны ўбачылі кейс, блізкі да сябе. А гэта былі людзі з капіталам каля ста мільёнаў даляраў. Цяпер ужо лавінападобны працэс, у якім ты нічога не можаш змяніць. Застаецца сядзець на беразе і назіраць за гэтым.

Але я ўсюды імкнуся ўбачыць пазітыў. Хтосьці не з'ехаў. Хтосьці раней не змог бы павезці свой прадукт за межы Беларусі. Цяпер у яго з'явіўся шанец зрабіць нешта вялікае і глабальнае.

Плюс сфармаваліся дыяспары, як мне здаецца, і патрыятычны парыў людзей важны. Беларусы могуць набрацца досведу, калі сітуацыя зменіцца, яны вернуцца дадому. А тыя, хто застанецца за мяжой, будуць мець жаданне ўдзельнічаць у беларускіх праектах.

Беларусы ламануліся перавучвацца ў ІТ, але рэальнасць жорсткая — нашых джуніяраў нідзе не чакаюць

Што адбывалася ў СІЗА з удавой Андрэя Зельцэра? Расказвае сукамерніца. «Маша паўтарала: як ён мог мяне пакінуць?»

У Беларусі забаронены продаж рамана Оруэла «1984»

Клас
29
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2